— Пасяўная ў гаспадарцы пачалася ў аптымальныя тэрміны, — расказаў кіраўнік «Купала-Агра» Сяргей Клюеў. — Папярэднічала кампаніі адпаведная работа. Была падрыхтавана тэхніка (у тым ліку трактары і прычапныя агрэгаты), створаны запас угнаенняў і сродкаў аховы раслін. На больш чым 800 гектарах праведзена закрыццё вільгаці.
Субяседнік адзначыў, што палявыя работы вядуцца з сямі раніцы да сямі вечара. Для механізатараў, работнікаў механічных майстэрань і збожжасклада (дзе рыхтуецца збожжа для пасеву) арганізавана гарачае харчаванне. Работнікі атрымліваюць і падвячоркі. Гатовая ежа пастаўляецца на рабочыя месцы з кафэ «Радня», што ў Радашковічах. Гаспадарка кампенсуе 70 працэнтаў ад кошту харчавання.
— Віды на ўраджай сёлета добрыя, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. — Азімыя рапс і збожжавыя паспяхова перанеслі халодны перыяд. Расліны ў добрым стане. Праведзена іх падкормка. Пад раннія яравыя адведзена 360 гектараў. Умовы для веснавой сяўбы аптымальныя.
Субяседнік падкрэсліў, што асноўная стаўка ў «Купала-Агра» робіцца на азімыя пшаніцу і рапс. Летась у гаспадарцы ўпершыню пасеялі азімую свірэпіцу. Ураджай чакаюць сёлета. Вырошчваць гэту культуру эканамічна выгадна. Да таго ж яна выспявае рана (у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня). Пасля здачы ўраджаю дзяржаве таварыства атрымае немалыя грошы.
— Хлебаробы працуюць на пасяўной з поўнай аддачай. Прыклад іншым падаюць вопытныя работнікі. Сярод іх Анатолій Смільгінь. Ён добра паказаў сябе і ў час уборачнай, — расказаў Сяргей Клюеў.З механізатарам Іванам Гутарам і загадчыкам майстэрні Іванам Лянцом мы сустрэліся на мехдвары ААТ «Купала-Агра». Іван закончыў Беразінскі аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй. У гаспадарцы працуе нядаўна, цяпер рыхтуецца да прызыву на тэрміновую службу. Гэта пасяўная для яго першая. Без парад вопытнага спецыяліста тут не абысціся.
Шчыруюць на палях і работнікі ТАА «АФ Модуль». Кіраўнік гаспадаркі Раман Конанаў зазначыў, што тэхніка да пасяўной была падрыхтавана ў поўным аб’ёме. Вялікая ўвага надаецца бытавым умовам. Хлебаробы забяспечваюцца гарачым харчаваннем, 85 працэнтаў кошту якога кампенсуе гаспадарка. Тыя, хто пакажа найлепшыя вынікі, атрымае стопрацэнтную кампенсацыю.
— У структуры пасяўных плошчаў у гаспадарцы пераважаюць тэхнічныя і збожжавыя культуры, — дадаў Раман Віктаравіч. – Таксама значныя плошчы запланавана адвесці пад кармавыя (люцэрну, травы і іншыя). Гэта трэба для стварэння добрай кармавой базы для грамадскага статка.
У ТЭМУ
Як адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Васілій Сысоеў, сёлета вобласць плануе атрымаць намалот у два мільёны тон. На гэты аб’ём аграрыі Міншчыны павінны выйсці пры любым раскладзе. Агульная плошча пасеваў у цэнтральным рэгіёне складзе амаль мільён гектараў, з іх 290 тысяч зойме кукуруза, каля 100 тысяч адводзіцца пад рапс. Запланаваны ўраджай гэтай алейнай культуры — 200 тысяч тон.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і Аляксей ПЛАТКО.