Новости Молодечно и Молодечненского района

Ёсць у Маркаве вуліца 17 Верасня

  • 2021-09-20 08:02:24

Здаўна яе называлі «Чорны шлях». І гэта сімвалічна: жыццё вяскоўцаў пад прыгнётам было цяжкае, нібыта афарбаванае ў чорныя колеры... На поўныя грудзі яны ўздыхнулі толькі пасля 17 верасня 1939 года.

Карэнная жыхарка Маркава Галіна Сарачынская прыгадвае, як усёй вёскай сустракалі Чырвоную армію:

— Вясковыя мужчыны зрабілі з дошак вялікую браму і паставілі яе на цэнтральным скрыжаванні вуліц. Зверху замацавалі партрэт Сталіна, павесілі плакаты з надпісам «Да здравствует единая Беларусь!» і «Слава Красной Армии!». З бакоў браму ўпрыгожылі лапкамі елкі і кветкамі. Дзяўчаты завязалі чырвоныя хусткі. Ля брамы прайшоў вялікі мітынг, людзі плакалі ад шчасця.

У 1940 годзе ў Маркаве арганізавалі першы калгас, старшынёй якога абралі Якава Стрыгу. Сярод арганізатараў быў і Павел Міцько, чырвонаармеец, удзельнік Грамадзянскай вайны, які ў верасні 1939-га быў абраны дэпутатам сельскага Савета. Першым старшынёй сельсавета стала Лізавета Дварэцкая. Дарэчы, менавіта на вуліцы 17 Верасня размешчаны Маркаўскі сельскі выканаўчы камітэт, які шмат гадоў узначальвае Іван Мацэвіч. На будынку сельвыканкама – мемарыяльная дошка з тэкстам пісьма маркаўчан аб падтрымцы савецкай улады, якое яны ў 1919 годзе адправілі ў Маскву Уладзіміру Леніну.

Школа адзначыла юбілей

На ускрайку вуліцы знаходзіцца сярэдняя школа, 60-годдзе якой настаўнікі і вучні адзначылі сёлета 1 верасня. За гэты час са сцен школы выйшлі больш за тысячу вучняў 53 выпускаў. Сярод самых вядомых выпускнікоў кандыдаты гістарычных навук браты Веньямін і Генадзій Космачы, доктар тэхнічных навук, прафесар, вучоны ў галіне гідратэхнікі Васілій Рагуновіч, доктар медыцынскіх навук, прафесар, былы рэктар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Гарэлік, паэт, журналіст, перакладчык Таццяна Сапач, былы старшыня калгаса «Шлях Леніна», былы старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аркадзій Луновіч, былы дырэктар саўгаса імя Гастэлы Яўгеній Баўтрош.

Першай настаўніцай пасля вайны ў школе працавала Анастасія Міцько, якую аўтар гэтых радкоў ведаў асабіста. І цяпер маленькі драўляны дом Анастасіі Міхайлаўны стаіць на вуліцы 17 Верасня.

Вучні ўдзячныя педагогам, якія ў розныя гады працавалі ў школе. Гэта былы дырэктар Канстанцін Дорах, заслужаная настаўніца БССР Вера Дорах, Людміла Мядзвецкая, Галіна Стрыга, Ірына Семашкевіч, Віктар Баравец, Леанід Скачынскі, Ніна Лазовік, Валянціна Шульжыцкая, Раіса Рудая, Ганна Корсак, Алена Матвеенка, Алена Кісель, Таццяна Чарняўская, Мікалай і Наталля Нагіх і многія іншыя. У школьным музеі сабрана шмат экспанатаў з гісторыі навучальнай установы.

У былой настаўніцы школы Людмілы Мядзвецкай адно з самых прыгожых падвор’яў.

Непадалёк ад школы размешчана кантора Маладзечанскага райаграсэрвіса. Ля яе ў 2015 годзе быў устаноўлены памятны знак у гонар 600-годдзя Маркава і 155-годдзя мясцовай царквы.

