— Перад пачаткам палявога сезона адной з галоўных задач райаграсэрвіса была падрыхтоўка пасяўных агрэгатаў да выхаду на палеткі, — адзначыў Тадэвуш Мечыслававіч. – Спецыялісты выканалі работу якасна. Уся тэхніка, якую рамантавалі на прадпрыемстве, паспяхова справілася і з вясенняй, і з асенняй сяўбой. Асаблівая падзяка за гэта калектыву рамонтнай майстэрні. Людзі разумелі сваю адказнасць, таму з пастаўленымі задачамі справіліся выдатна.
Добра паказалі сябе і мабільныя брыгады па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Яны аператыўна ліквідавалі непаладкі ў сістэмах электронікі, гідраўлікі і гэтак далей. Пры неабходнасці зварачныя работы праводзіліся прама ў полі. Дзякуючы такім падраздзяленням прастоі сельскагаспадарчых агрэгатаў былі зведзены да мінімуму. На прадпрыемстве таксама створана брыгада, якая займаецца рэканструкцыяй і будаўніцтвам аб’ектаў жывёлагадоўлі.
Цяпер у райаграсэрвісе рэалізуюцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы да палявога сезона наступнага года. Перш за ўсё ставіцца задача стварыць абменны фонд рухавікоў для сельгастэхнікі. Прычым да вясны ў фондзе трэба мець мінімум два-тры рухавікі кожнай мадыфікацыі. Гэта дазволіць аператыўна замяніць агрэгат, што выйшаў са строю. Практыка стварэння абменнага фонду рухавікоў існавала на прадпрыемстве і раней. Яна выдатна сябе апраўдала.
— У Маладзечанскі райаграсэрвіс пачала паступаць для капітальнага рамонту тэхніка, якая будзе задзейнічана на палявых работах у наступным годзе, — зазначыў Тадэвуш Зарэцкі. – Такім чынам, цяпер асноўная нагрузка кладзецца на спецыялістаў рамонтнай майстэрні. Трэба адзначыць, што ім па сілах выканаць работу любой складанасці.
Намеснік дырэктара таварыства Мікалай Каткавец дадаў, што рамонтная майстэрня райаграсэрвіса можа абслугоўваць увесь спектр сельскагаспадарчай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў раёне. Тут прыводзяць у парадак і тэхніку, што прымяняецца ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Заказы паступаюць, у тым ліку, з Маладзечанскага, Мядзельскага, Вілейскага, Валожынскага раёнаў.
Рынак абслугоўвання заказчыкаў пастаянна пашыраецца. Так, прадпрыемства асвоіла рамонт тэхнікі лінейкі «Амкадор». Адна з асноўных задач на зімовы перыяд – падрыхтоўка да выхаду ў поле збожжаўборачных камбайнаў. Неабходна загадзя залажыць асновы ўраджаю 2021 года.
— У рамонтнай майстэрні працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, — паведаміў Мікалай Каткавец. – Яны прымяняюць спецыяльныя стэнды, датчыкі, іншае сучаснае абсталяванне. Вялікая ўвага надаецца ўдасканаленню дыягностыкі тэхнікі. У выніку рамонт сістэм і вузлоў ажыццяўляецца з высокай якасцю.