Вёска Сухапараўшчына знаходзіцца недалёка ад мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Населены пункт невялікі. Аднак усе мясцовыя жыхары як адна сям’я. Усе ведаюць суседзяў у некалькіх пакаленнях. Жывуць дружна. Калі трэба, дапамагаюць адзін аднаму. Навіны разносяцца тут імгненна. Так было і ў час майго наведвання вёскі. Літаральна праз некалькі мінут на іншым яе канцы ведалі, што прыехаў карэспандэнт «МГ».
Жыццё на пяску
Уладзіміра і Соф’ю Прыгодскіх убачыў на іх падворку. Жонка перабірала грыбы, муж наводзіў парадак у агародзе. Гутарка завязалася адразу.
– У Сухапараўшчыне нарадзілася мая жонка, – расказаў гаспадар. – Сам я з суседняга, Палачанскага сельсавета. Так атрымалася, што вучыўся ў некалькіх школах. Спачатку ў Вялікім Сяле, затым у Кабылках (пасля перайменавання вёска стала называцца Зоранькай). Атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымліваў у Лебедзеўскай школе.
Муж і жонка працавалі ў Маладзечне на «Электрамодулі». Яны шмат ведаюць пра Сухапараўшчыну і з радасцю дзеляцца інфармацыяй. Назва вёскі, аказваецца, звязана з асаблівасцямі глебы. Пад неглыбокім урадлівым пластом тут залягае пясок. Калі сезон засушлівы, гэта асабліва адчуваецца.
Як расказала Соф’я Мікалаеўна, у даўнія часы людзі хацелі пасяліцца ў іншым месцы, бліжэй да сучаснай Віткоўшчыны. Аднак пан, які валодаў зямлёй, забараніў рабіць гэта. Ён загадаў заснаваць пасяленне на бедным пяску, а ўрадлівы ўчастак прысвоіў. Пры гэтым садавіна і агародніна родзяць і тут. Аднак каб ураджай быў добры, неабходна прыкласці дадатковыя намаганні – больш паліваць агарод, угнойваць глебу.
– Вада раней была ў вёсцы сапраўдным багаццем, – працягвае субяседніца. – Мой дзед Сцяпан Сянько і яго брат былі заможнымі людзьмі, нават выкапалі адну студню на дваіх. Да іх хадзілі аднавяскоўцы па пітную ваду. А сельскагаспадарчую жывёлу паілі вадой з рэчкі.
Соф’я Мікалаеўна адзначыла, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ў навакольных лясах актыўна дзейнічалі партызаны. У адказ немцы праводзілі карныя аперацыі. Яны спалілі суседнюю вёску Кукава. Мясцовыя жыхары, як толькі чулі набліжэнне нямецкай тэхнікі, адразу беглі хавацца на забалочаны ўчастак кіламетры за два ад вёскі. Усім было вельмі страшна.
Чым не курорт?
На думку Уладзіміра Прыгодскага, мясцовасць вакол Сухапараўшчыны нагадвае сапраўдны курорт. Ёсць усе элементы гэтага: пясок, рэчка, сасновы бор. У такіх месцах звычайна будуюць санаторыі.
Субяседнікі паведамілі, што навакольныя лясы багатыя на грыбы і ягады. Муж і жонка трымаюць невялікую гаспадарку. Ёсць куры, пчолы. Даглядаюць невялікі сад і агарод. Праўда, сёлета халоднае лета сарвала планы на шчодры ўраджай. Аднак кветкам, якіх на падворку вельмі шмат, яно не перашкодзіла дарыць сваю прыгажосць.
– У вёску рэгулярна прыязджае аўтакрама, – працягваюць аповед мае новыя знаёмыя. – Асартымент прадуктаў добры. Спыняецца машына якраз насупраць нашага падворка. Зімой вуліцу ад снегу расчышчае спецыяльная тэхніка. Аўтобусам можна заехаць у Маладзечна або Валожын. Дровы на ацяпленне самі не нарыхтоўваем. Летась купілі гатовыя бярвёны ў Гарадку. З усімі суседзямі сябруем. А інакш і быць не можа. Ведаем адзін аднаго многія дзесяцігоддзі.
