Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзень Незалежнасці адзначылі ў Нясвіжы

  • 2019-07-11 11:08:00
  • Алег Бяганскі

У складзе маладзечанскай дэлегацыі былі ветэраны працы, маладзёжныя актывісты, перадавікі вытворчасці, людзі, якія плённай працай праславілі свае калектывы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Узначальваў дэлегацыю старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта. Маладзечаншчыну на свяце прадстаўлялі і парламентарыі — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч і Іван Маркевіч.

Месца, дзе праводзілася ўрачыстасць, вельмі сімвалічнае. Яно літаральна насычана беларускай гісторыяй. Нясвіжскі замак унесены ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У горадзе працавалі вядомыя беларускія асветнікі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Яны выдавалі кнігі на роднай мове. У нясвіжскай настаўніцкай семінарыі вучыўся Якуб Колас.

Дарэчы, Нясвіж быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адзін дзень са сталіцай нашай краіны — 3 ліпеня. Госці свята яшчэ раз упэўніліся, што ў незалежнай Беларусі беражліва захоўваецца гістарычная спадчына, шануюцца культура і традыцыі.

— Мы ганарымся, што Мінская вобласць унесла вялікі ўклад у разгром фашызму, — падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Ісачанка. — Яе сыны і дочкі змагаліся на ўсіх франтах, у партызанскіх злучэннях, падпольна-разведвальных групах. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, больш за 80 ураджэнцаў і жыхароў Міншчыны ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Сёння кожны з нас асабліва востра адчувае сувязь не толькі з гістарычным мінулым, але і з будучыняй.

Кульмінацыяй урачыстасці стаў канцэрт, на якім выступілі прэзідэнцкі аркестр Беларусі, майстры культуры нашай краіны. Музычны падарунак гледачам зрабілі расійскі спявак Ігар Нікалаеў і артысты з горада-пабраціма Мінскай вобласці кітайскага Чунцына. У фінале музычнага вечара ўсе ўдзельнікі свята спявалі гімн. Начное неба ўпрыгожылі агні феерверкаў.