Новости Молодечно и Молодечненского района

Полацк: пакланіліся мошчам прападобнай Еўфрасінні, надрукавалі старажытныя граматы, задалі пытанне механічнай галаве

  • 2023-05-24 06:04:16
  • Анжаліка Крупянькова

«Вы выйдзеце адсюль іншым чалавекам»

Наш дзень у Полацку пачаўся пералівамі званоў на ўваходнай браме Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Перад тым як зайсці на яго тэрыторыю, наш цудоўны экскурсавод Ларыса Яцкевіч папрасіла жанчын павязаць хусткі і фартухі-спадніцы (іх можна ўзяць у спецыяльнай шафе).

 

-- Вы абавязкова адчуеце, наколькі гэта святое, намоленае месца, і выйдзеце адсюль іншымі людзьмі -- з прасветленай душой, з разуменнем, што жыццё чалавека -- усяго толькі імгненне ў маштабах космасу, -- сказала надзвычай добразычлівая, з прыемнай усмешкай і прамяністымі вачыма манашка, наш праваднік па манастыры, у якім жыве 140 сясцёр.

Сапраўды, кожны з нас адчуў душэўнае трапятанне, калі зайшоў у Свята-Праабражэнскі храм, які ў 1161 годзе быў узведзены па загадзе святой Еўфрасінні Полацкай. Цяпер ён на рэстаўрацыі, абстаўлены рыштаваннямі. Аднак наведвальнікаў туды пускаюць невялікімі групамі. Неверагодна, што на яго сценах захаваліся фрэскі XII стагоддзя! Захавалася і келля, у якой жыла Еўфрасіння, але ў час рэстаўрацыі ўваход у яе закрыты.

У велічным Крыжаўздзвіжанскім саборы ўсе жадаючыя змаглі прыкласціся да святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні, якія знаходзяцца злева ад алтара ў сярэбранай рацы. Наша дзяржава выдзеліла на яе выраб 120 кілаграмаў серабра. Стварыў яе, як і копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. Да крыжа мы таксама прыклаліся як да найвялікшай праваслаўнай святыні. Дарэчы, выявы Свята-Праабражэнскага храма і крыжа надрукаваныя на 10-рублёвай купюры нашай краіны.

Скарбы Сафійскага сабора

Сафійскі сабор, які мясцовыя жыхары ласкава называюць «Сафійкай», не толькі храм, дзе праводзяцца богаслужэнні, не толькі музей з рэдкімі экспанатамі, але і канцэртная зала з цудоўнай акустыкай. Па нядзелях у 15.00 тут праходзяць канцэрты арганнай музыкі. Вядомая полацкая выканаўца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая іграе на ім ужо 35 гадоў. Па яе ініцыятыве тут праводзіцца фестываль «Званы Сафіі».

Мы звярнулі ўвагу на лаўкі з перасовачнай спінкай, дзякуючы чаму можна сядзець тварам як да сцэны, так і да аргана, што знаходзіцца на харах на супрацьлеглым баку сабора.

Узведзены па загадзе полацкага князя Усяслава Чарадзея ў XI стагоддзі Сафійскі сабор стаў першым мураваным храмам на Беларусі, падобныя былі толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе. На жаль, у першапачатковым выглядзе ён не захаваўся, ад мінулага засталіся толькі рэшткі фундамента, калон і сцен, якія можна ўбачыць, спусціўшыся ў падвал. Там, дарэчы, выстаўлены і арабскія манеты -- дырхамы, адны з першых грошай, якія былі ў абароце на полацкіх землях у ІX-Х стагоддзі. Іх прывозілі з Канстанцінопаля, чаканілі з тонкіх пласцін серабра. Калі трэба было даць здачу, частку манеты адразалі. Клад з 7660 манет вагой у 19 кілаграмаў выпадкова знайшлі ў 1973 годзе ў полі ля вёскі Казьянкі на левым беразе Заходняй Дзвіны.

Ля сабора знаходзіцца знакаміты 26-тонны Барысоў камень ХІІ стагоддзя, на якім нанесена выява крыжа і надпіс «Господи, помози рабу своему Борису». Экскурсавод расказала, што раней валун ляжаў у рацэ за пяць кіламетраў ад Полацка. Было некалькі спроб дастаць яго з вады, аднак гэта ўдалося зрабіць толькі ў 1981 годзе. Прычым камень сам сабе выбраў месца: пры транспарціроўцы ён сарваўся з тросаў і літаральна ўрос у зямлю. Існуе легенда, што ён выконвае жаданні. Многія дакранаюцца да яго рукой, абдымаюць, абыходзяць вакол яго тры разы.

