Новости Молодечно и Молодечненского района

7 СТУДЗЕНЯ – НАРАДЖЭННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ ПРАВАСЛАЎНАЙ КАНФЕСІІ

  • 2025-01-07 07:44:00

Паважаныя вернікі праваслаўнай канфесіі – жыхары Маладзечанскага раёна!
Шчыра віншуем вас з Нараджэннем Хрыстовым!
Гэта свята яднае ўсіх нас вакол галоўных чалавечых каштоўнасцей – веры, надзеі, любові, дазваляе глыбей асэнсаваць сутнасць зямнога існавання, адчуць радасць і паўнату свайго жыцця. Святкаванне Нараджэння Хрыстова далучае нас да вечных хрысціянскіх каштоўнасцей, якія на працягу многіх стагоддзяў кансалідуюць народ, аб’ядноўваюць у вырашэнні важных пытанняў.
У гэтыя светлыя, святочныя дні прыміце самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай радасныя пачуцці і чыстыя намеры будуць заўсёды з намі і нададуць новыя сілы для добрых спраў на карысць роднай зямлі!

Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў

Пасланне епiскапа Маладзечанскага i Стаўбцоўскага ПАЎЛА пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Маладзечанскай епархіі
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! Ад усёй душы віншую вас з таямнічым святам Нараджэння Хрыстова!
Сваім слаўным Нараджэннем Ісус Хрыстос засведчыў прысутнасць Божую і ў чарговы раз нагадаў аб тым, што Бог – гэта крыніца любові і нашага бясконцага жыцця ў Ім. І гэтаму велічнаму Божаму дару мы сёння пакланяемся і аддаём хвалу, бо атрымалі яго не за нейкія асабістыя заслугі, а толькі па невымоўнай Любові Божай. Прынясём жа нашаму Госпаду і Спасіцелю сардэчную падзяку за Яго бязмежную любоў да нас, грэшных, і праславім Яго за тое, што з гэтага часу кожнаму з нас адчынены вароты Царства Нябеснага!
Дарагія айцы, браты і сёстры! Сардэчна віншую вас са святам Нараджэння Хрыстова! Малітоўна жадаю ўсім душэўных і цялесных сіл. Няхай вестка пра Нараджэнне Госпада Ісуса, якую мы сёння святкуем, стане невычэрпнай крыніцай душэўнага міру і любові.

Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі.
Нараджэнне Хрыстова, 2024/2025 г.

Дарагія жыхары горада і раёна!
Сардэчна віншуем усіх праваслаўных вернікаў са святам Нараджэння Хрыстова!
Гэта адна з самых значных, сімвалічных, усёабдымных падзей у хрысціянскім календары. Яна аб’ядноўвае людзей усяго свету ў адзіным імкненні да веры, надзеі на лепшае, у радасным чаканні цуду.
У гэтыя святочныя дні кожны з нас верыць у лепшае. І няхай цуд Божага Нараджэння сагравае нашы душы, умацоўвае веру ў дабро, міласэрнасць, у сапраўдную любоў і мір на нашай зямлі! Няхай калядныя дні будуць напоўнены радасцю і верай у лепшае, настрояць нас на добрыя справы і чулае стаўленне да навакольных!
Дарагія землякі! Будзьце здаровыя і шчаслівыя! Няхай у кожным доме пануюць мір і згода, дабрабыт, вера і надзея, радасць і любоў!

Н.Л. ГЛІНСКАЯ,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
І.С. МАРКЕВІЧ, Д.І. УШАЦКІ, С.І. САКАЛОЎСКАЯ,
дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь