У даведачных службах аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў нашага горада расказалі пра самыя папулярныя напрамкі ў пасажыраў напярэдадні свят. А яшчэ адказалі на пытанне, ці павялічваецца ў гэтыя дні колькасць пасажыраў.
На аўтавакзале нам паведамілі, што колькасць пасажыраў напярэдадні і ў час свят сапраўды павялічваецца. Найбольш папулярнымі становяцца мясцовыя маршруты. Звычайна дзеці і ўнукі наведваюць сваіх бацькоў, бабуль і дзядоў у вёсках, а потым вяртаюцца ў горад.
І гэта, дарэчы, не дзіўна. Настрой лепшы, і падарункі набываюць большую каштоўнасць, калі некалькі пакаленняў сям’і збіраецца разам за адным багатым сталом. Ды і сама паездка да роднага чалавека чым не свята? Тым больш што работнікі транспартных арганізацый імкнуцца зрабіць паездку як мага больш камфортнай.
Пра традыцыйнае святочнае павелічэнне пасажырапатоку расказалі і на чыгуначным вакзале. Прычым папулярныя ў маладзечанцаў усе чатыры напрамкі, куды з нашага горада ходзяць цягнікі і электрычкі. Такім чынам, фраза «паехаць на ўсе чатыры бакі» для мясцовых жыхароў носіць толькі пазітыўны кантэкст. Асабліва ў перадсвяточныя і святочныя дні.
Алег БЯГАНСКІ.