Новости Молодечно и Молодечненского района

Энергетыкі спаборнічалі ля Гарадка

  • 2019-10-01 12:12:26
  • Алег Бяганскі

На Маладзечаншчыну прыехалі прадстаўнікі 14 самых буйных электрастанцый рэспублікі, пераможцы абласных спаборніцтваў. Сваю тэарэтычную падрыхтоўку, а таксама практычныя ўменні і навыкі паказвалі машыністы катлоў, паравых турбін і электраманцёры па абслугоўванні электраабсталявання. Цэнтральны рэгіён прадставілі спецыялісты Мінскіх ЦЭЦ-3, ЦЭЦ-4, ЦЭЦ-5 і Жодзінскай ЦЭЦ.
Найбольш відовішчнымі былі тушэнне ўмоўнага пажару і аказанне першай медыцын-
скай дапамогі. Дарэчы, правільнасць дзеянняў пры рэанімацыі ўмоўнага пацярпелага правяралася з дапамогай спецыяльнага робата-трэнажора «Гошы».

Як адзначыў начальнік упраўлення эксплуатацыі электрастанцый і цеплавых сетак дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга» Аляксей Нікіфараў, галоўная задача спецыялістаў – забяспечыць эканамічную, бяспечную і бесперабойную работу абсталявання. Важную ролю ў гэтым адыгрывае правядзенне такіх конкурсаў.

Аляксей Віктаравіч падзякаваў маладзечанцам за выдатную падрыхтоўку і высокі ўзровень правядзення спаборніцтваў.

— На палігоне МЭС вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў для розных прадпрыемстваў энергетычнага комплексу, — расказаў дырэктар Маладзечанскіх электрычных сетак Павел Гарудка. – Тут створаны ўсе ўмовы для вучобы і замацавання -
атрыманых ведаў. Абсталяванне дазваляе змадэляваць практычна ўсе сітуацыі, якія могуць узнікнуць у час змены. Важна, што на вучэбнай пляцоўцы вядзецца навуковая работа, распрацоўваюцца метады, якія дазваляюць хутка і бяспечна аднаўляць энергазабеспячэнне спажыўцоў.

Як зазначыў Павел Сяргеевіч, вучэбны палігон ля Гарадка з’яўляецца адной з лепшых профільных вучэбна-трэніровачных баз у Беларусі. А мерапрыемствы, якія тут праводзяцца, даюць штуршок развіццю энергетычнай галіны ў маштабах усёй краіны.
Перамагла ў спаборніцтвах каманда Гомельскай ЦЭЦ-2 (РУП «Гомельэнерга»). Яна атрымала ганаровы пераходны кубак. Другі вынік паказала каманда філіяла Лукомльскай ГРЭС (РУП «Віцебскэнерга»). Замкнула тройку лідараў Мінская ЦЭЦ-4 (РУП «Мінскэнерга»).

Фота: Аляксей ПЛАТКО.