Новости Молодечно и Молодечненского района

Што збліжае Крывічы і Маладзечна?

  • 2023-05-13 08:47:03
  • Алег Бяганскі

Паралелі пачнём праводзіць з пачатку Сярэднеякоўя. Так, тэрыторыю, на якой узніклі абодва населеныя пункты, насяляла магутнае племя крывічоў (якое, дарэчы, і дало назву Крывічам).

Немалаважную ролю ў гісторыі паселішчаў адыгралі манахі каталіцкага ордэна трынітарыяў. У Маладзечне яны заснавалі кляштар у 1758 годзе, у Крывічах -- у 1770.

І Маладзечна, і Крывічы праславіў род Ходзькаў. Ля нашага горада ў мястэчку Аборку нарадзіўся Леанард Ходзька (гады жыцця 1800-1871), гісторык, публіцыст, выдавец, асабісты сакратар Міхала Клеафаса Агінскага. У Аборку закладзены адпаведны мемарыяльны знак.

Крывічы -- месца нараджэння Іосіфа Ходзькі (1800-1881 гг.), генерал-лейтэнанта генеральнага штаба расійскай арміі, ваеннага геадэзіста, географа і картографа, вучонага-даследчыка з сусветным іменем. У населеным пункце ў 2020 годзе быў устаноўлены помнік знакамітаму земляку.

У гады Вялікай Айчыннай вайны населеныя пункты перажылі жахі нямецка-фашысцкай акупацыі. Як і па ўсёй Беларусі, мясцовае насельніцтва актыўна супраціўлялася захопнікам.

Мястэчка Крывічы было райцэнтрам былой Маладзечаскай вобласці.

Многія маладзечанскія вернікі каталіцкай канфесіі наведваюць касцёл Святога Андрэя Апостала ў Крывічах. Праз Крывічы праходзіць шлях пілігрымаў да Будслаўскай святыні.

Дадам, што з Крывічамі звязаны таксама лёс маёй сям’і. У Крывіцкім райкаме партыі працаваў мой дзядуля, былы партызан, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Аляксей Кудасаў. Яго да гэтага часу прыгадваюць добрым словам мясцовыя жыхары. Пахаваны дзед на могілках ля вёскі Пагост, недалёка ад Крывічоў.

На прыкладзе Маладзечна і Крывічоў бачна, што аб’ядноўваюць беларускую зямлю і беларускі народ у адзінае цэлае гісторыя, культура, агульная памяць, людскія лёсы. Дзякуючы гэтай еднасці мы захаваліся як самабытная нацыя. Дзякуючы ёй абавязкова пераадолеем усе выпрабаванні.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.