У нашай краіне даволі шмат сельскіх населеных пунктаў, якія маюць шматвяковую гісторыю, слаўныя традыцыі і якія ўпісаліся ў сучасны дынамічны рытм жыцця. Капачы – адна з такіх вёсак. Знаходзіцца яна на скрыжаванні дарог, што вядуць у Маладзечна, Груздава і Хоўхлава.
Мірная, Цэнтральная, Маладзёжная
Уводную інфармацыю аб вёсцы даў стараста населенага пункта Анатолій Смолік. Ён нарадзіўся ў Валожынскім раёне. У Капачы пераехаў больш за 30 гадоў таму. Вясковец працуе пчаляром СУП «Хажоваагра-2009». Пчальнік гаспадаркі знаходзіцца ў старым садзе недалёка ад аграгарадка Хажова.
– Старастам з’яўляюся з таго часу, калі гэта пасада была ўведзена, – гаворыць Анатолій Ігнацьевіч. – У сваёй рабоце ўзаемадзейнічаю з сельвыканкамам, іншымі профільнымі арганізацыямі. Хаця вёска невялікая, усяго каля 80 жыхароў, у ёй тры вуліцы – Мірная, Цэнтральная і Маладзёжная. Двойчы на тыдзень у Капачы прыязджае аўтакрама. Дзеці вучацца ў сярэдняй школе ў Хажове. Іх туды дастаўляе школьны аўтобус. Мясцовыя жыхары працуюць у асноўным у горадзе ці ў мясцовай гаспадарцы.
Субяседнік адзначыў, што вяскоўцы паступова пераводзяць свае дамы на электрычнае ацяпленне. Усе ўмовы для гэтага ёсць. Некалькі дамоў падключаны да цэнтральнага водазабеспячэння. У цёмны час сутак вёска асвятляецца. Транспартная лагістыка таксама неблагая – да горада можна даехаць на грамадскім транспарце.
– У апошні час вясковыя дамы гараджане купляюць пад дачы, – дадаў Анатолій Смолік. – У дачнікаў і мясцовых жыхароў узаемаадносіны добрыя. Увогуле, людзі стараюцца, каб іх падворкі выглядалі акуратна. Нагадваць землякам, каб пакасілі свой участак, практычна не даводзіцца. У выніку вёска дагледжаная.
Тут камфортна і ўтульна
Пра гісторыю Капачоў і змены ў ладзе жыцця расказала мясцовая жыхарка старажыл Аляксандра Стасіловіч. Жанчына шмат ведае пра людзей, іх звычкі і традыцыі. У Капачах жылі яе бацькі.
– Я нарадзілася ў час нямецка-фашысцкай акупацыі, – паведаміла Аляксандра Захараўна. – У 1944 годзе тату, Захарыя Васільевіча, мабілізавалі ў Чырвоную армію. Амаль не запомніла яго. Адзінае, што засталося з успамінаў, як ён вядзе мяне за руку па вясковай вуліцы. А яшчэ маленькая фатаграфія, якая стала нашай сямейнай рэліквіяй. Тата загінуў пры вызваленні Польшчы. Ён пахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Маці, Ганна Іванаўна, засталася адна з дзесяцярымі дзецьмі.
Мнагадзетная няпоўная сям’я жыла ў вёсцы, потым перабралася на хутар. У Капачы маці і дзеці вярнуліся ў 1958 годзе. Аляксандра закончыла чатыры класы мясцовай школы, потым тры гады вучылася ў Груздаве, у восьмы клас хадзіла ў Хажоўскую школу. Далей вучыцца не давялося: трэба было працаваць, дапамагаць маці, здароўе якой ад усяго перажытага паслабела.
Аляксандра Стасіловіч працавала ў брыгадзе ў гаспадарцы, потым на пошце, дзе абслугоўвала вёскі Капачы і Бяртошкі. Тэхнікі тады не было, карэспандэнцыю даводзілася дастаўляць летам на веласіпедзе, зімой – пешшу.
Больш за тры дзясяткі гадоў вяскоўка працавала даяркай, дзевяць з іх – на пенсіі. Спачатку праца была цалкам ручная. За кожнай даяркай было замацавана 15 кароў. Жанчыны самі даілі, насілі і грузілі бітоны з малаком. Калі пачалі выкарыстоўваць даільныя апараты, колькасць падапечных павялічылася да 50.
– Я лічу сябе багатым чалавекам, – зазначыла Аляксандра Захараўна. – У мяне чацвёра дзяцей, сямёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў (з іх толькі адна дзяўчынка). Сваякі пастаянна наведваюць мяне, клапоцяцца, дапамагаюць. Увогуле, жыць на вёсцы цяпер можна няблага. Пенсія добрая. Людзі навокал добразычлівыя. Галоўнае, каб здароўе было і мірнае неба над нашымі галовамі.
