Новости Молодечно и Молодечненского района

Аблёт пацвердзіў: баршчэўнік гіне

  • 2019-07-24 06:03:16
  • Алег Бяганскі

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслава Чарнова, авіяманіторынг паказаў эфектыўнасць мер па знішчэнні «зялёнага акупанта». Пасля апрацоўкі спецыяльнымі прэпаратамі плантацыі баршчэўніку ўсыхаюць. Такім чынам, сітуацыя з распаўсюджаннем «травы Геракла» пад кантролем. Плошча зямель, засмечаных ёю, скарачаецца.

— У раёне назапашаны багаты вопыт барацьбы з баршчэўнікам, — падкрэсліў Уладзіслаў Віктаравіч. – Як паказала практыка, галоўнае тут комплексны падыход і захаванне тэхналогіі. Так, апрацоўка засмечаных плошчаў павінна адбывацца ў маі — пачатку чэрвеня, да перыяду цвіцення расліны. Важна рабіць хімічную праполку ў сухое надвор’е (у дождж яе эфектыўнасць зніжаецца). Неабходна весці «наступленне» па ўсіх франтах — на землях сельскагаспадарчых арганізацый, у населеных пунктах, на тэрыторыі дзяржлясфонду, уздоўж дарог…

На Маладзечаншчыне так і было. У сельсаветах апрацоўка плошчаў праводзілася за сродкі раённага бюджэту. Найбольш (11 гектараў) было апрацавана ў Цюрлёўскім сельсавеце. Суб’екты гаспадарання самі аплачвалі работы. Адпаведныя мерапрыемствы ахапілі ўвесь раён. У выніку арэалы баршчэўніку ля вёсак Слабодка і Лешна значна скараціліся. Некаторыя ўвогуле зніклі.

— Адна расліна дае ад 10 да 100 тысяч штук насення, якое ў зямлі можа ляжаць не адзін год, — адзначыў Уладзіслаў Чарноў. – Таму баршчэўнік можа хутка заняць здадзеныя плацдармы. Каб гэтага не адбылося, трэба ўцягваць у гаспадарчы абарот землі, што не выкарыстоўваюцца, своечасова і ў поўнай меры праводзіць спецыяльную апрацоўку засмечаных тэрыторый.

Субяседнік нагадаў, што ў сельсаветах работу па барацьбе з баршчэўнікам каардынуюць сельвыканкамы. Нядбайныя землекарыстальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.