Новости Молодечно и Молодечненского района

Івянецкі калейдаскоп

  • 2022-01-20 07:58:55
  • Алег Бяганскі

Помнік трагедыі і велічы

Шлях у Івянец ляжыць праз Налібоцкую пушчу. Некрануты старадаўні лес уражвае. Гэта адзін з найбольш вялікіх лясных масіваў Беларусі. У час Вялікай Айчыннай ён даў прытулак атрадам народных мсціўцаў.

Змагаўся з акупантамі і яўрэйскі атрад пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх. У яго складзе было шмат выратаваных жыхароў Івянца і суседніх населеных пунктаў. Пра падзеі таго часу быў зняты фільм, галоўную ролю ў якім выканаў акцёр Даніэл Крэйг.

У пачатку чэрвеня 1942 года мястэчка перажыло трагедыю. Тады на ўскрайку населенага пункта гітлераўцы знішчылі 800 мірных жыхароў. На тым месцы ўстаноўлены помнік. Напрамак да яго і брацкай магілы цяпер пазначаны ўказальнікам.

Помнік ахвярам нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля Івянца.

У стылі віленскага барока

Касцёл Святога Міхаіла Архангела бачны з любой кропкі Івянца. Храм і прылеглы да яго манастыр францысканцаў былі ўзведзены ў XVIII стагоддзі. Будынкі выдатна захаваліся да нашага часу. Яны пакідаюць моцнае ўражанне.

Дворык манастыра францысканцаў надзвычай утульны

Калі будзеце гуляць па тэрыторыі манастыра, звярніце ўвагу на шматтонны звон. Адліты ён у 1917 годзе. А ў 1943-м мясцовыя жыхары схавалі яго ад акупантаў (немцы распарадзіліся здаць звон на металалом). Цяпер да рэліквіі можна дакрануцца. Устаноўлена яна на зямлі на паддонах.

Ля манастыра здаецца, што трапляеш у часы Рэчы Паспалітай. Зацішныя дворыкі, невялікія прыбудовы, скульптуры святых, узорыстыя лавачкі. Абстаноўка настройвае на філасофскі лад. Дадайце сюды прыгожыя ваколіцы (побач з касцёлам працякае рэчка Волма, размешчана сажалка). Славутасць кранае душу.

Прыгожае і каларытнае мястэчка

Адчуванне даўніны не знікае, калі накіроўваешся ў цэнтр Івянца. Тут «машына часу» пераносіць нас у XIX стагоддзе. Арыгінальныя домікі, якія некалі належалі багатым яўрэям. Побач ажыўлены рынак. Пры гэтым жыццё навокал цячэ размерана. Людзі ўсміхаюцца незнаёмцам, дзеці вітаюцца.

Адзін са старых дамоў у цэнтры Івянца

Пра чысціню і парадак на вуліцах нават і казаць не трэба. Усё ідэальна. Бачна, што мясцовыя жыхары любяць малую радзіму, берагуць яе. Нездарма на бачным месцы размешчана інфармацыйная шыльда з падзякай пасялковага выканкама землякам за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні населенага пункта, падтрыманні чысціні і навядзенні парадку на прысядзібных участках і тэрыторыях прадпрыемстваў.

Шмат разоў пераконваўся: калі чалавек верыць у Бога, то і да людзей, да роднай зямлі ён ставіцца з павагай. А тое, што большасць мясцовых жыхароў веруючыя, не выклікае сумнення. Як і ва ўсёй Беларусі, тут мірна суіснуюць вернікі ўсіх канфесій. Акрамя касцёла Святога Міхаіла Архангела ў Івянцы ёсць касцёл Святога Аляксея, праваслаўная царква Святой Ефрасінні Полацкай.

Апрануцца па былой модзе

У Івянцы шануюць традыцыі і гісторыю. Каб пераканацца ў гэтым, трэба наведаць мясцовы Цэнтр рамёстваў пры Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Знаходзіцца ён на вуліцы Надрэчнай на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу (помніка эклектычнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя).

Дзеючы кавальскі горн можна ўбачыць у Цэнтры рамёстваў.

Мне спадабалася, што ў музеі і Цэнтры рамёстваў можна прымераць даваенны касцюм, вырабіць сувенір, сфатаграфавацца ў цікавых інтэр’ерах.

У госці да Тышкевічаў

У час падарожжа ў Івянец раю ехаць праз аграгарадок Сівіцу. Дарога пралягае па прыгожых мясцінах. Але галоўнае, побач з ёю знаходзіцца былая сядзіба Тышкевічаў «Вялае».

Былы гасцявы дом у сядзібе Тышкевічаў «Вялае».

Да нашага часу ад яе захаваліся жывапісныя руіны. Але ў бытнасць гаспадароў тут віравала жыццё. Быў нават арганізаваны звярынец, дзе разводзілі аленяў і мядзведзяў. Аб’ект уваходзіць у адзін з турыстычных маршрутаў па Валожыншчыне.

ДАВЕДКА

Івянец упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах другой паловы ХIV стагоддзя як уладанне вялікага літоўскага князя Вітаўта. З гэтым мястэчкам звязаны лепшыя творчыя гады класіка беларускай літаратуры і стваральніка першага беларускага тэатральнага калектыву Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Цяпер у пасёлку каля 4300 жыхароў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.