У дні ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2021» са сцэны Летняга амфітэатра ў парку Перамогі неаднаразова гучалі словы пра тое, што сёлета спаўняецца дзесяць гадоў знакавым гарадскім аб’ектам. Гадзіннік на вуліцы Прытыцкага адлічвае ўсё новы час…

«Зробленае застанецца»
Восенню 2011 года ў Маладзечне прайшоў Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Змены да яго правядзення адбываліся грандыёзныя. Добраўпарадкоўваліся вуліцы, рамантаваліся дамы, уводзіліся ў строй новыя аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, нават вырас новы 11-ы мікрараён «Усходні». Карэспандэнты нашага выдання расказвалі пра тое, як ідзе падрыхтоўка да свята, якія сілы задзейнічаны. Адным з загалоўкаў мясцовай газеты быў такі: «Зробленае застанецца». Вядома ж, засталося, а мы сёння і ўявіць не можам Маладзечна без спартыўна-забаўляльнага цэнтра, Летняга амфітэатра ў парку з воднай феерыяй і стыльнымі ратондамі. Мы прызвычаіліся да камфорту і прыгажосці навокал, госці горада атрымліваюць прыемныя ўражанні ад знаёмства з ім. Дзякуючы фотаархіву нашай газеты ёсць магчымасць успомніць пра тое, з чаго ўсё пачыналася.
Будуецца мікрараён «Усходні».
Генеральны падрадчык ААТ «Спецбудмеханізацыя» нёс асноўную нагрузку пры ўзвядзенні многіх аб’ектаў. Разам са спецыялістамі субпадрадных арганізацый калектыў працаваў на будаўніцтве мікрараёна «Усходні», рэканструкцыі гарадскога парку.
Дзякуючы майстэрству і зладжанай рабоце будаўнікоў ТАА «БФ «Барыт» узвядзенне Летняга амфітэатра было праведзена ў шасцімесячны тэрмін. Сцэнічная пляцоўка, якая нагадвае крылы гіганцкага матылька, арганічна ўпісалася ў ландшафтны паркавы дызайн.
Каб водная феерыя радавала вока, давялося нямала папрацаваць. Работу фантана на Цэнтральнай плошчы і двух на ніжнім возеры ў парку цяпер забяспечвае КУП «Маладзечнаводаканал». Аб’ём вады ў паркавых азёрах і ручаі складае каля 27 тысяч кубаметраў. Са стацыянарнага фантана на ніжнім возеры вада б’е на вышыню 15 метраў.
Вобразы ў бронзе
Дзесяць гадоў таму ў нашым горадзе з’явілася некалькі скульптур. З боку Мінска гасцей сустракае манументальная стэла «Пакроў Прасвятой Багародзіцы» работы Аляксандра Фінскага. На Старым Месце «прапісаўся» бронзавы Вястун з граматай у руках ад князя Дзімітрыя Карыбута князю Ягайлу з першым афіцыйным упамінаннем пра Маладзечна (аўтары Уладзімір Жбанаў, Яраслаў Філіповіч). Ён устаноўлены там, дзе пачалося жыццё горада. Яшчэ адна работа Уладзіміра Жбанава — фантан «Залаты трыліснік» на Цэнтральнай плошчы.

На чыгуначным вакзале мы бачым усім вядомую Пасажырку. Прыгожая дзяўчына нібыта толькі выйшла з цягніка. Магчыма, студэнтка вярнулася пасля вучобы ў родны горад. На яе чамадане сядзіць кацяня. Ёсць меркаванне, што яно сімвалізуе ўтульнасць дома, які пакінула студэнтка, калі адправілася на прасторы жыцця. На тое, што адбываецца побач, Пасажырка глядзіць з вышыні свайго росту, а гэта 196 сантыметраў. Вага бронзавай скульптуры 450 кілаграмаў. Яе аўтар — скульптар Вадзім Мацкевіч.
Скульптар Вадзім Мацкевіч у час устаноўкі Пасажыркі.
Цэнтр спартыўнага жыцця
Спартыўна-забаўляльны цэнтр стаў шырока вядомы ў нашай краіне яшчэ на стадыі будаўніцтва. Узвялі яго будаўнікі ААТ «Будтрэст №3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі» г. Салігорска.
Спартыўна-забаўляльны цэнтр з вышыні птушынага палёту.
У сучасным комплексе створаны належныя ўмовы для заняткаў рознымі відамі спорту, карыснага адпачынку ўсёй сям’ёй. У яго склад уваходзіць лядовая арэна больш чым на дзве тысячы гледачоў. У Лядовым палацы праводзяцца хакейныя матчы, спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, спартакіяды.
Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Читать