25.01.2021 15:24

Чым запомніліся жыхарам нашага раёна мінулыя гады Быка?

Каб даведацца пра гэта, перагорнем разам падшыўкі раённай газеты.

Дэлегаты XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве Алена Вялюк, Ірына Літвін, Раман Чаплінскі, Тамара Кукала. Дэлегаты XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве Алена Вялюк, Ірына Літвін, Раман Чаплінскі, Тамара Кукала. Маладзечанская газета

1985: у СССР – эпоха Гарбачова, у газеце — эпоха Хазяніна

Нумар аб’яднанай газеты «Святло камунізму» за 2 сакавіка 1985 года падпісаў новы рэдактар — Аляксандр Хазянін, які ўзначальваў яе амаль 25 гадоў, стварыў творчы калектыў, заклаў трывалыя традыцыі, якія і сёння дапамагаюць нашаму выданню быць адным з самых паспяховых у краіне. Такое вось супадзенне: Аляксандр Аляксандравіч пайшоў на заслужаны адпачынак таксама ў год Быка – у 2009-м.

У нумары за 11 сакавіка ў газеце змешчана паведамленне, што Генеральным сакратаром ЦК КПСС абраны Міхаіл Гарбачоў – у СССР пачалася эпоха перабудовы.

Адметная падзея года – XII Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, у якім прымалі ўдзел дэлегаты нашага раёна – рабочая друкарні «Перамога» Алена Вялюк, выкладчыца музвучылішча Ірына Літвін, будаўнік трэста «Маладзечнасельбуд» Раман Чаплінскі, настаўніца Гарадоцкай СШ Галіна Сейла, рабочая ЗСПВ Тамара Кукала, рабочая фабрыкі мастацкіх вырабаў Алена Клямяціч, якая стварыла сувенір з фестывальнай сімволікай – ільняную ляльку Алесю.

У гэты год Палачанскі сельсавет быў прызнаны адным з лепшых па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва. Пры заводах пачалі працаваць аграцэхі – новае веянне часу. У адным з самых вялікіх маладзёжных інтэрнатаў горада згуртавала юнакоў і дзяўчат «Беларуская хатка», якую арганізаваў малады краязнавец Міхась Казлоўскі. Выйшла кніга нашага земляка доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага «Адчыніся, таямніца часу», матэрыялы якой да гэтага друкаваліся ў нашай газеце.

Развіваўся турызм, з Маладзечна адпраўляліся турыстычныя цягнікі. У адным з іх, кірунку Маладзечна – Кішынёў – Адэса, віншавалі з 25-годдзем сямейнага жыцця Ірыну і Сцяпана Яновічаў. Пра гэта напісаў у газету дырэктар цягніка І. Сцяпанаў. А ў межах раёна курсіравалі так званыя «агітцягнікі». У складзе аднаго з іх, які прыбыў у вёску Зоранька, былі цырульнік, аўтакрама, фатограф, лектары.

1997: першыя Міс горада і раёна, клуб перадавых камбайнераў, моцны ўраган

Кітайскі каляндар увайшоў ужо ў моду: вясёлы бычок упрыгожваў навагодні нумар нашай газеты.
Сімпатычнага бычка для «МГ» намаляваў мастак Аляксандр Кавалёў.

У гэтым годзе ў Чысці адкрыўся завод па вырабе чарапіцы.

Прайшлі адны з першых конкурсаў прыгажосці: «Міс Маладзечна» стала Іна Каханоўская, «Міс Маладзечанскага раёна» — Святлана Каралевіч з Палачан.
«Міс Маладзечна-97» Іна Каханоўская.

У ліпені пры агракамбінаце «Маладзечанскі» створаны клуб камбайнераў-перадавікоў. Першымі ў яго ўвайшлі Георгій Мяснік з сельгаспрадпрыемства «Палачаны», Анатолій Ахрэм з «Героя працы», Леанід Забельскі са «Светлага шляху», Віктар Трыфанаў з «Маркава», Рамуальд Ліпніцкі з «Маладзечанскага». Членам клуба прадугледжвалася ў час жніва 15-працэнтная надбаўка да зарплаты, першачарговая апрацоўка прысядзібных участкаў, бясплатная падпіска на «Беларускую думку» і «Маладзечанскую газету».