Акрамя таго, на гэтай вуліцы знаходзяцца аддзяленне сувязі, магазін і іншыя аб’екты. Вуліцу перасякае рака Гадзея, якая ўпадае ў мясцовае возера.

«Маркаўчанка» — візітная картка нашага краю

У Доме культуры, які таксама размешчаны на вуліцы 17 Верасня, створаны музей народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Маркаўчанка». Шмат гадоў збірала для яго экспанаты стваральніца ансамбля, яго кіраўнік на працягу многіх дзесяцігоддзяў Вера Дорах.

Удзельніцы калектыву адрадзілі шмат мясцовых абрадаў, самы знакаміты сярод якіх «Лука». «Маркаўчанка» выступала на самых прэстыжных сцэнах, ездзіла на гастролі. І цяпер калектыў часта выступае на мясцовых, раённых святах.

Пазнаёмімся з жыхарамі

На вуліцы 17 Верасня налічваецца 48 падвор’яў, 115 жыхароў.

Сярод іх дзве доўгажыхаркі: Зоя Сіняўская, якая 9 жніўня адзначыла сваё 90-годдзе, і 89-гадовая Ірына Семашкевіч.

Адметна, што на гэтай вуліцы жыў механізатар мясцовай гаспадаркі Міхаіл Стрыга, кавалер ордэнаў Працоўнай Славы другой і трэцяй ступеняў.

У розныя часы тут жылі былы старшыня калгаса «Чырвоны прамень», а затым «Гарадзілава» Часлаў Астрэйка, былы старшыня Маркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Гарадовіч, галоўны аграном мясцовага калгаса Эмілія Чачкова, галоўны ветурач Фёдар Мядзвецкі і іншыя сельскія працаўнікі.

Сярод жыхароў вуліцы і мнагадзетная сям’я Таццяны і Аляксандра Слуцкіх, у якой падрастаюць чацвёра дзяцей – Амелія, Даяна, Марат і Мірон. Аляксандр працуе на сортавыпрабавальнай станцыі, Таццяна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе малодшага сына.

Мнагадзетная сям’я Таццяны і Аляксандра Слуцкіх.

Жыве на 17 Верасня армянская сям’я Аляксандра і Венеры Сагацелян, якія прыехалі ў нашу мясцовасць 20 гадоў таму. Тут выраслі трое іх дзяцей, шасцёра ўнукаў. Усе яны лічаць Беларусь сваёй другой радзімай.

Мясцовыя жыхары памятаюць, як у 1987 годзе іх вуліцу заасфальтавалі. Прыгадваюць свята вуліцы ў 1985-м, калі многія выйгралі ў латарэю парасят. А на свяце вёскі Маркава ў 2015 годзе дружныя жыхары былі адзначаны за лепшую прэзентацыю сваёй вуліцы.

І для мяне яна родная

У 1966 годзе я прыехаў у Маркава пасля заканчэння Жыровіцкага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі. Мне тады было 18. Я працаваў загадчыкам фермы «Маркава» і некаторы час жыў на вуліцы 17 Верасня на кватэры ў Глафіры Александровіч, маці майго аднакурсніка і сябра Івана, затым у Ефрасінні Яблонскай, якая прыехала сюды з Украіны. Памятаю, як мясцовая моладзь гуляла па вуліцы да возера, да вадзянога млына, спявала песні. Сярод сяброў майго юнацтва былі Марыя Сіняўская, Людміла Сіняўская, Тамара Цярэшка, Міхаіл Сіняўскі, Іван Александровіч.

З 1978 года, калі калгасы імя Леніна і «Чырвоны прамень» аб’ядналіся, я працаваў галоўным заатэхнікам, у мяне быў кабінет у канторы калгаса. Да самай пенсіі я штодня крочыў па гэтай вуліцы, якая стала галоўнай як для мяне, так і для многіх маіх землякоў.

Мікалай КОТ, намеснік старшыні ветэранскай арганізацыі Маркаўскага сельсавета.
Фота: АЎТАР, архіў МАРКАЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.