Са святам вясёлых, энергічных, разумных, таленавітых людзей і тых, хто малады душой, павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Раіса Казановіч. Яна пажадала маладому пакаленню аптымізму, поспехаў у дасягненні намечанага, шчасця ў асабістым жыцці.
— Моладзь – найбольш актыўная частка насельніцтва, — адзначыў першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Аляксей Вараўка. – Маладыя жыхары горада і раёна актыўна раскрываюць свае таленты ў спорце, культуры, грамадскім жыцці, на вытворчасці. Для гэтага на Маладзечаншчыне створаны ўсе ўмовы.
Так, у раёне пашыраецца валанцёрскі і студатрадаўскі рух. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі», іншых важных ініцыятывах. Маладое пакаленне добра паказала сябе ў такіх сферах, як ІТ-тэхналогіі, падтрымка грамадскай бяспекі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, дапамога ветэранам, інвалідам, састарэлым, адзінокім грамадзянам і людзям, якія жывуць адны. Вялікая колькасць юнакоў звязвае свой лёс з арміяй, міліцыяй, службай выратавання. Яны любяць Радзіму і вучацца абараняць яе.
Нагадаем: да моладзі ў нашай краіне адносяць людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Сёння гэта кожны пяты жыхар рэспублікі. Своеасаблівым эпіцэнтрам маладзёжнага руху з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які аб’ядноўвае каля 500 тысяч чалавек па ўсёй краіне. Сярод іх прызёры міжнародных алімпіяд, лаўрэаты творчых фестываляў, лепшыя ў спорце, на вытворчасці, у працоўных калектывах.
На свяце Ганаровыя граматы атрымалі найбольш актыўная прадстаўнікі маладога пакалення Маладзечаншчыны, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесіі і грамадскім жыцці. Мы папрасілі некаторых з іх падзяліцца сваімі думкамі.
Яўгеній КАРАНЕЎСКІ, інжынер па ахове працы і навакольнага асяроддзя філіяла «Маладзечанскі хлебазавод» ААТ «Барысаўхлебпрам»:
— Маладым спецыялістам на вытворчасці давяраюць, ствараюць ім усе ўмовы для прафесійнага росту. І гэта правільна. Моладзь адкрытая для ўсяго новага, яна больш рашуча ўкараняе інавацыі, у тым ліку ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Пры гэтым не баіцца браць адказнасць за даручаную справу. Такім чынам, стаўка на маладыя кадры сябе апраўдвае.
Юлія ЗАХАРКЕВІЧ, педагог-арганізатар гімназіі №10:
— Педагогіка лічыцца адной з найбольш высакародных прафесій у свеце. Але і адказнасць тут вельмі вялікая. Вучу дзяцей у любой сітуацыі заставацца высакароднымі, добрымі, уважлівымі. Ды і сама многаму вучуся ў гімназістаў.
Аляксей ГРЫБ, старшы інспектар групы кадраў Маладзечанскага РАУС:
— Перавага маладых людзей у іх працавітасці і энтузіязме. У мяне, напрыклад, энергіі хапае і на службу, і на заняткі спортам, і на грамадскую работу. Калектыў у РАУС малады. Адносіны з калегамі таварыскія. Мы ва ўсім дапамагаем адзін аднаму. Галоўнае для нас – рэалізаваць сябе, дастойна служыць народу і дзяржаве. Увогуле, быць маладым – гэта выдатна!