Мала які населены пункт Беларусі мае такую багатую гісторыю, як аграгарадок Хоўхлава. Праз стагоддзі яго жыхары пранеслі лепшыя якасці беларускага народа – працавітасць, аптымізм, любоў да роднай зямлі. У гэтым я пераканаўся асабіста, калі збіраў матэрыял для чарговай публікацыі пад рубрыкай «Сцяжынкамі роднага краю».
Новыя вуліцы старога паселішча
Расказаць пра населены пункт і паказаць яго асноўныя славутасці згадзіўся стараста аграгарадка Аляксандр Сянько. Нарадзіўся ён у Задварцах (недалёка ад Хоўхлава), усё жыццё аддаў вёсцы. Быў брыгадзірам паляводчай брыгады, узначальваў трактарную брыгаду, займаў пасаду галоўнага агранома. Пасля выхаду на пенсію працаваў на мясцовым лазнева-пральным камбінаце.
Аляксандр Аляксандравіч з жонкай Станіславай Юльянаўнай выгадавалі дачку і сына, маюць пяцярых унукаў і адну праўнучку. Муж і жонка пражылі разам 52 гады. У вялікай сям’і трывалыя сувязі. Дзеці і ўнукі заўсёды дапамагаюць старэйшаму пакаленню па гаспадарцы.
– У Хоўхлава наша сям’я пераехала больш за 40 гадоў таму, – гаворыць стараста. – За гэты час у населеным пункце ўсё змянілася кардынальна. Раней, напрыклад, толькі ў адной з брыгад гаспадаркі нарыхтоўвалі сена чатыры дзясяткі касцоў. Доля ручной працы была вялікая. Цяпер большую частку аперацый выконвае магутная тэхніка.
Субяседнік адзначыў, што аграгарадок звязвае з Маладзечнам асфальтаваная дарога. Аўтобусам можна даехаць як у горад сонца, так і ў Валожын. У населены пункт праведзены газ. Жыхары карыстаюцца цэнтральным водазабеспячэннем. Працуюць магазіны (прадуктовы і прамтаварны), фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, паштовае аддзяленне.
– Хоўхлава жыве, развіваецца, людзям тут падабаецца, – працягвае Аляксандр Сянько. – Бачаць перспектыву і мясцовыя жыхары, і дачнікі. У апошнія гады жыллёвае будаўніцтва вялося на вуліцах Лугавой, Палявой, Піянерскай. Працуюць вяскоўцы ў асноўным у мясцовай гаспадарцы або ў Маладзечне. Людзі дбаюць пра населены пункт, добраўпарадкоўваюць падворкі. Калі трэба, выходзяць на талаку. Так было, напрыклад, калі бура пашкодзіла шмат дрэў на могілках.
Старажытны касцёл і іншыя славутасці
Стараста вядзе нас да самай адметнай славутасці аграгарадка – касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Драўляны храм быў пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя. Ён стаіць на пагорку ў цэнтры Хоўхлава. Убаку ад святыні – мураваная капліца-пахавальня роду Язвінскіх. Калі глядзіш на храм, пранікаешся павагай да старажытных дойлідаў. Яны маглі пры дапамозе ўсяго некалькіх архітэктурных прыёмаў падкрэсліць веліч і значнасць збудавання. Нездарма паглядзець на касцёл прыязджаюць турысты з усёй Беларусі.
Недалёка знаходзіцца праваслаўная царква. Пад яе быў пераабсталяваны будынак, у якім раней размяшчалася праўленне гаспадаркі. Аляксандр Сянько адзначыў, што мясцовыя жыхары многае зрабілі, каб праваслаўная абшчына ў аграгарадку адрадзілася.
Праз дарогу, дзе размешчаны храмы, у скверы знаходзіцца помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта месца асабліва шануецца вяскоўцамі. Тут увекавечана памяць 59 чырвонаармейцаў і партызан, якія аддалі сваё жыццё за мірнае неба.
За населеным пунктам, калі едзеш у бок Сухапараўшчыны, растуць магутныя векавыя дубы. Некалькі дрэў агароджана. Сюды дзяцей прыводзяць на экалагічныя экскурсіі.
