У Аляхновіцкім сельскім савеце ёсць дзве вёскі з аднолькавай назвай – Навасёлкі. Сёння гаворка пойдзе пра Навасёлкі 1.
Паміж высокіх гор
Наш гід па населеным пункце – Леанід Жыткевіч. Ён даўно жыве ў гэтай вёсцы, добра ведае мясцовых жыхароў.
Субяседнік паведаміў, што Навасёлкі 1 – вёска жывая, перспектыўная. Яе выбіраюць многія дачнікі, маладыя сем’і. Яны добраўпарадкоўваюць свае падворкі, будуюць дамы. У населены пункт прыязджае аўтакрама. Бліжэйшы стацыянарны магазін – у Дубраве, што знаходзіцца побач. Рэйсавым аўтобусам можна дабрацца ў Маладзечна ці Аляхновічы. Дзякуючы таму, што была мадэрнізаваная электрычная лінія, людзі пераходзяць на электрычнае ацяпленне. У выніку жыццё становіцца больш камфортным.
– Галоўная асаблівасць вёскі – шыкоўнае прыроднае акружэнне, – заўважыў Леанід Жыткевіч. – Праз населены пункт працякае Заходняя Бярэзіна. Раней рака была больш паўнаводная, рыбная. «Ахоўваюць» населены пункт высокія ўзгоркі. Называюцца яны гарамі – Майсеевай, Дзявочай і Гарадзішчам. У навакольных лясах шмат грыбоў і ягад. Такім чынам, калі чалавек не лянівы, сумаваць яму тут няма калі.
З гэтым, дарэчы, пагадзіліся ўсе, з кім гаварыў у час падарожжа ў вёску.
Парадак гарантуе дабрабыт
Пра тое, як Навасёлкі 1 набылі сучаснае аблічча, паведаміла Святлана Міраненка. Справа ў тым, што пасля Вялікай Айчыннай вайны мясцовую гаспадарку ўзначаліў яе бацька, былы франтавік Сяргей Іосіфавіч.
– У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя наша вёска была не такая вялікая, як цяпер, – расказала жанчына. – Затое навокал размяшчалася шмат хутароў. Бацька пачаў ссяляць людзей у Навасёлкі. Вяскоўцы будавалі дамы, укараняліся на новым месцы жыхарства. Лесу для будоўлі хапала.
Цэнтр калгаса тады знаходзіўся ў Навасёлках. У гаспадарку ўваходзілі вёскі Гойжава, Еленка, Кайцені. Дзеці хадзілі ў Дубраўскую школу.
Бацька Святланы Сяргееўны, акрамя ліквідацыі хутароў, узяўся за навядзенне парадку. Пры ім на калгасным падворку вазы, брычкі, сельскагаспадарчыя інструменты ўтрымліваліся ў ідэальным стане. На мясцовай ферме акрамя традыцыйнай буйной рагатай жывёлы і коней разводзілі авечак, курэй, гусей. Людзі паступова выходзілі з пасляваеннай галечы. Жыццё наладжвалася.
Лепш, чым у горадзе
З Нінай Рудой мы пазнаёміліся, калі жанчына завіхалася на сваім падворку – якраз насталі цёплыя красавіцкія дні, і трэба было навесці парадак на градках.
– Нарадзілася я ў першых Навасёлках, – расказала Ніна Мікалаеўна. – Давялося пажыць у Мінску. Шмат гадоў працавала ля Ждановічаў на цяплічным камбінаце. Пераехала на малую радзіму даглядаць бацькоў. І засталася тут назаўсёды.
Працаваць на зямлі жанчыне падабаецца. Глеба ў вёсцы ўрадлівая, але пры ўмове добрага догляду. У Ніны Рудой дзве дачкі, чацвёра ўнукаў. Яны любяць прыязджаць у вёску. Увогуле, у летнюю пару Навасёлкі 1 становяцца нашмат больш мнагалюднымі.
– Ні на што не прамяняю гэту прыгажосць! – адзначыла жанчына. – Кветкі на падворку, свежае паветра, спевы птушак. У кватэры адчуваю сябе нібы ў клетцы. Ды і людзі тут добрыя, ветлівыя. І вяскоўцы, і дачнікі заўсёды знаходзяць паміж сабой паразуменне.
