28.10.2020 9:33

Вандруем па Беларусі. Вадзяны млын ля вёскі Пятроўшчына

Раней на Заходняй Бярэзіне дзейнічалі некалькі вадзяных млыноў. Адзін з іх у XIX стагоддзі знаходзіўся ля вёскі Пятроўшчына. Мураваны будынак нядрэнна захаваўся да нашага часу. Аб’ект шмат пра што можа расказаць цікаўнаму турысту.

Вадзяны млын ля Пятроўшчыны Вадзяны млын ля Пятроўшчыны "Маладзечанская газета".

Чаму вадзяныя млыны будаваліся на Заходняй Бярэзіне? Рака ж невялікая, расход вады малы. Аднак яна праразае Мінскае ўзвышша, таму мае значныя перапады і хуткае цячэнне. У выніку ў даліне зручна ствараць вадасховішчы.

Адметная і кладка сцен будынка. Пры будаўніцтве прымяняліся камяні. Узоры падобнай тэхналогіі сустракаюцца па ўсёй Беларусі. Такім чынам дойліды не ва ўрон якасці змяншалі кошт работ. Камяні — прыродны матэрыял. Іх у наваколлі хапае. У сценах бачныя нават фрагменты жорнаў. Такая кладка вельмі трывалая. Ды і выглядае маляўніча.

Ля млына захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў. Можна ўбачыць сцены шлюза, на якім былі ўстаноўлены вялікае кола або турбіна. Энергія кручэння перадавалася на вал, ад яго праз сістэму шасцерань — на жорны. І жорны, і адсек, дзе былі зманціраваны механізмы, можна ўбачыць нават цяпер.

Дарэчы, на адным з жорнаў бачныя завадское таўро і дата «1978 год». Шлюз быў абноўлены ў 1956-м, пра што сведчыць пакінуты будаўнікамі надпіс. Сам будынак выкарыстоўваўся да 90-х гадоў мінулага стагоддзя як гідратэхнічнае збудаванне. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што ў перыяд перад закрыццём млын працаваў на электрычнасці, а не на энергіі вады.

Трэба адзначыць, што людзі ў нашым краі навучыліся выпрабоўваць энергію вады шмат стагоддзяў таму. Селячыся на берагах рэк, нашы продкі будавалі млыны, у якіх малолі збожжа, рэзалі дошкі, валялі сукно.

Вадзяныя млыны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў XII-XIII стагоддзях, асабліва пашырыліся ў XVI-XVIII. Шырока выкарыстоўваліся яны да XX стагоддзя. Уладальнікамі млыноў былі купцы, дзяржава, манастыры і багатыя людзі, але першапачаткова іх пачалі будаваць у манастырах і пры гаспадарках князёў.

У ХVІІІ — першай палове ХХ стагоддзя вадзяныя млыны былі лакальнымі цэнтрамі эканамічнага і грамадскага жыцця рэгіёна. Такім чынам, Заходняя Бярэзіна стварала ўмовы для развіцця гаспадаркі ў гэтым куточку Маладзечаншчыны.

Ля Пятроўшчынскага млына за дамбай знаходзіцца ўтульнае вадасховішча. Тут на ўлонні прыроды можна палюбавацца краявідамі, выпрабаваць рыбацкае шчасце, падыхаць лясным паветрам з фітанцыдамі. А заадно агледзець узор аб’екта зялёнай энергетыкі пазамінулага стагоддзя. Вось вам і чарговая ідэя для падарожжа выхаднога дня…

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/puteshestviya/item/7930-vandruem-pa-belarusi-vadzyany-mlyn-lya-vjoski-pyatro-shchyna.html#sigProId395bfe5142
Прочитано 1242 раз Последнее изменение 28.10.2020 9:33
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Невядомая Смаргонь

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить