Новости Молодечно и Молодечненского района

У Раеўшчыне пабываць – што празрыстай вадзіцы з крыніцы напіцца

  • 2025-12-07 08:20:00
  • Людмила ЦАРЬ

Вёска Раеўшчына прываблівае не толькі адметнай назвай, але і сваёй прыгажосцю. Асабліва гэта адчуваецца летам, калі радуюць вока кветкі, зеляніна дрэў. Але і восенню вёска прыкметная. Славіцца яна сваімі людзьмі, руплівымі гаспадарамі, якія клапоцяцца, каб і дом быў утульны, і прысядзібны ўчастак дагледжаны. Здаецца, у вёсцы час ідзе няспешна. І ёсць магчымасць адчуць гармонію чалавека і прыроды, значнасць кожнага імгнення. З розных складальнікаў ствараецца агульная карціна. Добрае ўражанне пакідае населены пункт.

Гісторыя і людзі

Я размаўляла з людзьмі, якіх з Раеўшчынай звязвае непарыўная сувязь. Яны нарадзіліся тут і сваю любоў шчодра аддаюць ёй. Ірына Ярук расказала, што населенаму пункту амаль чатырыста гадоў. Вельмі даўно пры ўездзе ў вёску быў вялікі прыгожы сад. Існуе версія, што пладовыя дрэвы садзіў італьянскі архітэктар. Яблыкі называлі «дабравольскія» па прозвішчы аднаго з паноў. Прыгадалі прозвішчы трох: Дабравольскі, Вішнякоўскі, Дрозд. Як аказалася, раней вёска па-іншаму называлася – назва Ярэўшчына паходзіла ад слова «яр», а Раеўшчына – ад слова «раіцца» ці ад таго, што былі тут і «райскія» яблычкі.

Шмат падзей адбылося за амаль чатыры стагоддзі. Шмат вады ўцякло. На жаль, саду не засталося. Але не знікла сажалка, ля якой тагачасная моладзь збіралася бавіць вольны час.

Я даведалася, што захаваўся акоп з Першай сусветнай вайны, дзе стаялі гарматы. У свой час польскія афіцэры атрымалі ў вёсцы зямлю. «Пры Польшчы» забаранялася размаўляць на беларускай мове. У гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовых жыхароў, у тым ліку старых і дзяцей, фашысты выводзілі на расстрэл. Вырылі роў, паставілі кулямёты. Сынок адной жанчыны падпоўз да нямецкага афіцэра і стаў гладзіць яго боты. Зусім маленькі, ён, як мог, маліў аб выратаванні. Глядзець на гэта было немагчыма. Як і перадаць словамі, што адчувалі людзі. Фашыст усё ж злітаваўся, і ўсіх адпусцілі. У вайну вёска некалькі разоў гарэла. Па сведках з кнігі «Памяць», гітлераўцы спалілі сорак чатыры двары і загубілі васямнаццаць жыхароў. Шаснаццаць чалавек загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на фронце, два ў партызанскай барацьбе.

У пасляваенны час населены пункт адбудаваўся. Акрамя калгаса імя Варашылава, працавалі паштовае аддзяленне, ФАП, кантора, сельскі клуб, пачатковая школа, бібліятэка, магазін.

«Крынічанька», што песнямі гучыць

Мае субяседніцы Ірына Ярук і Ірына Жук спяваюць у народным фальклорна-этнаграфічным ансамблі «Крынічанька» – адным з самых самабытных творчых калектываў Маладзечанскага раёна. Ганна Сахацкая таксама была яго ўдзельніцай.

Калектыў створаны менавіта ў Раеўшчыне дзякуючы Марыі Галюк. Шмат гадоў узначальвала яго Валянціна Данілевіч. Акампаніраваў Уладзімір Данілевіч. Склад змяняўся, але нязменным заставалася вернасць беларускай народнай песеннай творчасці. Заслужана называюць удзельніц берагінямі традыцый продкаў. Яны захоўваюць беларускую народную спадчыну ў песенных творах, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё. «Крынічанька» прымала ўдзел у праекце «Песні маёй краіны», выйшла ў паўфінал. Самадзейныя артысты пабывалі ў розных краінах. Адметнымі выступленнямі радуюць гледачоў на сцэнічных пляцоўках Маладзечанскага раёна. Пра звычаі беларусаў нагадваюць народныя абрады ў іх выкананні – «Зажынкі», «Дажынкі» і іншыя.

За адной партай сядзелі і да гэтай пары сябруюць

Ірына Ярук амаль трыццаць гадоў адпрацавала на заводзе «Электрамодуль», актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, была сакратаром камсамольскай арганізацыі аддзела тэхнічнага кантролю . У яе радні шмат таленавітых людзей, якія праявілі сябе ў розных сферах. Мікалай Яршэвіч – выпускнік Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Ірына Іванаўна піша вершы, прысвячае іх роднаму краю. Яе сын Сяргей вядомы сваёй творчасцю не толькі ў Маладзечанскім раёне, але і за яго межамі. Дачка Ірыны Іванаўны Алена працуе на Маладзечнаводаканале. Радуюць маю субяседніцу два ўнукі і ўнучка.

Ірына Жук расказала, што яе бацька Іван Сцяпанавіч быў старэйшым за маму Ніну Васільеўну на дваццаць гадоў. Да таго, як пажаніліся, жылі яны па-суседску. Мама па дакументах была запісана з Раеўшчыны, а бацька з Ярэўшчыны. Мама ў сем гадоў засталася сіратой. У дзевятнаццаць яе выдалі замуж. Цяжкімі былі ваенныя гады, ды і пасляваенны час – галодным. Яна не скардзілася, гаварыла, што цяжка ўсім. Шыла адзенне, працавала на некалькіх калгасных дзялянках. Бацька ваяваў, дайшоў да Берліна. Быў паранены. Пра ваенныя гады ўспамінаць не любіў. Ён быў майстрам па шыцці абутку. У пабудаваным у Раеўшчыне доме амаль усё было зроблена ім самім. У сям’і выхавалі пяцярых дзяцей.

Дзве Ірыны – далёкая радня. Розніца ва ўзросце ўсяго некалькі месяцаў. У школе сядзелі за адной партай. Старанна вучыліся. Дырэктарам школы быў заслужаны настаўнік Беларусі Макар Бярнацкі. Вера Бярнацкая выкладала беларускую мову і літаратуру, Алена Сарокіна – рускую мову і літаратуру.

Ірына Жук доўгі час працавала на Маладзечанскай фабрыцы музычных інструментаў. З мужам выгадавалі дзвюх дачок. Людміла з маленства выбрала настаўніцкі шлях, Таццяна працуе ў гандлі. Унучка ёсць і тры ўнукі. Цікава было даведацца пра тое, што зяць Аляксандр Шоць захапляецца гістарычнай рэканструкцыяй.

Ірына Іванаўна не можа быць абыякавай да жыцця вёскі. Займалася пытаннем транспартнага абслугоўвання. Хоць да Маладзечна, як кажуць, рукой падаць, але гэта тэма актуальная для мясцовых жыхароў. Устанавілі аўтобусны прыпынак. Добрыя словы выказала ў адрас Аляксандра Фалея, які быў выбраны старастам вёскі.

Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася

Жыццё Ганны Сахацкай поўнасцю адпавядае гэтым словам. Месца жыхарства ніколі не змяняла, жыць у горадзе яе не заманіш. Сядзець без справы не прывыкла. На работу ездзіць у сталіцу, хоць даўно мае права на заслужаны адпачынак.

Мая субяседніца пражыла з мужам Мікалаем Леанідавічам пяцьдзясят тры гады. Замуж за хлопца з Вілейскага раёна выйшла і, як зноў вобразна сказала, «у адну суботу пазнаёміліся, у другую ўжо сваты прыехалі». Думала стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але лёс распарадзіўся інакш – любімай бібліятэчнай справе аддала трыццаць пяць гадоў.

– Калі вы думаеце, што ў маіх абавязках было толькі кнігі выдаваць і мерапрыемствы разам з работнікамі культуры ладзіць, то памыляецеся, – гаворыць Ганна Уладзіміраўна. – Акрамя асноўных абавязкаў, у калгасе выдзялялі норму буракоў, лёну. Шмат даводзілася працаваць, ды і грамадскіх спраў хапала. А яшчэ і хатняя гаспадарка. Трымалі дзвюх кароў, каня, свіней. Садзілі па гектары бульбы. Расказала Ганна Сахацкая пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны яе бацька ваяваў, быў у палоне. Сямейную гісторыю маёй субяседніцы працягваюць два сыны, чатыры ўнучкі, два ўнукі і праўнук Паша.

Месца гэта святое

На каплічцы святыя лікі размешчаны з чатырох бакоў. Змешчаны надпіс: «Сия часовня в дер. Раевщина сооружена стараниями Квятковского Андрея Эдуардовича. Освящена благочинным Молодечненского округа прот. Александром Троцким в честь Покрова Пресвятой Богородицы. Октября м-ца 6 дня в год 2000-летия от Рождества Христова».

І яшчэ адна сустрэча ў гэты дзень

Пазнаёмілася я з Міхаілам Цыганком і Сяргеем Дылеўскім. Як аказалася, яны былі аднакласнікамі, як і мае ранейшыя субяседніцы, сядзелі за адной партай. Адзначаюць, што населены пункт камфортны для пражывання – і асфальт пакладзены, і газ праведзены, і асвятленне вуліц у належным стане. Тавары некалькі разоў на тыдзень прывозіць аўтакрама. І хоць ёсць магчымасць жыць у горадзе, яны застаюцца вернымі сваёй вёсачцы.

У Раеўшчыне тры вуліцы: Міру, Лугавая і Садовая. Старажылы населенага пункта Марыя і Пётр Дылеўскія, Пётр Таўкень. Распаўсюджаныя прозвішчы Юрэцкія, Галюк, Дылеўскія, Яршэвіч, Цыганок.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР