Новости Молодечно и Молодечненского района

Куток прыроды ў самым сэрцы Беларусі

  • 2026-01-04 07:15:00

Напярэдадні навагодняй мітусні наша рэдакцыйная машына зноў адправілася вывучаць Маладзечна. На гэты раз мы накіраваліся ў Верадова. Гісторыя вёскі ўзыходзіць да XVIII стагоддзя, калі яна ўваходзіла ў склад Віленскага раёна Мінскай губерні.

Знаёмства з маляўнічымі мясцінамі пачалося з паляўнічага доміка «Верадова», размешчанага за восем кіламетраў ад Маладзечна. Гэта месца, якое патанае ў зеляніне хваёва-піхтавага лесу, прыцягвае спакоем і прыгажосцю прыроды. Ля ўезда на тэрыторыю знаходзіцца памятны знак запаведніка мясцовага значэння «Верадоўскі бор». Плошча асабліва ахоўваемай тэрыторыі складае 161,44 гектара. Згодна з Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам, запаведнік быў аб’яўлены для падтрымання і захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці прыроднага комплексу. У межах яго дзейнічае рэжым аховы і выкарыстання, устаноўлены пунктам 2 артыкула 24 і пунктам 2 артыкула 28 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях». Такім чынам, у яго перыметры забаронены разведка і распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, скідванне сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе, мыццё механічных транспартных сродкаў, правядзенне работ па гідрамеліярацыйнай апрацоўцы, работ, звязаных са змяненнем існуючага гідралагічнага рэжыму (за выключэннем работ па яго аднаўленні, рэканструкцыі, рамонтна-тэхнічных асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў, збудаванняў унутраных водных шляхоў і супрацьпаводкавых збудаванняў).

На месцы мы сустрэліся з кіраўніком паляўнічага доміка Мікалаем Партыкам, які з задавальненнем расказаў пра домік і яго наваколле. Мікалай Мікалаевіч правёў экскурсію па тэрыторыі, расказаў аб прыродным ландшафце дэндрарыя, акружанага хваёва-піхтавым лесам, які не высякаўся больш за 150 гадоў.

Тут шмат магчымасцей для актыўнага адпачынку. Ёсць валейбольная пляцоўка, дзе можна весела бавіць час з сябрамі ці сям’ёй. Той, хто аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку, можа прагуляцца па навакольных лясах, каб сабраць ягады або грыбы. Мікалай Мікалаевіч заўважыў таксама, што непадалёк размешчана возера, багатае рыбай. Для тых, хто захапляецца рыбалкай, гэта месца стане сапраўдным раем. Пачулі мы аб магчымасцях водных прагулак – тут можна арандаваць катамаран або лодку і атрымаць асалоду ад цішыні і прыгажосці воднай роўнядзі. Назва комплексу «Домік паляўнічага» гаворыць сама за сябе. Сюды прыязджаюць аматары палявання, а дыпламаваны егер і паляўніцтвазнавец дадуць вам прафесійную кансультацыю.

На тэрыторыі комплексу жывуць плямістыя алені. Падысці да іх зусім блізка не атрымалася, але іх прыгажосць і афарбоўку відаць здалёк. Цікава, што гэты від у дзікай прыродзе Беларусі не сустракаецца. Натуральны арэал пасялення жывёл – Прымор’е, Кітай, Японія, Карэя, В’етнам. У канцы 30-х гадоў плямістыя алені былі прывезены на Каўказ, адкуль трапілі і да нас. Жывуць яны каля 12 гадоў.

Асаблівую ўвагу звярнула на ўтульную атмасферу, якая пануе ў гэтым месцы. Тут можна не толькі адпачыць ад гарадской мітусні, але і наталіцца сапраўдным яднаннем з прыродай. На Вадохрышча акунуцца ў купель прыязджаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты. Прыемна было прайсціся па экалагічнай сцежцы, узяць на заметку месца для адпачынку.

Нацешыўшыся прыроднымі ландшафтамі, мы накіраваліся ўглыб вёскі. Колькасць двароў і жыхароў Верадова невялікая, карэнных засталося зусім мала. Асноўная частка двароў – уладанні дачнікаў з Маладзечна і Мінска. Але знайсці субяседнікаў усё ж удалося. Уладзімір і Зінаіда Ясінскія купілі ўчастак у Верадове для дачы, але лёс распарадзіўся інакш. У часы ковід-19 яны пераехалі ў вёску на пастаяннае месца жыхарства. У Маладзечне застаўся жыць сын з сям’ёй. Аб сваім выбары сям’я не шкадуе – сельскае жыццё заўсёды ёй было бліжэй. Хоць субяседнікі ўжо і на пенсіі, але працягваюць працаваць: Зінаіда – санітаркай у радзільным доме, Уладзімір – ахоўнікам у дзіцячым садзе. Працуюць у горадзе пазменна, таму цяжкасцей з камунікацыямі не ўзнікае: ёсць свой транспарт, і да аўтобуснага прыпынку недалёка.

