16.01.2021 10:13

Чым запомніліся жыхарам нашага раёна мінулыя гады Быка?

Каб даведацца пра гэта, перагорнем разам падшыўкі раённай газеты.

1961: пісьмы Юрыю Гагарыну, дэнамінацыя, адкрыццё ўнівермага і бібліятэкі

Папярэдніца нашай газеты ў той час называлася «Сцяг Кастрычніка». Пра год Быка па кітайскім календары на яе старонках не прыгадвалася. Затое інфармацыя пра 17 афрыканскіх краін, якія атрымалі незалежнасць, змяшчалася ледзь не ў кожным нумары, нават друкаваліся іх карты. Нездарма ж 1961-ы назвалі годам Афрыкі.
Быка, запрэжанага ў воз, мы ўсё ж знайшлі на малюнку І. Сычова ў першым нумары газеты за 1961 год.

Найважнейшая падзея для савецкіх людзей – палёт у космас Юрыя Гагарына. Увесь красавік на старонках газеты змяшчаліся здымкі першага касманаўта, а таксама пісьмы маладзечанцаў, усхваляваных гэтай падзеяй. Пазаштатны аўтар газеты Наталля Карней з вёскі Жарлакі нават прысвяціла яму верш, перадала пачуцці сваіх землякоў: «Дык гэта ж лепшая з падзей! Усмешка ў кожнага на твары. У космас першым паляцеў савецкі касманаўт Гагарын».На фота М. Лепяшынскага тэхнарук швейнай фабрыкі №1 У.Ф. Лавыш гутарыць з работнікамі аб палёце ў космас Юрыя Гагарына.

У студзені ў горадзе адкрыліся два знакавыя аб’екты – універмаг на 66 рабочых месцаў і цэнтральная гарадская бібліятэка імя Н. Крупскай.

У СССР прайшла дзесяцікратная дэнамінацыя: за дзесяць рублёў давалі адзін. У газеце змяшчалася аб’ява, дзе можна памяняць старыя грошы на новыя. Цікава, што абменныя пункты размяшчаліся ў музычным вучылішчы, будынку дэпо і г.д.

У гэты час яшчэ не ўсе вёскі былі электрыфікаваныя. У крытычным артыкуле чытачы скардзіліся, што вёску Вішнёўку можна назваць канцом свету, бо яе жыхары жывуць пры газавых лямпах. Увогуле, крытыкі было шмат: у Васькаўцах круціў фільмы нецвярозы кінамеханік, а ў адной з вёсак паштальёнка любіла чытаць чужыя пісьмы…

Ішоў трэці год сямігодкі, працоўныя прысвячалі свае дасягненні XXII з’езду КПСС. Дэлегатам ад нашага раёна на яго была абраная перадавая звеннявая льнаводчага звяна калгаса імя Я. Купалы (цяпер ААТ «Палачаны») Тарэса Клімашэўская.
Старшыня калгаса імя Янкі Купалы Юльян Кашэўскі і таварышы па працы цёпла праводзілі ў Маскву перадавую звеннявую Тарэсу Клімашэўскую, дэлегата XXII з’езда КПСС


1973: зарплата праз ашчадную касу, адкрыццё раённай паліклінікі, візіт Левітана

У кожным нумары газета «Святло камунізму» нагадвала чытачам: «На вахце – трэці, рашаючы год пяцігодкі». Яго трэба было адзначыць ударнай працай. Ганарова было перавыконваць вытворчыя планы. Паведамлялася, напрыклад, што ў студзені кінамеханік з Лебедзева Г.М. Мінкоўскі працаваў у лік сакавіка. Вось толькі не расказвалася, якім чынам: больш фільмаў паказваў ці апераджаў графік пракату.

Маладзечанскі станказавод першым сярод прадпрыемстваў горада перайшоў на новую сістэму аплаты працы: пачаў выплачваць заработную плату праз ашчадную касу, якая размяшчалася ў інтэрнаце. Многія работнікі здымалі частку грошай, астатнія пакідалі на ашчаднай кніжцы. Хто тады мог падумаць, што ў ліхія 1990-я іх зберажэнні ператворацца ў нішто…

У лютым 1973 года расчыніла дзверы для наведвальнікаў па вуліцы Валынца,1 раённая паліклініка са стацыянарам на 200 ложкаў (цяпер бальніца №2).
Работнікі клініка-дыягнастычнай лабараторыі раённай паліклінікі, якая адкрылася ў 1973 годзе: загадчыца Антаніна Алейнікава, лабарантка Ганна Сакалоўская, санітарка Галіна Паклікуха.

Пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адкрыўся лёгкаатлетычны манеж.

У Зялёным гарадку фабрыка індпашыву і рамонту абутку запрашала на выстаўку-продаж сваёй прадукцыі.

Заскавіцкі палац культуры (менавіта так ён называўся ў той час) сабраў на раённы злёт перадавікоў з усяго раёна.

У Яхімоўшчыне адкрыўся першы ў раёне двухпавярховы гандлёвы цэнтр.

Жыхар вёскі Беніца В. Бабей у пісьме ў газету распавядаў, што ў кожным трэцім доме яго аднавяскоўцаў ёсць тэлевізар.

Паказальным для таго часу было пісьмо ў газету адной з работніц фабрыкі мастацкіх вырабаў. У ім яна дзякавала савецкай уладзе і дырэктару фабрыкі К.Л. Філіпавай за маральную і матэрыяльную падтрымку. Жанчына развялася з мужам, п’яніцам і дэбашырам, і дырэктар дапамагла ёй атрымаць кватэру, уладкаваць дзяцей у сад з кругласутачным знаходжаннем, забяспечылі яе і пуцёўкай у санаторый.

У сакавіку наш раён наведаў Юрый Левітан – дыктар Усесаюзнага радыё, легендарная асоба. Ён выступаў не толькі на прадпрыемствах, ва ўстановах горада, але і ў сельскіх клубах. Дарэчы, на той час у Маладзечне дзейнічалі тры дамы культуры (гарадскі, будаўнікоў і чыгуначнікаў) і два клубы (мэблевай фабрыкі і завода сілавых паўправадніковых вентыляў).
Легендарны дыктар Усесаюзнага радыё Юрый Левітан у час сустрэчы з навучэнцамі тэхнічнага вучылішча №87.


Моладзь калгаса імя Леніна (цяпер філіял «Маркава») сустракае Дзень нараджэння камсамола: сакратар камсамольскай арганізацыі, заатэхнік Мікалай Кот, даярка Галіна Сергіевіч, брыгадзір Аркадзій Луновіч, даярка Галіна Лазоўская, шафёр Алег Ермаковіч.

Падшыўкі гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў «Маладзечанскай газеты».


Прочитано 271 раз Последнее изменение 16.01.2021 10:13
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.