У продажы былі сельскагаспадарчая прадукцыя, пасадачны матэрыял, харчовыя тавары, работы майстроў народнай творчасці і многае іншае. Гандлявалі на кірмашы мёдам, рыбай, дамашнімі саленнямі. Адзін мужчына прадаваў трусоў па цане ад 30 рублёў за асобіну. Увогуле, кожны мог выбраць тавар на свой густ.
Дарэчы, цэны на кірмашы можна назваць дэмакратычнымі. Так, за цыбулю-сеянку прасілі ад 6 да 14 рублёў за кілаграм у залежнасці ад гатунку. Кілаграм буракоў каштаваў ад 80 капеек да рубля, капусты -- рубель, бульбы -- да 85 капеек, морквы -- ад 95 капеек да паўтара рубля. За саджанец клубніц прасілі 2,5 рубля, маліны -- 5 рублёў, слівы і іншых пладовых дрэў -- ад 10 рублёў.
Кірмаш праходзіў напярэдадні Радаўніцы, што паўплывала на асартымент тавараў. Вельмі шмат было пластыкавых кветак і букетаў. Некаторыя куплялі іх і адразу ехалі на могілкі ўшанаваць памяць сваіх памерлых сваякоў. Людзі, якія набывалі пасадачны матэрыял, разлічвалі правесці на дачах усе вялікія выхадныя.
-- Едзем у вёску да бацькоў, -- расказалі маладыя муж і жонка Аляксей і Аксана. -- Па дарозе заехалі на кірмаш, купілі некалькі саджанцаў яблыні. Будзе дзецям вітамінная прадукцыя. Набылі яшчэ некалькі дэкаратыўных раслін. Упрыгожым участак, зробім яго стыльным і прывабным.
Жыхар Маладзечанскага раёна Андрэй Фралоў гандляваў саджанцамі буякоў. Мужчына паведаміў, што вырошчваць ягаду нескладана, калі ведаць як. Галоўнае, каб быў правільны грунт, ігліца ў якасці мульчы, а таксама адпаведная падкормка. Наш зямляк не толькі прадаваў саджанцы, але і даваў пакупнікам каштоўныя парады.
А вось жыхар Рагазаў Яраслаў Гуновіч ведае літаральна ўсё пра вінаград. На яго прысядзібным участку расце каля паўсотні яго гатункаў. Ёсць нават такія, што паспяваюць у пачатку жніўня. Некаторыя выйгрышна глядзяцца пры афармленні садовага дызайну. Сапраўды ўніверсальная расліна: і ягады смачныя, і знешні выгляд прывабны.
Кірмаш прыцягваў не толькі дачнікаў, садаводаў і агароднікаў. Многія маладзечанцы прыходзілі сюды набыць тавары для дома. Сярод тых, хто прапаноўваў адпаведны асартымент, была работніца ААТ «Завод Рамбыттэхніка», прыёмшчыца заказаў сельскага комплекснага прыёмнага пункта ў Турэц-Баярах Алеся Мігура.
-- У кірмашах удзельнічаю пастаянна, -- расказала субяседніца. -- Лічу, што месца для гандлю ўдалае: сюды лёгка дабрацца і пакупнікам, і прадаўцам. А пасцельная бялізна, як і трыкатаж, заўсёды карыстаецца попытам.
А яшчэ кірмаш -- выдатная магчымасць для прэзентацыі новых відаў прадукцыі. Гэту магчымасць скарысталі работнікі гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Гарадскі малочны завод №1». Яны прапаноўвалі прадэгуставаць і расказвалі пакупнікам вартасці салодка-сметанковага безлактознага масла. Прапаноўвалі іншыя віды малочных вырабаў.
Адна з асаблівасцей гэтага кірмашу ў тым, што тут быў прадстаўлены банкаўскі сектар. Начальнік аддзела рознічнага продажу ААТ «Белаграпрамбанк» Вольга Сіняўская расказвала дзеючым і патэнцыяльным кліентам пра паслугі, якія сярод іншых могуць скарыстаць жыхары сельскай мясцовасці, члены садовых таварыстваў, гаспадары прысядзібных участкаў.
А які ж кірмаш без культурнай праграмы? Калі я наведаў мерапрыемства, яго гасцей і ўдзельнікаў забаўлялі, праводзілі розныя конкурсы загадчык Лебедзеўскага сельскага Дома культуры Вольга Зяновіч і культарганізатар Вольга Таўгень.
-- Паднімаем землякам настрой, натхняем людзей на пакупкі, -- заўважылі работніцы культуры. -- Прыходу вясны радуюцца ўсе. Трэба, каб і на свае участкі людзі ехалі з радасцю. Тады ўраджай будзе вялікі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.