Летам па краіне пранёсся магутны ўраган, ад яго пацярпеў 31 населены пункт нашага раёна. Асабліва шмат разбурэнняў было ў вёсцы Загорскае Мясоцкага сельсавета.

У гэты год пайшлі з жыцця тры славутыя маладзечанцы: ветэран вайны, краязнавец, былы рэдактар раённай газеты, адзін з ініцыятараў стварэння помніка дарозе Вячаслаў Ляшковіч, таленавіты мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, вядомы настаўнік хіміі СШ №7 Георгій Корсак.
У гэты год на базе Мінскага абласнога драматычнага тэатра праходзіў IV Рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца-97». Наша зямлячка, спявачка Стэла, на той час салістка аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, прадстаўляла Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў на «Славянскім базары».

2009: каткі ў кожнай школе, супергабелен у музеі, прэм’ера оперы «Яўгеній Анегін»

У гэты год наша газета адзначыла сваё 70-годдзе. У верасні на пасаду галоўнага рэдактара быў прызначаны Аляксандр Лазоўскі, які ўзначальваў калектыў рэдакцыі да сярэдзіны 2018 года. Пры ім газета пачала выходзіць у колеры, набыла сучасны выгляд, неаднаразова займала прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах.

У 2009-м была сапраўдная зіма, з маразамі і снегам. На гарадскім і гарадошным стадыёнах залівалі каткі, арганізавалі пракат канькоў. Патрабаванне таго часу: у кожнай школе дзейнічаў свой каток.

Чысцінская ўчастковая бальніца пад кіраўніцтвам загадчыцы Наталлі Люцко па выніках рэспубліканскага конкурсу стала лепшай у краіне.

У Мінскім абласным краязнаўчым музеі прэзентавалі супергабелен Эдуарда Рымаровіча «Старадаўнія гарады Мінскай вобласці» плошчай у 25 квадратных метраў.

20-годдзе адзначыла літаратурна-краязнаўчае аб’яднанне «Жывіца» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча. 80 гадоў споўнілася Герою Сацыялістычнай Працы з вёскі Дзякшняны Фёдару Комару. 70-годдзе адзначыў Барыс Вайцяхоўскі — вядомы педагог, першы дырэктар першай у горадзе гімназіі (у 1991 годзе — беларускай, цяпер гімназіі №10).
Удзельнікі і госці літаратурна-краязнаўчага аб’яднання «Жывіца» на ўрачыстасці ў гонар яе 20-годдзя. 

Брыльянтавае вяселле адбылося ў жыхароў Палачан Софіі і Аляксандра Ляхновічаў, якія прыехалі на ўрачыстую рэгістрацыю ў сельскі Савет на чорным лімузіне.
Брыльянтавае вяселле адзначылі ў 2009 годзе жыхары Палачан Софія і Аляксандр Ляхновічы. Іх віншавалі вучні мясцовай школы.

Пераможцамі раённага конкурсу мнагадзетных сем’яў сталі Зарына і Уладзімір Смалонскія з Граніч.

Адміністрацыя завода жалезабетонных вырабаў заахвочвала сем’і работнікаў, дзе нараджаецца трэцяе дзіця. Таццяне і Дзмітрыю Гайковічам падарылі тэлевізар з нагоды нараджэння сына Захара.

На сцэне гарадскога Палаца культуры адбылася прэм’ера оперы «Яўгеній Анегін» у пастаноўцы Маладзёжнага музычнага тэатра. Ролю Анегіна выканаў Андрэй Саўчанка, Таццяны – Наталля Францкевіч.

У гэты год дырэктару музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгору Сароку было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна.

Гучная музычная перамога года: маладзечанец Аляксандр Салаўёў атрымаў Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2009».

Працяг. Пачатак у нумары за 16 студзеня 2021 года.

Падшыўкі гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў «МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ ГАЗЕТЫ».

Прочитано 580 раз Последнее изменение 25.01.2021 15:24
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.