З чаго робяць паперу?

З драўніны, скажуць многія. Аказваецца, яе можна стварыць і са змолатых на жораве, а пасля замочаных на пяць сутак старых тканін. Менавіта такі спосаб нам прадэманстравалі ў прыватным музеі «Дом друкара». Мы нават паўдзельнічалі ў працэсе, і гэта было надзвычай цікава. Жадаючыя змаглі надрукаваць сабе грамату на драўляным станку, паставіць на яе сургучную пячаць і падпісаць пры дапамозе пяра. Спадар Друкар і яго гаваркія памочніцы ў сярэдневяковых уборах, цьмянае святло ліхтароў, рыцарскія даспехі ў падвале -- усё гэта вяртае ў мінулыя вякі.

-- З гэтай граматай вы можаце звярнуцца ў горад, які мае Магдэбургскае права, і папрасіцца ў падмайстры да рамеснікаў, яны абавязаны вас прыняць! -- даў нам наказ на дарогу спадар Друкар.

Што ж, можам з поўным правам падавацца ў Радашковічы, якія былі надзелены Магдэбургскім правам і дзе ў мінулыя стагоддзі актыўна развівалася рамесніцтва…

«Дазвольце спытацца, мудры Старац!»

У чым сэнс жыцця -- спыталі мы ў самага незвычайнага насельніка былога езуіцкага калегіума XVI стагоддзя, а цяпер Полацкага дзяржуніверсітэта -- механічнай галавы. Яна нагадвае лік філосафа Сакрата і можа адказаць на розныя пытанні на пяці мовах. У XVIII стагоддзі падобную гаворачую галаву стварыў геніяльны вучоны Габрыэль Грубер, які працаваў у калегіуме. Тады нават з Масквы і Санкт-Пецярбурга прыязджалі, каб паглядзець на гэты цуд.

У 2015 годзе знакамітую галаву аднавілі, і яна стала адной з «фішак» універсітэта. Аднак задаць ёй пытанне можна толькі ў складзе арганізаванай экскурсійнай групы, уваходны білет як і ў Сафійскі сабор, каштуе 5 рублёў.

-- Сэнс жыцця ў самім жыцці, у тым, каб пражываць кожны дзень, -- нешта накшталт гэтага адказаў нам мудры Старац, міргаючы вялізнымі вачыма.

-- А як стаць шчаслівым чалавекам? -- спытала я.

-- Многія думаюць, што шчасце -- гэта нешта незвычайнае, і чакаюць яго ўсё жыццё. Але шчасце заключаецца ў кожным імгненні нашага жыцця, і сапраўды шчаслівы той, хто гэта разумее і ўмее гэтым даражыць, -- па-філасофску адказала галава…

Ва ўтульным унутраным дворыку мы ўбачылі, як працуе музычны гадзіннік, які кожную гадзіну з 5.00 да 14.00 выконвае студэнцкі гімн «Гаўдэамус», а таксама гімн Полацкага ўніверсітэта. Акрамя таго, з дзверцаў выязджаюць пяць фігур -- Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Пятра Скаргі (першага рэктара калегіума) і зборны вобраз студэнта і выкладчыка.

У калідорах былога калегіума мы любаваліся прыгожымі зводамі столі, стогадовай пліткай на падлозе. Спадабалася, што на белых сценах пазалочанымі літарамі выкладзены імёны ўсіх рэктараў гэтай навучальнай установы. А яшчэ тут ёсць Рэктарскі ўваход. Дубовыя дзверы з бронзавымі барэльефамі адчыняюцца двойчы на год: у верасні для першакурснікаў, у чэрвені -- для выпускнікоў. На ганку іх вітаюць рэктар і дэканы факультэтаў.

Разам з экскурсаводам мы прайшліся па праспекце імя Францыска Скарыны ў цэнтры Полацка, па старажытнай вуліцы Ніжне-Пакроўскай, якой нават прысвечаны асобны музей. Экскурсавод паказала нам дуб Вацлава Ластоўскага, беларускага дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка. Мы любаваліся шматлікімі помнікамі, прыгожымі будынкамі, даведаліся, што ў гэтым старажытным горадзе з насельніцтвам у 84 тысячы чалавек дзейнічае 11 дзяржаўных музеяў і два прыватныя. Безумоўна, за дзень усё не абыдзеш. Полацк і сам як горад-музей, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.