Аб’ект, які мяне цікавіў, знаходзіцца на ўскрайку вёскі ў бок Аляхновіч. На першы погляд, звычайны сялянскі падворак. Але толькі на першы погляд… Вялікія дрэвы і рэшткі алеі сведчаць, што тут калісьці быў парк. На тэрыторыі захавалася цаглянае падсобнае збудаванне.
Дом таксама незвычайны. У першую чаргу ён вылучаецца разьбянымі ўпрыгажэннямі. Драўляная даволі складаная разьба ёсць на фасадзе і па баках збудавання. Бэлькі, якія падтрымліваюць дах, маюць фігурную форму. На фасадзе ўстаноўлены драўляныя калоны. Усё гэта адпавядае закапанскаму архітэктурнаму стылю, вельмі папулярнаму на нашых землях у першай палове мінулага стагоддзя.
У кнізе «Памяць» сказана, што ў 1904 годзе побач з вёскай размяшчаўся маёнтак, уласнасць пана Карніловіча, які меў тут 260 дзесяцін зямлі. Аб’ект цікавы тым, што дае ўяўленне пра жыццё землеўладальнікаў, іх побыт і звычкі. Аднак трэба ведаць, што падворак гэты не безгаспадарны. Паважайце права людзей на прыватнае жыццё, не дакучайце ім.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.