Новости Молодечно и Молодечненского района

Больше всего вакансий молодечненцам предлагают строительные организации

  • 2019-07-19 09:18:55
  • Ірына Рабушка

— Як паказвае практыка, найбольшую колькасць вакансій прапануюць менавіта прадпрыемствы будаўнічага комплексу, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Мучынская. – Патрабуюцца спецыялісты рабочых прафесій і інжынерна-тэхнічныя работнікі. Работадаўцы зацікаўленыя ў маладзечанцах: горад размешчаны на скрыжаванні транспартных камунікацый, таму персанал зручна дастаўляць на розныя аб’екты.

Важнае значэнне мае ўзровень кваліфікацыі прэтэндэнтаў на вакансіі. Маладзечанскія каледжы рыхтуюць розных спецыялістаў. Акрамя таго, цэнтр занятасці арганізуе для зарэгістраваных беспрацоўных бясплатныя курсы перападрыхтоўкі па найбольш запатрабаваных на рынку працы прафесіях (маляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік і інш.). У людзей з’яўляецца дадатковая магчымасць знайсці сваё месца ў жыцці.

Таццяна Мучынская нагадала, што сёлета ў першым паўгоддзі ў службу занятасці па пытанні садзейнічання ў працаўладкаванні звярнуліся 1454 чалавекі. На зноў створаныя і вакантныя месцы працаўладкавана 1058 прэтэндэнтаў. Фінансавая падтрымка для адкрыцця сваёй справы аказана дзевяцярым беспрацоўным. Яшчэ 58 чалавек павысілі сваю кваліфікацыю або атрымалі новую спецыяльнасць.

— За студзень-чэрвень 271 жыхар горада і раёна прыняў удзел у аплачваемых грамадскiх работах, 270 юнакоў і дзяўчат сталі сумяшчаць вучобу і работу. Дзякуючы ўсім прымаемым мерам сітуацыя з беспрацоўем на Маладзечаншчыне паляпшаецца, — падкрэсліла субяседніца.

Па стане на 1 ліпеня на ўліку ў службе занятасці былі 129 беспрацоўных. Пры гэтым наймальнікамі заяўлена 1095 вакансій, у тым ліку 707 – па рабочых спецыяльнасцях. Такім чынам, каэфіцыент напружанасці (колькасць беспрацоўных на вакансію) у раёне склаў 0,12.