Адамавічы знаходзяцца крыху ўбок ад дарогі Маладзечна – Хажова. Аднак мясцовыя людзі не лічаць, што жывуць на перыферыі. Яны клапоцяцца пра свой населены пункт, добраўпарадкоўваюць падворкі, калі трэба, прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Галоўнае, што вызначае вяскоўцаў, – гасціннасць.
Камфортны населены пункт
Спачатку ў маім падарожжы быў візіт да старасты вёскі Міхаіла Анопа. Ён працуе настаўнікам фізкультуры ў Хажоўскай сярэдняй школе. Вучыць дзяцей быць моцнымі, прывівае ім здаровы лад жыцця.
– Вёска наша прыгожая, добраўпарадкаваная, – расказаў Міхаіл Іванавіч. – Населены пункт газіфікаваны, да дамоў многіх вяскоўцаў падведзены газ. Ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне. Двойчы на тыдзень прыязджае аўтакрама. Мабільны гандаль асабліва зручны для пажылых людзей.
Большасць насельніцтва працаздольнага ўзросту, на работу многія ездзяць у горад. Дарэчы, Маладзечна ад Адамавічаў блізка. Праз суседнія Мыслевічы курсіруе шмат прыгарадных аўтобусаў. Дзяцей, якія вучацца ў Хажоўскай сярэдняй школе, на вучобу і назад возіць школьны аўтобус.
Субяседнік адзначыў, што мясцовыя жыхары вялікую ўвагу надаюць добраўпарадкаванню падворкаў. Людзі дружныя, усе знаходзяць паразуменне паміж сабой. На сельскія сходы збіраюцца ў цэнтры вёскі ля праваслаўнага крыжа. Усяго ў Адамавічах тры вуліцы: Юбілейная, Саўгасная і Лугавая.
Міхаіл Аноп з дзяцінства захапляецца тэхнікай. Цяпер ён пераўтварае мотаблок у міні-трактар. Такі мабільны сродак механізацыі ў гаспадарцы заўсёды спатрэбіцца. А яшчэ стараста асвоіў тэхніку халоднай коўкі. Вырабы можна ўбачыць на яго падворку.
Вёску на горад не памяняю…
Былая малалетняя вязніца Станіслава Борыс жыве ў Адамавічах чатыры дзясяткі гадоў. Тут яна выйшла замуж. У двары жанчыны мноства кветак. У вяскоўкі трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і трынаццаць праўнукаў. Субяседніца з гатоўнасцю расказвае пра сваё жыццё.
– Калі пачалася вайна, мне было два гады, – гаворыць Станіслава Яраславаўна. – Наша сям’я тады жыла ў Мясаце. Па даносе мясцовага калабаранта ў 1942 годзе тату і маму акупанты арыштавалі. Затым бацькоў вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. З імі былі я і мой брацік. Бацькі расказвалі, што ў лагеры з людзей здзекаваліся, кармілі дрэнна, за любую правіннасць білі. Вызваленне наступіла ў пераможным 1945 годзе.
Пасля вяртання дадому Станіслава Борыс жыла ў Мясаце. У мясцовай школе закончыла сем класаў. Потым вучылася ў Красненскай школе. Вучобу даводзілася спалучаць з работай у гаспадарцы. Пасляваенныя гады былі цяжкія. Субяседніца працавала на льнозаводзе, потым на «Электрамодулі».
– Жыць у горадзе ніколі не імкнулася, – адзначыла Станіслава Яраславаўна. – Вельмі люблю ружы, цюльпаны, іншыя кветкі. Блізкія заўсёды мне дапамагаюць. Не забывае пра мяне і мясцовая ўлада: напярэдадні Дня Перамогі наведаў старшыня Хажоўскага сельвыканкама Аляксандр Мацецкі. Мая мара – каб людзі заўсёды жылі ў міры і згодзе, каб не было ў свеце войнаў.
