Рэдакцыя атрымала электроннае паведамленне наступнага зместу:
«У мінулую нядзелю ў 14.30 наша сям’я прыйшла на азёры ў гарадскі парк, каб пакатацца на катамаране. Аднак зрабіць гэта не змаглі — водны атракцыён не працаваў. Між тым згодна з графікам да яго закрыцця было яшчэ шмат часу».
Сітуацыю патлумачыў выконваючы абавязкі начальніка цэха водазабеспячэння КУП «Маладзечнаводаканал» Аляксандр МАРШАЛКОВІЧ, які адказвае за водныя атракцыёны ў парку:
— Просім прабачэння ў жыхароў горада і раёна за дастаўленыя нязручнасці. Звычайна гэты атракцыён абслугоўваюць касір і два матросы-ратавальнікі. Яны і аказваюць адпаведную паслугу.
У той дзень у сувязі з неспрыяльным прагнозам надвор’я графік іх работы быў скарэкціраваны. Па прагнозах чакаўся дождж, і катанне на катамаранах не было б запатрабаванае ў адпачывальнікаў. Таму было прынята рашэнне часова спыніць работу атракцыёна.