Пры гэтым субяседніца лічыць, што раней у Капачах было весялей: больш моладзі, людзі больш вынослівыя былі, бо працавалі фізічна. А што тычыцца матэрыяльнага дастатку, тут ужо змены на карысць нашага часу. У маладосці пакупка цукерак або абноўкі была сапраўдным святам. Цяпер купіць можна ўсё што захочаш. У горад жанчына перабірацца катэгарычна не хоча. Гаворыць, што прыкіпела душой да роднай зямлі. Толькі ў Капачах ёй камфортна і ўтульна.
Людзі гавораць
Цікава было прайсціся па вуліцах населенага пункта, паназіраць за вясковым жыццём. А цячэ яно плаўна, людзі занятыя сваімі справамі. Тым больш што летам трэба зрабіць шмат. Рытм жыцця ў сельскай мясцовасці прывязаны да прыроднага. Таму каб зімой не застацца без прадуктаў, вырашчаных на ўласным падворку, трэба выкарыстоўваць кожную мінуту. Нездарма кажуць, што вёска эфектыўна лечыць ад лайдацтва.
Добрае ўражанне пакінула размова з былым старшынёй Хажоўскага сельскага Савета дэпутатаў Лявонам Шчуцкім. Ён узначальваў сельскі Савет каля 20 гадоў, шмат карыснага зрабіў для людзей. Карэнны жыхар населенага пункта карыстаецца ў землякоў вялікай павагай.
– Нарадзіўся я ў Капачах, – паведаміў яшчэ адзін мясцовы жыхар – Іван Статкевіч. – Мая маці таксама адсюль. Закончыў мясцовую школу, працаваў у Маладзечне на мэблевай фабрыцы, ЗМК. На падворку трымаю каня і дзвюх кароў.
Субяседнік расказаў, што на зіму яму неабходна нарыхтаваць шмат сена. Сёлета з-за дажджлівага надвор’я зрабіць гэта няпроста. Аднак участкаў, каб накасіць травы, хапае. Конь на вёсцы і цяпер незаменны памочнік. А сваё малако карыстаецца попытам у вяскоўцаў і дачнікаў. Увогуле, калі любіш зямлю, яна адплаціць табе любоўю. На роднай зямлі не прападзеш.
Віктар Шэмет жыве ў Капачах тры гады. З гэтай вёскай звязаны лёс яго бацькі і дзеда. Тут знаходзіцца радавое сямейнае гняздо мужчыны.
– Раней доўгі час жыў на Украіне, у тым ліку ў Сумскай вобласці, – расказаў субяседнік. – Прырода там зусім не падобная на нашу. У асноўным стэп, лясоў мала. Я сумаваў па родных мясцінах. Лічу, што Капачы не адарваныя ад цывілізацыі. Месцазнаходжанне вёскі ўдалае, прыязджае аўтакрама. Бліжэйшыя магазіны ёсць у Хажове і Груздаве. Можна заняцца ціхім паляваннем – сёлета грыбоў шмат. А вось з садавіной у гэтым сезоне не пашанцавала. Калі дрэвы цвілі, здарыліся замаразкі да мінус шасці градусаў. Добра ўрадзілі толькі парэчкі.
Мужчына акцэнтаваў, што ў Капачах, дзе жыве і яго брат, яму камфортна. Тут адчуваеш сябе сапраўды на роднай зямлі. З гэтым згодныя ўсе, з кім давялося пагаварыць у час наведвання населенага пункта.
Старонкі гісторыі
Як паведамляецца ў кнізе «Памяць», першае ўпамінанне пра Капачы датуецца 1433 годам. Тады гэта было сяльцо Мінскага павета Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1759 годзе ў населеным пункце налічвалася 9 двароў і 46 жыхароў. Праз паўтара стагоддзя двароў стала 37, мясцовых жыхароў – 253. Тут меліся хлебазапасны магазін, вадзяны млын.
У час Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 5 двароў, забілі 5 мірных жыхароў. У баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі 16 вяскоўцаў.
Цяпер у Капачах каля 35 двароў, прыкладна 80 жыхароў, большасць з якіх працаздольнага ўзросту.
Недалёка ад вёскі ёсць помнікі археалогіі – насыпныя курганы вышынёй да 1,5 метра. А яшчэ ля населенага пункта знаходзіцца легендарная Чырвоная Валока, месца, звязанае з кровапралітнымі княжацкімі міжусобіцамі ў сярэдневякоўі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