Свая гісторыя і ў невялікага вадаёма ў цэнтры паселішча. Па словах старасты, на ім у міжваенны перыяд мясцовы пан пабудаваў альтанку. У наш час водны аб’ект наведваюць з вудамі аматары рыбнай лоўлі.
Жыццё як жыццё
Тэмп жыцця ў вёсцы павольны, размераны. Ёсць час і славутасцямі палюбавацца, і на хлеб зарабіць, і камфорт наладзіць. У Хоўхлаве гэта цалкам магчыма. У ваколіцах населенага пункта ёсць мехдвор і жывёлагадоўчая ферма ААТ «Селеўцы». У гаспадарцы працуюць многія мясцовыя жыхары. Працаваць недалёка ад дома зручна. Тым больш што заработная плата на сельгаспрадпрыемстве стабільная.
У аграгарадку знаходзяць прымяненне збудаванням, якія не выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Так, будынак былой лазні цяпер пераабсталёўваецца пад камерцыйнае выкарыстанне. У былой сталовай абсталяваны жылыя кватэры. Месца жыхарства атрымалася недалёка ад магазінаў і сацыяльных аб’ектаў.
У час экскурсіі пазнаёміўся з мясцовым жыхаром Аляксандрам Зізюком. Ён ураджэнец Гомельскай вобласці. Служыў у воінскай часці недалёка ад Хоўхлава. Пасля тэрміновай службы застаўся ў часці па кантракце. Купіў дом. Цяпер працуе ў магазіне ТАА «Шляхцічпрадсэрвіс».
– Гаспадарчы магазін вельмі запатрабаваны ў вяскоўцаў, – паведаміў субяседнік. – І гэта не дзіўна. Бліжэйшыя такія пункты гандлю знаходзяцца за 18 кіламетраў, у Маладзечне і Валожыне. У нас можна купіць усё, што трэба ў гаспадарцы – ад бытавой хіміі да будаўнічых матэрыялаў. Частыя пакупнікі ў магазіне – дачнікі. Гандлёвым абслугоўваннем задаволены ўсе.
Наступны пункт экскурсіі – фельчарска-акушэрскі пункт. Яго загадчыца дэпутат Хоўхлаўскага сельскага Савета Алена Рэкець была ў адпачынку. Яе замяшчала малады спецыяліст Аляксандра Паламарчук.
– ФАП абслугоўвае больш за 600 жыхароў 15 населеных пунктаў, – паведаміла Аляксандра Сяргееўна. – Вельмі прыемна, што сярод мясцовых жыхароў ёсць маладыя сем’і з дзецьмі. Значыць, у вёскі ёсць будучыня. Увогуле, вяскоўцы – удзячныя і адказныя пацыенты. Яны стараюцца строга выконваць усе прадпісанні і рэкамендацыі. Медыцынскі работнік у іх у вялікім аўтарытэце.
У Хоўхлаве давялося пагаварыць з многімі людзьмі. І ўсе прызнаваліся ў любові да малой радзімы. Жадалі роднай зямлі міру, багацця і працвітання. Так ставяцца да сваёй краіны ўсе беларусы.
Старонкі гісторыі
Хоўхлава вядома з XV стагоддзя. У 1437 годзе ў паселішчы быў заснаваны касцёл. Віцебскі ваявода Станіслаў Кішка ў 1607 годзе пабудаваў тут праваслаўную драўляную царкву.
У Хоўхлаве жыў беларускі мысліцель, асветнік, рэлігійны рэфарматар Сымон Будны (каля 1530-1593 гг.). На думку доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага, тут Будны меў рухомы друкарскі станок, на якім і надрукаваў кнігу «Аб зачацці Сына Божага».
Паблізу населенага пункта мясцовыя жыхары знаходзілі каменныя прылады працы. Як сцвярджаюць даследчыкі, у сярэдневякоўі ля Хоўхлава існаваў язычніцкі ахвярнік.
Сёння ў аграгарадку каля 150 падворкаў, у якіх жыве больш за 350 чалавек.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