Новости Молодечно и Молодечненского района

І для будучых экспертаў, і для прыхільнікаў дэтэктываў

  • 2018-05-15 09:22:02
  • Лилия Липницкая

Ва ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі бралі ўдзел намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — Галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт Рэспублікі Беларусь Юрый Аўсіюк, начальнік упраўлення ДКСЭ па Мінскай вобласці палкоўнік юстыцыі Мікалай Платніцкі, а таксама прадстаўнікі міжраённых аддзелаў Мінскай вобласці.

Гэты пакой гісторыі можна назваць унікальным: падобны музей ёсць толькі ў Гомелі.

Ідэя стварэння экспазіцыі належыць начальніку Маладзечанскага міжраённага аддзела ДКСЭ Юрыю Будо. Вызначальным  момантам у выбары прафесіі для яго калісьці стаў прыклад бацькі Георгія Ігнацьевіча, які неўзабаве пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта ўзначаліў міжраённую экспертную службу ў Маладзечне і без малога сорак гадоў быў яе кіраўніком.

— З дзяцінства я назіраў, як аддана, адказна ставіцца да работы бацька, якая гэта найцяжэйшая праца — і ў рабочыя дні, і ў выхадныя. Бацька прывіў мне цікавасць і любоў да прафесіі. Гэты маленькі музей — даніна павагі яму і яго калегам, — расказвае эксперт.

У музейным пакоі можна даведацца пра людзей, якія лічацца родапачынальнікамі крыміналістыкі на мяжы XIX і XX стагоддзяў, а таксама пра тых, хто стаяў ля вытокаў фарміравання сусветнай і беларускай судовай медыцыны і крыміналістыкі. Падзеі 20-гадовай даўніны ўваскрашае куток памяці супрацоўніка Маладзечанскага РАУС эксперта-крыміналіста Івана Карэцкага, які загінуў у вёсцы Турэц-Баяры пры выкананні службовых абавязкаў. Наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з інсталяцыямі, прысвечанымі гібелі Юрыя Гагарына, Пятра Машэрава, Сяргея Ясеніна, пачуюць цікавыя факты аб гэтых трагедыях. Бо ва ўсе часы эксперты-крыміналісты прыязджалі на месца здарэння ці злачынства ў ліку першых, іх праца ў пэўным сэнсе закрытая і шмат у чым вызначае ход следства.

Асноўную частку сямейных рэліквій – прадметаў і фо таздымкаў савецкага перыяду — перадалі для музея ветэраны службы і члены іх сем’яў з усёй Міншчыны. Тут ёсць калекцыя фотаапаратаў, мікраскопаў, экспертныя за-ключэнні, дакументы, звязаныя са станаўленнем судова-медыцынскай службы, асабістыя рэчы, узоры агнястрэльнай і халоднай зброі, калекцыя бое-прыпасаў. Экспазіцыя «Кабінет медыцынскага эксперта» стварае атмасферу 60-х гадоў. За шклом можна ўбачыць спецыяльныя інструменты, а на паліцы ў шафе – макрапрэпараты: сэрца, косці чэрапа з агняс-трэльным пашкоджаннем, фрагменты шкілета чалавека. Мала хто робіць фотаздымкі экспертаў за работай, у тым ліку на месцах здарэнняў, таму гэтыя фатаграфіі маюць асаблівую каштоўнасць.

— Пакой гісторыі судова-экспертнай дзейнасці створаны ў першую чаргу каб захаваць для будучых пакаленняў рарытэтныя і рэдкія прадметы, імёны. Без мінулага няма будучыні. Надзвычай важна працягваць пераемнасць пакаленняў і захоўваць асаблівую карпаратыўную культуру і этыку, якія склаліся ў экспертнай службе. Любая прафе-сійная дзейнасць павінна мець куток гісторыі, і наша служба ў тым ліку, — адзначыў Юрый Будо.

У музеі адчуваецца, што на яго стварэнне не толькі выдаткаваныя час і матэрыяльныя сродкі, але і ўкладзены душа, эстэтычны густ. Пакой будзе адкрыты для наведвання арганізаванымі групамі, ён зацікавіць не толькі аматараў гісторыі і дэтэктываў, але і стане для кагосьці вырашальным момантам у адкрыцці гэтай цікавай і шматграннай прафесіі. Сюды на ўрачыстыя цырымоніі будуць запрашаць маладых спецыялістаў судовай экспертызы. Стваральнікі абяцалі, што экспазіцыя будзе папаўняцца.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.