Справа ў тым, што на экалагічна чыстай тэрыторыі ў наваколлі райцэнтра Магілёўскай вобласці на глыбіні 450 метраў знаходзіцца радовішча высокамінералізаванай вады. Першая свідравіна для яе здабычы была прабурана яшчэ ў 1936 годзе. З таго часу і пачалася слава Бабруйска як мінеральнага курорта.
Чатыры свідравіны даюць жыватворную ваду на патрэбу адпачывальнікаў прафсаюзнага санаторыі імя У.І. Леніна. У савецкі перыяд гэта здраўніца з’яўлялася навукова-практычнай базай для акадэмікаў і прафесараў па вывучэнні лячэбных уласцівасцей мінеральных вод. Бабруйская «мінералка» выдатна спраўляецца са сваімі задачамі і цяпер. Яе можна піць і прымаць у ёй ванны.
Аднак Бабруйскі раён не адзіны ў нашай краіне, дзе здабываюцца мінеральныя воды. У рэспубліцы выяўлена 245 участкаў з іх радовішчамі. Айчынныя мінералізаваныя воды з’яўляюцца каштоўным рэсурсам і валодаюць вялікім экспартным патэнцыялам. Даюць «мінералку» свідравіны глыбінёй ад 150 да 1500 метраў. Пры гэтым мінералізацыя падземных крыніц дасягае 70 грамаў на дэцыметр кубічны (сапраўдныя расолы).
Усяго ў Беларусі налічваецца 85 санаторна-курортных і лячэбных устаноў, на балансе якіх ёсць водазаборы мінеральных падземных вод. Менавіта яны і выкарыстоўваюцца для лячэння захворванняў рознага профілю. У Брэсцкай вобласці такіх устаноў 6, у Віцебскай -- 9, Гомельскай -- 24, Гродзенскай -- 4, Мінскай -- 31, Магілёўскай -- 11.
Вучоныя ўстанавілі, што беларускія мінеральныя воды па сваіх характарыстыках змяняюцца ў шырокім дыяпазоне лячэбных параметраў. У гэтым іх унікальнасць і адрозненне ад замежных.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.