Новости Молодечно и Молодечненского района

Наваполацк -- горад сонца

  • 2023-05-19 12:13:45
  • Алег Бяганскі

Пачну з таго, што Наваполацк малады горад. Яго на беразе Заходняй Дзвіны заснавалі ў 1958 годзе. Перад горадабудаўнікамі адкрываліся шырокія магчымасці рэалізаваць самыя амбіцыйныя ідэі і праекты -- максімальна прыстасаваць сацыяльную і транспартную інфраструктуру да патрэб гараджан. На маю думку, у Наваполацку ўсё гэта выдатна атрымалася. Шырокія вуліцы са скверамі і зручнымі пешаходнымі дарожкамі тут закладваліся першапачаткова. Шмат дзе пракладзены веладарожкі. У горадзе вялікая колькасць дрэў і газонаў. Двары шматкватэрных дамоў прасторныя. Гэта дапамагае вырашыць пытанне парковачных месцаў для асабістага аўтатранспарту.

Спрыяе камфорту і агульная планіроўка горада. У Наваполацку тры восевыя (шкілетныя) паралельныя адна адной вуліцы і шмат кароткіх вуліц-перамычак паміж імі. Такім чынам, каб трапіць у пэўнае месца, не трэба пятляць, часта перастройвацца з адной паласы руху на іншую, лішні раз паварочваць. У выніку эканоміцца час, павышаецца бяспека, выйграе экалогія.

Самая доўгая вуліца горада, яго асноўная магістраль, атрымала назву Маладзёжнай. Мясцовыя жыхары называюць яе «вуліцай без канца». Даўжыня Маладзёжнай больш за 15 кіламетраў. На ёй размяшчаюцца многія важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты.

Звернемся да тэмы наваселля. Усе ведаюць, што мала ў новай кватэры або доме паклеіць шпалеры, расставіць мэблю і ўстанавіць на кухні пліту. Трэба яшчэ ўдыхнуць у жыллё душу (павесіць на сценах карціны, расставіць сувеніры і гэтак далей). У горадзе функцыю душэўнага антуражу выконваюць вулічныя скульптуры, дызайнерскія лаўкі, мазаіка на пабудовах, фантаны, клумбы, помнікі і памятныя месцы. У Наваполацку ўсё гэта ў вялікай колькасці. Прычым савецкая тэма гарманічна спалучаецца з беларускімі нацыянальнымі матывамі.

Што тычыцца славутасцей, абавязкова раю наведаць музей гісторыі і культуры Наваполацка. Акамянеласцей і прылад працы эпохі неаліту ў экспазіцыі там няма. Затое шырока прадстаўлена гісторыя станаўлення горада, працоўныя і спартыўныя дасягненні яго жыхароў.

Уразіў крэатыўны падыход да падачы матэрыялу. Сапраўднай адметнасцю музея з’яўляецца першы і адзіны макет горада ў маштабе 1:160 з чыгуначнай і трамвайнай сеткай у мініяцюры. Над макетам перакінута шкляная дарожка. Калі крочыш па ёй, адчуваеш сябе Гуліверам.

Яшчэ адзін абавязковы для наведвання аб’ект -- мемарыяльны комплекс «Першая палатка». Менавіта на гэтым месцы пачаў сваё жыццё Наваполацк. Гэты помнік -- знакавае месца для кожнага гараджаніна. Сюды прыходзяць, каб пакланіцца стваральнай працы, працоўным дасягненням. На гарэльефе напісана «Слава будаўнікам Наваполацка». Тут жа мемарыяльныя дошкі ганаровым грамадзянам горада.

Незабыўнае ўражанне пакіне прагулка ўздоўж паўнаводнай Заходняй Дзвіны ў межах горада. Ля ракі размешчаны парк адпачынку, спартыўныя аб’екты. Такой зоне рэкрэацыі могуць пазайздросціць многія гарады. Увогуле, Наваполацк сапраўды адкрыты сонцу, пазітыву, новым ідэям. За гэта мясцовыя жыхары яго і любяць.

Так атрымалася, што для турыстаў Наваполацк застаецца ў цені свайго нашмат больш старажытнага суседа -- слаўнага Полацка. Аднак калі вы хочаце паглядзець, як павінен выглядаць горад мары, вам сюды. Маршруткі з Полацкага аўтавакзала адпраўляюцца ў адпаведным напрамку кожныя 15-30 мінут.

У ТЭМУ. Месца, дзе ўзнік Наваполацк, вызначыла Дзяржаўная камісія па выбары пляцоўкі для будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода. Спецыялісты палічылі, што ў Полацкім раёне за 10-12 кіламетраў ад старажытнага горада па цячэнні Заходняй Дзвіны на беларускім участку нафтаправода «Дружба» ёсць добрая пляцоўка для будаўніцтва, дастатковая колькасць будаўнічых матэрыялаў і працоўная сіла. Прадпрыемства стала для Наваполацка горадаўтваральным.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.