Парадавала, што Уладзімір Аляксеевіч і Соф’я Мікалаеўна выпісваюць «Маладзечанскую газету». Сяброўства з выданнем пачалося яшчэ тады, калі яно называлася «Святло камунізму». Ім падабаецца, што «раёнка» піша, у тым ліку, пра іх знаёмых. Вясковым ладам жыцця муж і жонка задаволены. Тут яны адчуваюць сябе свабоднымі. Галоўным вяскоўцы лічаць мірнае неба над нашымі галовамі.
Ёсць будучыня ў населенага пункта
У Сухапараўшчыне мяне ўразіла добразычлівасць людзей, іх шчырасць і разважлівасць. Так, мясцовая жыхарка Ірына Пятроўна расказала, што да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў горадзе. Цяпер вялікую ўвагу надае добраўпарадкаванню падворка. У яе шмат кветак, ёсць арыгінальныя малыя архітэктурныя формы. Да жанчыны рэгулярна прыязджаюць дапамагчы і адпачыць дзеці і ўнукі.
Прыветна сустрэла карэспандэнта «МГ» сям’я Рызвана і Марыі Гусейнавых. Галава сям’і родам з Азербайджана. У Беларусь прыехаў шмат гадоў таму. Наша краіна стала для яго сапраўды другой радзімай. Жонка мясцовая – тут знаходзіцца яе бацькоўскі дом.
У сям’і ёсць кватэра ў Мінску. Але ў Сухапараўшчыну яны прыязджаюць з вялікім задавальненнем, як і іх дзеці і ўнукі. Тут на падворку можна самім ствараць сапраўдны райскі куток, рэалізоўваць планы па добраўпарадкаванні. Іх двор літаральна патанае ў кветках.
– Памятаю час, калі ў вёсцы было пяць дзясяткаў двароў, – паведаміў Рызван Іліевіч. – З цягам часу колькасць мясцовых жыхароў паступова скарачалася. Аднак у апошнія гады назіраецца адваротны працэс. Дзеці вяскоўцаў, якія атрымалі дамы ў спадчыну, усё больш ахвотна прыязджаюць сюды. Яны аднаўляюць дамы і падворкі, заводзяць гаспадарку. Пацягнуліся ў вёску і дачнікі. Мяркую, перспектыва ў населенага пункта ёсць.
Крыху асабістых уражанняў. Вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары дбаюць пра свае падворкі, старанна наводзяць на іх парадак. Калі двор жылы, ён абавязкова будзе ў кветках і зеляніне.
Недалёка ад населенага пункта знаходзіцца МТФ «Задварцы». Раней у мясцовай гаспадарцы працавала шмат людзей. Калі хто вырашыць звязаць свой лёс з жывёлагадоўляй – рабочае месца побач.
Сухапараўшчына знаходзіцца крыху ўбаку ад дарогі Маладзечна – Хоўхлава – Валожын. Пад сотню метраў трэба прайсці праз лес. Нават на такім участку я заўважыў некалькі ядомых грыбоў.
Жылых дамоў у Сухапараўшчыне ўсяго каля дзясятка. Пры гэтым аўтакрама робіць два прыпынкі. Сапраўды, гандаль у крокавай даступнасці.
Мясцовыя жыхары паведамілі, што якасць транспартнага абслугоўвання ў апошнія гады палепшылася. Рэйсавыя аўтобусы прытрымліваюцца графіка. І гэта станоўчы факт.
Старонкі гісторыі
Як сказана ў кнізе «Памяць», Сухапараўшчына вядомая з XVII стагоддзя як уласнасць Радзівілаў. У 1792 годзе вёска становіцца часткай маёнтка Хоўхлава.
У 1866-м у населеным пункце было 20 жыхароў, працаваў хлебазапасны магазін, а сама вёска тады называлася Сухапары. Да пачатку пазамінулага стагоддзя колькасць мясцовых жыхароў вырасла да 74 чалавек. Тады недалёка ад населенага пункта знаходзілася сядзіба Дараховіча.
116 жыхароў зафіксавана ў вёсцы ў 1921 годзе.
Гаспадарка, на тэрыторыі якой у пасляваенны час знаходзіўся населены пункт, называлася «Герой працы».
Тэкст і фота: Алег