Людзі гавораць
Мясцовыя жыхары паведамілі, што найбольш папулярныя прозвішчы ў Адамавічах – Полаз і Борыс. Мы пазнаёміліся з носьбітам аднаго з іх, Сяргеем Борысам. Ён працуе на адным з маладзечанскіх прадпрыемстваў. У вёсцы жывуць і яго бацькі Фёдар Сцяпанавіч і Вера Мар’янаўна. Населены пункт і вясковы стыль жыцця ўвогуле сям’і падабаюцца.
– Жыць тут зручна, – паведаміў мужчына. – Да горада нават пешшу можна дайсці мінут за 15. Вада, газ, асфальтаваная дарога – усё гэта ёсць. Ды і людзі ветлівыя. Вёска невялікая, усе адзін аднаго ведаюць. Населены пункт жывы, перспектыўны. Сюды пераязджае моладзь. У маладых сем’ях нараджаюцца дзеці. Па ўсім відаць, так будзе і далей.
Адну з версій назвы вёскі расказала Ала Целяшчук. Мясцовая жыхарка паведаміла, што раней у ваколіцах была панская сядзіба, гаспадарыў у якой памешчык Адам. Яго імя і дало назву населенаму пункту. Раней у вёсцы было некалькі двароў. Потым яна разраслася.
– Жыву ў Адамавічах амаль паўвека, працую паштальёнам, – гаворыць жанчына. – За апошнія дзесяцігоддзі вёска змянілася ў лепшы бок. Людзі пабудавалі новае жыллё. Жыхары стараюцца, каб дамы і падворкі былі прыгожыя. Інфраструктура зручная. Жыві і радуйся!
Па словах субяседніцы, жыццё на вёсцы мае свае перавагі – свой сад, агарод, вітамінную прадукцыю не трэба купляць. Ды і абстаноўка звыклая з дзяцінства. Нездарма кажуць: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».
З гэтым згодны бацька траіх дзяцей Яўгеній Дзік. Яму таксама ў Адамавічах падабаецца: прыгожая прырода, ёсць магчымасць уладкаваць падворак сваёй мары. Многае ў гэтым напрамку ўжо зроблена. Ды і дзецям на вёсцы добра. Тут яны адпачываюць, вучацца працаваць у агародзе.
Асабістыя ўражанні
Калі наведваў Адамавічы, на суседніх палях цвіў рапс. Прыгажосць фантастычная! Дадайце сюды чароўны кветкавы водар – і вы зразумееце, чаму ў мяне было жаданне затрымацца тут.
З вуліц Юбілейнай і Лугавой у Адамавічах адкрываецца выдатны від на Маладзечна. У полі зроку шосты і адзінаццаты мікрараёны горада. Асабліва выдзяляецца новая цагляная царква з залатымі купаламі.
Адна са славутасцей вёскі – невялікі вадаём у цэнтры населенага пункта. Мясцовыя жыхары расказалі, што яго берагі былі ачышчаны ад лішняй расліннасці.
У бок Селівонаўкі з Адамавічаў вядзе грунтавая дарога, яна ў добрым стане. Людзі сцвярджаюць, што раней тут была брукаванка, што ішла праз вёску.
У цэнтры населенага пункта ў гняздзе пасялілася пара буслоў – добрая прыкмета для вёскі…
Вуліца Лугавая выдзяляецца сярод іншых у Адамавічах. Па-першае, яна з’явілася апошняй, па-другое, дамы ў ёй пабудаваныя толькі з аднаго боку. З вокнаў адкрываецца амаль горны пейзаж.
Крыху інфармацыі
Адамавічы ўпершыню ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах у 1761 годзе як сяло ў Мінскім ваяводстве.
У 1800 годзе тут было 6 двароў, у якіх жылі 37 чалавек. Населены пункт тады належаў роду Агінскіх.
Згодна з перапісам 1921 года, у Адамавічах налічваліся 21 двор і 144 жыхары. Цяпер пастаянна жыве ў вёсцы 121 чалавек, каля паловы з якіх – працаздольнага ўзросту. У Адамавічах 55 хатніх гаспадарак.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