Раней муж з жонкай актыўна займаліся развядзеннем трусоў і індыкоў. Цяпер гаспадарка зменшылася, але для сям’і хапае. Цікавых фактаў аб гісторыі вёскі я не даведалася, ды і з улікам колькасці насельніцтва наўрад ці змагла б.

– З усяго Маладзечанскага раёна тут самая чыстая ягада, мы асабліва любім чарніцы. Вядома, у апошнія гады ўраджай, як і ўсюды, не вельмі радуе. Збіраем таксама грыбы. Водзіцца тут і рыба, стронга, напрыклад. Але лоўля яе забаронена. Рака Верадоўка працякае ўздоўж вёскі, у ёй часта можна сустрэць баброў, – расказвае Уладзімір.

Перастроіцца з гарадской мітусні на спакойнае вясковае жыццё змаглі хутка – абодва родам з сельскай мясцовасці. Тавары першай неабходнасці можна набыць у аўтакраме, якая прыязджае некалькі разоў на тыдзень. Недалёка ад Верадова знаходзіцца вёска Селішча Вілейскага раёна, дзе ёсць магазін, пошта, аддзяленне банка, а таксама наша Крыніца.

– Тут мы адчуваем сябе больш вольна, – дзеліцца Зінаіда. – У горадзе заўсёды шум і мітусня, а цяпер мы атрымліваем асалоду ад цішыні і прыгажосці прыроды. Свой ураджай не заўсёды апраўдвае чаканні, для добрага выніку на пясчанай зямлі давядзецца папрацаваць з прыроднымі ўгнаеннямі.

Прайшоўшы яшчэ крыху ўглыб вёскі, сустрэла дачнікаў з Мінска. Бацькі Марыны купілі дачу ў Верадове пару гадоў таму, летам прыязджаюць у водпуск, а зімой толькі на пару дзён. Сама Марына з мужам і дачкой прыязджаюць сюды нячаста, але сёлета вырашылі адсвяткаваць Новы год на прыродзе.

– Дачка яшчэ маленькая, верыць у Дзеда Мароза, для яе і хочацца ствараць чараўніцтва. Вырашылі хоць крыху ўпрыгожыць дом унутры, стварыць святочную атмасферу. Паклікалі сяброў, закупляем падарункі і мандарыны, а яшчэ буду гатаваць сваю фірменную страву – «Мяшочкі Дзеда Мароза», – гаворыць Марына.

Субяседніца з радасцю падзялілася тонкасцямі яе прыгатавання з чытачамі «МГ». Для «мяшочкаў» трэба напячы тонкія блінцы на малацэ, а потым напоўніць іх сытнай начынкай з курыцы, рысу, морквы і рэпчатай цыбулі (загадзя давесці ўсе інгрэдыенты да гатоўнасці). На блін выкласці неабходную колькасць начынкі (для сакавітасці Марына рэкамендуе дадаць 2 сталовыя лыжкі маянэзу), а затым акуратна злучыць краі бліна ў мяшочак. У якасці «стужачкі» для завязвання можна выкарыстоўваць пёры зялёнай цыбулі, а таксама сыр-касічку. Такая лёгкая і простая закуска ўпрыгожыць навагодні стол.

Вёска хоць і нешматлікая, але мае свае асаблівасці. Зімой час тут нібы запавольваецца, а з надыходам лета ляціць няўмольна хутка. Паездка выдалася вельмі займальнай, узяла на заметку і месца для адпачынку, і з жыхарамі пазнаёмілася, і нават даведалася рэцэпт новай навагодняй стравы.

Верадова завяршае цыкл нашай «Кропкі» ў гэтым годзе. Хочацца пажадаць кожнаму чытачу, каб у вашым доме заўсёды панавала атмасфера цяпла і ўтульнасці, а кожны дзень напаўняўся новымі адкрыццямі і прыемнымі сюрпрызамі. Няхай спраўдзяцца ўсе мары, а наперадзе чакаюць толькі светлыя перспектывы і ўдалыя пачынанні. Дзякуй, што былі з намі ў гэтым годзе, і да новых сустрэч у наступным!

Тэкст і фота: Дзіяна ЗЕЛЯНКО