13.05.2021 9:28

Маладзечанскі і Аршанскі край. Што нас аб'ядноўвае?

Беларусь - цудоўная краіна, у якой жывуць таленавітыя працавітыя людзі. Маладзечна і Орша. Гарады розныя, але ў іх столькі агульнага...

Маладзечанцы добра ведаюць рэгіён, у якім жывуць, ганарацца сваёй гісторыяй і знакамітымі землякамі. Карэспандэнт «МГ» пабывала ў Оршы і паспрабавала высветліць, што агульнага ў жыхароў буйных раённых цэнтраў, якія знаходзяцца адзін ад аднаго на адлегласцi амаль 300 кіламетраў.

Першае ўражанне, якое атрымліваеш пры ўездзе, - актыўнасць мясцовых жыхароў. Насельніцтва горада перавышае сто тысяч, што значна больш, чым у Маладзечне. Аснову эканомікі складаюць прамысловыя прадпрыемствы. Сярод іх знакаміты «Світанак».

У цэнтры горада - плошча Леніна, месца, якое ёсць амаль ва ўсіх раённых цэнтрах з часоў СССР. Змяняюцца назвы (у Маладзечна гэта плошча Цэнтральная), але памяць пра гісторыю Савецкага Саюза і скульптура правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна застаецца.

На беразе Дняпра ў самым цэнтры Оршы - дзіцячы парк «Казачная краіна». Захапленне ў дзяцей і дарослых выклікае пяціметровая фігура Гулівера, які на сваёй далоні трымае маленькага лiлiпута. Гэты парк вядомы ў краiне вялікай колькасцю жанравых вулічных скульптур. Героі сусветна вядомых казак суправаджаюць на працягу ўсёй прагулкі: пацешны Нязнайка з сябрамі, кракадзіл Гена з Чабурашкай, Кот у ботах і іншыя персанажы.

У глыбіні «Казачнай краіны» знаходзіцца помнік Уладзіміра Караткевіча. Орша - радзіма знакамітага пісьменніка, а гэтая скульптура ўстаноўлена на месцы дома, у якім прайшлі яго дзіцячыя гады.



Менавіта з гэтага кутка пачынаецца знаёмства з літаратурнай старонкай краю. Маладзечанцы ганарацца знакамітым земляком, класікам беларускай літаратуры - Янкам Купалам. Аршанцы беражліва захоўваюць гісторыю жыцця i творчасцi Уладзіміра Караткевіча.

Побач з плошчай Леніна знаходзіцца музей пісьменніка. Сімвалічна, што ў гэтым будынку раней размяшчаўся гарадскі радзільны дом, у якім з'явіўся на свет Уладзімір Караткевіч.

Творчасць Янкі Купалы стала асновай для развіцця таленту пачынаючага аўтара. Сярод першых твораў будучага класіка беларускай літаратуры - нарыс-эсэ "Вязынка" ў кнізе "Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці І дзейнасці". Любоўю да роднай зямлі і народу прасякнуты творы абодвух вялікіх пісьменнікаў, якія сталі гонарам нацыянальнай літаратуры.

Музей Уладзіміра Караткевіча ўразіў спалучэннем побыту часу СССР і сучаснасцю. Малады навуковы супрацоўнік Кацярына Цэхановіч праводзіць экскурсію з пачуццём гонару і любові да творчасці знакамітага земляка. Экспазіцыя музея ажывае, а сучасныя формы работы (квэсты, гульні, віктарыны) напаўняюць залы станоўчымi эмоцыямi дапытлівых прыхільнікаў таленту пісьменніка. Экранізацыя твораў Уладзіміра Караткевіча прадстаўлена калекцыяй фільмаў з магчымасцю іх прагляду ў адным з залаў.

Прыемнай нечаканасцю стаў той факт, што ў дзень наведвання на другім паверсе музея была размешчана выстава з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Пад шклом - дакументы, фатаграфіі, канспекты, першыя надрукаваныя вершы, перапіска з сябрамі. Сярод іх ліст Уладзіміра Караткевіча Уладзіславе Луцэвіч, жонцы Янкі Купалы. Уладзіслава Францаўна родам з Валожынскага раёна. Цiкава, што лёс жонкі Караткевіча Валянціны Браніславаўны звязаны з Маладзечаншчынай.

Пакідаючы гасцінны горад Оршу, праязджаеш праз Днепр, на беразе якога размешчаны мемарыяльны комплекс «За нашу Савецкую Радзіму». Называюць яго і «Кацюша», бо прысвечаны ён першым баявым залпам легендарнай баявой машыны рэактыўнай артылерыі БМ-13. Эксперыментальная батарэя з сямі машын пад камандаваннем капітана Флёрава 14 ліпеня 1941 года ўпершыню дала залп па чыгуначнай станцыі Орша і пераправе праз раку Оршыца падчас наступу немцаў. Комплекс узведзены ў гонар 25-годдзя з дня падзеі. Аршанцы і маладзечанцы берагуць памяць пра герояў вайны і захапляюцца іх подзвігамi.

Агульная гісторыя і менталітэт - гэта толькі малая частка вялікага жыцця беларускага народа, які шануе радзiму і ўносіць значны ўклад у развіццё сусветнай культуры. Дзе б мы нi жылi, нас аб'ядноўвае любоў да Беларусі, яе мінулага, сучаснасці і будучыні. Вандруйце па Беларусi i адкрывайце новыя цiкавыя старонкi нашай агульнай спадчыны.

Прочитано 727 раз Последнее изменение 13.05.2021 9:28
Валентина Довбенко

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.