— У Маладзечне ёсць сур’ёзная горадабудаўнічая праблема: тут практычна няма свабодных тэрыторый, — патлумачыў сітуацыю галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Мікалаенка. — Асноўны забудоўшчык райцэнтра, мясцовае УКБ, зможа працаваць з нармальнай загрузкай максімум паўтара года. Далей магчымасці будаваць няма. Для таго каб загрузіць прадпрыемства праз паўтара года, трэба ўжо сёння пачынаць праектаванне новых аб’ектаў.
Спецыялісты прааналізавалі сітуацыю і знайшлі для ўшчыльнення 13 пляцовак. Іншых рэзерваў няма. Цяпер рыначная вартасць квадратнага метра на другасным рынку жылля ў Маладзечне практычна зраўнавалася з коштам метра ў новабудоўлях. Прычым будаўнікі працуюць толькі з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю. І гэта без зносу, на чыстых пляцоўках. Распрацаваны дэталёвы план цэнтра горада, які прадугледжвае знос прыватнага сектара. А там у кожным доме прапісана па 19-20 чалавек. Ва ўмовах рыначнай эканомікі будаўнікі туды сунуцца проста не змогуць. Таму развіццё горада магчымае толькі па двух варыянтах: або за кошт ушчыльнення, або за кошт сельгасугоддзяў. Мы рыхтуем дакументы і будзем прасіць Прэзідэнта дазволіць Маладзечну атрымаць дадатковыя землі для будаўніцтва.
Але нават асаблівыя абставіны, што склаліся ў райцэнтры, не змякчылі дыскусію па спрэчных момантах архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі групы шматкватэрных дамоў. Так, сёння людзі гатовыя ахвяраваць камфортам дзеля ўласнай кватэры. А што будзе заўтра? Дзецям давядзецца хадзіць у школу ў суседні мікрараён, пераходзіць ажыўленую аўтамагістраль. Да таго ж побач чыгуначныя пуці. Пачнуцца скаргі і патрабаванні пабудаваць падземны пераход або знайсці іншы бяспечны варыянт. Так, можна ўзвесці непадалёку школу-сад, але... Час, грошы і, зноў жа, свабодная зямля.
Дык ці патрэбная Маладзечну першая і па праекце пакуль адзіная 16-павярхоўка? «МНС супраць», — выказалі меркаванне на савеце прадстаўнікі гэтага ведамства. У горадзе проста няма спецыяльнай тэхнікі з такой доўгай лесвіцай на выпадак эвакуацыі жыхароў пры пажары. Супраць і некаторыя архітэктары, якія не ўбачылі ў патэнцыяльнай новабудоўлі эстэтычнай каштоўнасці.
— Калі гаварыць аб шматпавярховых дамах, то гэта павінна быць унікальная архітэктура. Гістарычна такімі будынкамі былі касцёлы, цэрквы, храмы: яны мелі права выходзіць на ключавыя кропкі горада і фарміраваць яго сілуэт, — лічыць заслужаны архітэктар Беларусі Ларыса Смірнова. — Сёння ў нашых гарадах і мікрараёнах мы проста падкрэсліваем значнасць аб’ектаў маштабам. Шаснаццаць паверхаў — што гэта за дом? Ён не выконвае функцыю акцэнту ні архітэктурнага, ні эмацыянальнага. Гэта звычайны гмах, які займае ключавую кропку. Так рабіць нельга. Што тычыцца Маладзечна, тут трэба разумець, што размова ідзе аб сацыяльным жыллі, якое будуецца для «чаргавікоў». Гэта правільна.
Таксама правільна, што горад ушчыльняецца, выкарыстоўваюцца свабодныя тэрыторыі. Але трэба прапісваць жорсткае патрабаванне, якім будзе дадзены дом, ці будзе ён унікальным архітэктурным сучасным творам. Калі мы пачнём фарміраваць кампазіцыю горада 16-павярховымі «панэлькамі» і папросім пад гэта спецтэхніку — яно таго не вартае.
Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.