Яшчэ адзін мясцовы жыхар, Канстанцін Яцкевіч, адзначыў, што жыццё на вёсцы мае свае прывілеі. Сярод іх – грыбы і ягады ў крокавай даступнасці, свая вітамінная прадукцыя на падворку.
Мужчына ўвесь час адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы, быў вадзіцелем. Жывы «механізм» у адну конскую сілу (каня) ён трымае і цяпер. На зіму хвастатаму памочніку неабходна нарыхтаваць сем вазоў сена. Справіцца з гэтай задачай дапамагаюць сваякі вяскоўца. А попыт на каня ёсць.
Як на хутары
Навасёлкі 1 маюць дзве вуліцы – Зарэчную і Цэнтральную. На адным баку Зарэчнай дамы стаяць даволі шчыльна адзін ад аднаго. А вось на супрацьлеглым забудова нагадвае хутарскую. І від тут проста зачароўвае, бо размешчаны пабудовы на ўзгорку.
Падворак Яніны Паўлоўскай выдзяляецца сярод іншых. Да яго вядзе шыкоўная алея, якую жанчына ў свой час асабіста дапамагала высаджваць, цяпер даглядае яе.
– У доме, дзе я жыву, раней знаходзіліся вясковы клуб і бібліятэка, – паведаміла Яніна Сцяпанаўна. – Купілі пабудову ў 1991 годзе. Адсюль адкрываюцца самыя лепшыя краявіды ў вёсцы. Дадайце сюды гарадскія выгоды – і вы зразумееце, чаму мне падабаецца гэта месца.
На думку жанчыны, малая радзіма застаецца для любога чалавека самым прывабным месцам у свеце. А спецыфіка вясковага жыцця якраз і заключаецца ў тым, што заўсёды трэба быць у тонусе, працаваць. Гэта не дае расслабіцца, настройвае на пазітыў. Затое вынік намаганняў заўсёды відавочны.
Да падножжа Майсеевай гары прытуліўся падворак Анатолія Уладзіміравіча і Яўгеніі Іванаўны Багіна. У мужа і жонкі пяцёра дзяцей (усе яны працавітыя, самастойныя), шасцёра ўнукаў і двое праўнукаў.
– Да пераезду на Маладзечаншчыну мы жылі ў Валожынскім раёне, – расказаў галава сям’і. – Умовы там былі не вельмі: ні лесу, ні вадаёма. Навасёлкі 1 спадабаліся нам адразу. Вельмі прыгожае месца! І людзі добрыя. Дзеці і ўнукі дапамагаюць па гаспадарцы. Ім у нас вельмі падабаецца. Вакол – прастора, цішыня. Раней працаваў на Беларускай чыгунцы машыністам электрацягнікоў. Цяпер аддаю перавагу цішыні і спакою.
Ад сябе дадам, калі наведваеш Навасёлкі 1, атмасфера спакою не пакідае цябе. Тут усё гарманічна, усё на месцы. Велічныя пейзажы, прыгожыя, працавітыя людзі, якія клапоцяцца пра сваю малую радзіму, берагуць яе. А яшчэ вялікае, блакітнае, мірнае неба над галавой… Усё гэта неабходна зберагчы.
Старонкі гісторыі
Вёска Навасёлкі 1 вядомая з XVIII стагоддзя. У 1791 годзе ў ёй налічвалася 35 двароў, у якіх жылі 233 чалавекі. Належаў населены пункт пану Марцінкевічу.
У наступным стагоддзі вёска пераходзіць у склад маёнтка Дубрава Мінскага павета. Уладарыць тут Гілярый Хмара (прадстаўнік знакамітага роду).
У 1960 годзе Навасёлкі 1 уз’ядналіся з вёскай П’янай, у якой было 4 двары і 9 жыхароў.
Цяпер у населеным пункце жыве каля 70 вяскоўцаў, большасць з іх працоўнага ўзросту. У вёсцы налічваецца прыкладна 40 двароў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