Напярэдадні Дня жанчын нашы зямлячкі, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей, атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн Маці.
Эканаміст-менеджар з Каледзіно Вольга Халецкая, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, і мама шасцярых дзяцей урач стаматолаг-хірург Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыя Пятроўская з Пазнякоў былі запрошаны 6 сакавіка на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ў Палац Незалежнасці. Ордэн
Маці ўручыў ім Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў словы падзякі жанчынам, якія выбралі для сябе цяжкую, але вельмі патрэбную для краіны місію – быць мамай, даваць жыццё новым пакаленням, дарыць надзею на паспяховую будучыню нашай краіны.
— Гэта быў адзін з самых урачыстых і хвалюючых момантаў у маім жыцці! – падзялілася ўражаннямі пасля цырымоніі Вольга Халецкая.
Вікторыя Пятроўская і Вольга Халецкая былі запрошаны на ўрачыстасць у Палац Незалежнасці.
Муж Яўгеній, дзеці, сваякі і сябры віншавалі яе з такой адметнай падзеяй. Усю душу ўкладвае Вольга ў выхаванне сваіх сыноў і дачушкі. Старэйшыя займаюцца ў гімназіі-каледжы мастацтваў: Эвяліна захапляецца ігрой на фартэпіяна, харэаграфіяй, конным спортам, Святаслаў іграе на гітары. Малодшыя Елісей і Данііл ходзяць у дзіцячы сад, Архіп пакуль яшчэ дома з мамай.
У гэты ж дзень 6 сакавіка сямі нашым зямлячкам уручыў ордэн Маці старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын. На цырымонію ўзнагароджання ў Нацыянальную бібліятэку было запрошана 38 мнагадзетных мам з усёй вобласці. Дэлегацыя нашага раёна была адной з самых прадстаўнічых. Алена Лямбовіч з вёскі Мароські – клапатлівая мама шасцярых дзяцей, Людміла Ганчар з аграгарадка Аляхновічы, маладзечанкі Анастасія Громава, Таццяна Карпіцкая, Рада Рогава, Зарына Шыцік, Таццяна Шульская выхоўваюць па пяцёра сыноў і дачок. У іх сем’ях пануюць лад і згода, дзеці растуць разумнымі, добра вучацца ў школе, бацькі развіваюць іх здольнасці.
У час сустрэчы мнагадзетныя мамы маглі задаць кіраўніку вобласці пытанні, падзяліцца праблемамі, якія іх непакояць.
Вельмі прыемна, што сёлета жаночае свята стала для нашых зямлячак такім адметным, што яны пачулі столькі добрых слоў віншаванняў і ў чарговы раз пераканаліся, што іх мацярынская місія высока цэніцца нашай дзяржавай.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў РТЦСАН.