Нядаўна педагогі гімназіі №10 наведалі Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. Магчымасць пабываць у Доме Урада выпадае далёка не часта i не кожнаму. Iнфармацыйная сустрэча была арганiзавана па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшынi Пастаяннай камiсii па працы i сацыяльных пытаннях Людмілы Канановiч. У час экскурсіі ветэраны азнаёмiлiся з асноўнымі вехамі гісторыі парламентарызму ў нашай краiне, убачылi экспанаты музея гiсторыi Нацыянальнага сходу. Вельмі ўразіла Авальная зала Палаты прадстаўнікоў -- менавiта там прымаюцца асноўныя законы i лёсавызначальныя рашэннi для нашай краiны.
Людміла Мікалаеўна расказала нам пра законапраекты, што знаходзяцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, дзейнасць Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, работу з насельніцтвам у выбарчай акрузе. Таксама дэпутат адказала на пытанні прысутных.
Цiкава было наведаць Прэзiдэнцкую бiблiятэку Рэспублiкi Беларусь, дзе захоўваюцца кнiгi, дакументы, арыентаваныя на дзяржаўнае кiраванне, парламентарызм, права, эканомiку i навуку. Змястоўнай атрымалася гутарка за круглым сталом аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, трагедыi жыхароў вёскi Хатынь. Прыемна было атрымаць запрашэнне аб супрацоўніцтве ад прадстаўнікоў Прэзідэнцкай бiблiятэкi.На добры ўспамін аб сустрэчы педагог-ветэран паэтэса Тамара Бярэзіна ўручыла Людміле Мікалаеўне апошняе выданне свайго зборніка вершаў «Залатое жніво».
А прадстаўнікі СШ №1 імя Янкі Купалы адправіліся на экскурсію пад назвай «Культура і быт беларускіх мястэчак». Маршрут пралягаў па некалькіх пунктах Міншчыны, на тэрыторыі якой шмат цікавых аб’ектаў.
Першым прыпынкам стаў Ракаў -- невялікі прыгожы аграгарадок на рацэ Іслач. Экскурсавод расказаў пра яго гісторыю, жыхароў, Спаса-Праабражэнскую царкву і касцёл Маці Божай Ружанскай. Асаблівай увагі заслугоўваюць ікона «Святога сямейства» і копія крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Далей быў Івянец.Тут таксама шмат розных помнікаў гісторыі, у ліку якіх і велічны комплекс будынкаў каталіцкага кляштара францысканцаў. На жаль, мы не змаглі зайсці ў касцёл. Але многія зрабілі прыгожыя здымкі.
Уразіла нас і сядзіба «Свет пчол» у вёсцы Барок. Там нас ужо чакаў гаспадар Васіль Фралоў. Ён запрасіў нас на падворак, пачаставаў смачным мядовым напіткам. Пасля мы акунуліся ў атмасферу «пчалінага царства», пра якое з гумарам расказаў гаспадар. Таксама на сядзібе нас чакаў смачны абед з беларускіх страў. А ў краме мы змаглі набыць мёд, зёлкі, розныя сувеніры.
Усе былі задаволены такой пазнавальнай паездкай і шчыра дзякавалі нашаму райкаму прафсаюза на чале з Таццянай Аноп і Анастасіяй Цімафеевай за магчымасць наведаць цікавыя месцы нашай роднай Міншчыны.
Таццяна ВЛАСАВЕЦ,
старшыня ветэранскай арганізацыі гімназіі №10.
Ірына ІВАШЫНКА,
старшыня ветэранскай арганізацыі СШ №1 імя Янкі Купалы.