Новости Молодечно и Молодечненского района

Адданыя роднай зямлі

  • 2021-08-23 06:24:56
  • Алег Бяганскі

Лік і геаграфія мест працы «тысячнікаў» на Маладзечаншчыне пастаянна пашыраюцца.

«…Такім калектывам можна ганарыцца»

Традыцыйна добрыя вынікі на жніве паказвае ААТ «Гарадзілава». Вось і на гэты раз тры камбайнавых экіпажа першымі ў раёне пераадолелі двухтысячны рубеж у намалоце збожжавых і зернебабовых.

Віншаванні з працоўнай перамогай на гэтым тыднi прымалі Сяргей Боган, Андрэй Юрэвіч, Юрый Арловіч, Андрэй Канапелька, Аляксандр Стэфановіч і Яўген Гнілазуб. Падзячныя пісьмы Маладзечанскага райвыканкама і каштоўныя падарункі ўручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс. Адзначыла перадавікоў і кiраўнiцтва гаспадаркi.

Сяргей Боган і Андрэй Юрэвіч – адзін з камбайнавых экіпажаў, якія першымі ў раёне намалацiлi дзве тысячы тонн збожжа.

- Галоўныя складнікі паспяховай уборачнай — тэхніка, тэхналогія і людзі, - сказаў дырэктар «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч. – Аднак галоўнае з вышэйпералічанага – людзі. Калі чалавек любіць сваю справу, адданы роднай зямлі, ён і на працу прыходзіць з добрым настроем, і тэхніку падрыхтуе выдатна, і тэхналогію будзе выконваць бездакорна. У гаспадарцы створаны менавіта такі калектыў. Нашымі работнікамі можна ганарыцца.

Калегі, сваякі, сябры

Работнікі СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Павел Базыка і яго стрыечны брат Віталій працуюць на жніве ў складзе аднаго камбайнавага экіпажа. Сёлета яны першымі ў гаспадарцы намалацілі тысячу тон збожжа.

- Жнiво гэтага года нiчым не адрозніваецца ад папярэдніх, - гаворыць Павел Рышардавіч. - Такая ж праца ад цямна да цямна, такая ж адказнасць. Працуем мы на «Палессі». Штодзённы намалот залежыць ад ураджайнасці на палях. Прыемна, што падчас змены дастаўляецца смачная гарачая ежа.

Субяседнік дадаў, што ён крыху старэйшы за брата. Абодва жывуць у Яхімоўшчыне, сябруюць. Гэта вельмi дапамагае ў працы. «Тысячнікам» Павел Базыка становіцца кожнае жніво. Пасля таго, як збожжа ўбяруць, спецыяліст будзе працаваць на кормаўборачнай тэхніцы. Сваім напарнікам і памочнікам механізатар задаволены.

Віталій Базыка па спецыяльнасці жывёлавод. Падчас жнiва ён працуе на камбайне.

Віталія і Паўла Базыкаў віншуюць з працоўнай перамогай Уладзімір Лазар і Анатолій Фурс.

Па стане на 20 жніўня ў раёне абмалочана 88 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых. Намалочана 60034 тоны збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць склала 40 цэнтнераў з гектара.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.