Новости Молодечно и Молодечненского района

Дэпутат Людміла Канановіч працавала ў акрузе

  • 2019-07-12 09:46:47
  • Ірына Рабушка

Выслухаць чалавека і дапамагчы

Як заўсёды, на асабісты прыём жыхары звярталіся пераважна з жыллёва-камунальнымі пытаннямі. Адна з гараджанак прасіла дапамогі ў рамонце печы ў доме барачнага тыпу па вуліцы Капуцкага. Яшчэ адна маладзечанка скардзілася на непрыемны пах у кватэры з-за нездавальняючага стану каналізацыі ў падвальным памяшканні ў доме па вуліцы Драздовіча. Таксама парламентарый разглядала складаную жыллёвую праблему, якая ўзнікла ў дзяўчыны з нашага горада. Для вырашэння ўсіх пытанняў былі далучаны спецыялісты той ці іншай сферы.

Спартыўныя арыенціры
У рамках работы ў выбарчай акрузе канструктыўнай атрымалася сустрэча з начальнікам аддзела спорту і турызму райвыканкама Мікалаем Шрымфам. Шэсць гадоў таму адбылося аб’яднанне аддзела адукацыі з аддзелам спорту, турызму і фізічнай культуры, але жаданых вынікаў гэта не прынесла. Таму было вырашана вярнуцца да ранейшай сістэмы. Абмяркоўвалася далейшая работа адноўленай структуры.
Дэпутат наведала дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы №3 і №4, азнаёмілася з умовамі для заняткаў, пагутарыла з кіраўніцтвам і трэнерамі.

Людміла Мікалаеўна пабывала таксама на гарадскім стадыёне, дзе добраўпарадкуецца пляцоўка па міні-футболе. У гутарцы з паралімпійцам Ігарам Фартунавым закранула пытанне падрыхтоўкі новага пакалення чэмпіёнаў.

Добры настрой спрыяе выздараўленню
Людміла Канановіч таксама знайшла час для наведвання дзіцячай бальніцы і такім чынам прадоўжыла акцыю «Перадай дабро па крузе», якую ініцыявала некалькі гадоў таму. Яна сустрэлася з кіраўніцтвам і персаналам установы, адказала на пытанні, што тычацца работы парламента і заканадаўчай дзейнасці (на фота). Асаблівую ўвагу дэпутат звярнула на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, умовы работы медыкаў, магчымасці лячэння.

Да парламентарыя далучыліся і прадстаўнікі маладзёжнага парламента цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Яны падрыхтавалі гульнявую праграму для юных пацыентаў, прэзентавалі карціны, зробленыя гурткоўцамі «Маладзіка». Вядома ж, добры настрой і мастацтва паспрыяюць выздараўленню дзяцей.

Фота: архіў Людмілы КАНАНОВІЧ.