— За больш чым 30 гадоў супрацоўніцтва адбылося мноства значных падзей. Мы вельмі даражым дружбай, праверанай часам. І яна працягвае мацнець, — заўважыў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Мікалаевіч, звярнуўшыся да гасцей з Германіі.
На сустрэчы ў райвыканкаме, якая адбылася з удзелам кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы, псіханеўралагічнага дыспансера, былі намечаны далейшыя планы супрацоўніцтва. І яны тычацца не толькі гуманітарнага праекта, у рамках якога прыехалі візіцёры з Германіі. Акрамя аказання медыцынскай і сацыяльнай дапамогі людзям, якія перажылі сямейнае насілле, маладзечанцаў і нямецкіх сяброў цікавяць іншыя аспекты стасункаў і іх развіццё.
Напрыклад, прадстаўнікі горада-пабраціма мяркуюць пераняць вопыт асветніцкай работы з дзецьмі па лініі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Нямецкія сябры плануюць развіваць супрацоўніцтва ў рэлігійным кірунку і нават ад-значаюць, што сярод усіх гарадоў-пабрацімаў Эслінгена-на Некары толькі з Маладзечнам дасягнуты пэўныя дамоўленасці на гэты конт. А сумесны праект па праблемах сямейнага насілля ўвогуле адзіны ў Германіі.
Юрый Горлаў падкрэсліў, што Маладзечна адкрыта для дыялогу ў сферах адукацыі, культуры, прамысловасці, IT-тэхналогій, зрэшты, абсалютна ў любой галіне. Сярод перспектыўнай задачы, якая таксама зацікавіла гасцей, ён назваў стварэнне цэнтра бяспекі МНС у нашым горадзе накшталт Барысаўскага рэгіянальнага інавацыйна-адукацыйнага цэнтра бяспекі Мінскай вобласці. Старшыня райвыканкама адзначыў і плённыя стасункі гімназіі №10 з Эслінгенам-на-Некары, якія, спадзяецца, пашырацца.
Журналісты «МГ» пацікавіліся работай нямецкіх СМІ. У раёне няма падобнага вопыту ўзаемадзеяння. А такое су-працоўніцтва, між іншым, карыснае для прафесійнага росту, з чым згодныя і госці з Эслінгена-на-Некары. Дарэчы, у жыхароў гэтага горада ў фаворы газеты рознага ўзроўню, прадстаўнікі кожнай з іх знаходзяць сваю інфармацыйную нішу.
Спыталіся мы ў нямецкіх сяброў і аб тым, што найбольш іх уразіла ў нашым горадзе. Кіраўнік аддзела роўных шансаў упраўлення Эслінгена-на-Некары Барбара Штраўб у захапленні ад прыгожай архітэктуры, а яе калега – кіраўнік аддзела партнёрскіх сувязей Катрын Ратке — нават пазайздросціла нашым прасторным вуліцам і зручным пад’ездам для аўтамабіляў. У адзін голас замежныя візіцёры адзначылі гасціннасць маладзечанцаў. А сярод аб’ектаў, якія ў перспектыве госці хацелі б наведаць, гэта музычны каледж імя М.К. Агінскага. Пабываць у ім параіў старшыня райвыканкама, які і сам уражаны гісторыяй і магчымасцямі навучальнай установы.
Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.