08.12.2023 11:05

БелАЗ -- як на далоні

Прамысловы турызм у нашай краіне набірае ўсю большую папулярнасць. Нядаўна амаль 50 актывістаў раённай арганізацыі ветэранаў у рамках выязнога пасяджэння народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце» пабывалі на экскурсіі ў Жодзіне на БелАЗе -- найбуйнейшым у свеце прадпрыемстве па выпуску кар’ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабываючай і будаўнічай прамысловасці. Наведалі таксама індустрыяльны парк «Вялікі Камень», Курган Славы. Па дарозе шмат цікавай і карыснай інфармацыі паведаміла вопытны экскурсавод Галіна Дрокіна.

Сярэдняя зарплата -- 2800 рублёў

-- Мы пастаянна прымаем экскурсійныя групы, графік распісаны літаральна па гадзінах, -- сказала нам вельмі прафесійны і зацікаўлены гід Вольга Кулінковіч.

Спачатку яна запрасіла нас у музей прамысловай славы прадпрыемства, дзе прадстаўлены дакладныя копіі тэхнікі ад першых мадэляў да сучасных. Мы даведаліся, што гісторыя БелАЗа пачынаецца з 1948 года, калі было прынята рашэнне аб будаўніцтве завода тарфянога машынабудавання «Торфмаш». У 1951-м ён рэарганізаваны ў завод дарожных і меліярацыйных машын «Дармаш». У 1958 годзе тут быў выпушчаны першы 25-тонны самазвал, а прадпрыемству прысвоена імя БелАЗ. Бягучы год для завода адметны: сёлета ён адзначыў сваё 75-годдзе. Тут распрацавана 550 мадыфікацый кар’ернай тэхнікі для работы ў розных кліматычных умовах. Сёння БелАЗ -- брэнд сусветнага ўзроўню, прадукцыя якога экспартуецца больш чым у 80 краін свету. Аб павышаным попыце на беларускія гіганты сведчыць той факт, што завод працуе пад поўную загрузку кругласутачна, у тры змены. Тут налічваецца 10 тысяч работнікаў (у тым ліку 3,5 тысячы жанчын) -- кожны шосты жыхар 64-тысячнага Жодзіна. Сярэдняя зарплата на заводзе 2800 рублёў. Вельмі важкі сацыяльны пакет: прадпрыемства мае свой санаторый, у якім можна атрымаць працэдуры нават пасля змены, дзіцячы аздараўленчы лагер, спарткомплекс, Дом культуры, іншыя аб’екты. Мамы ў дэкрэце атрымліваюць даплату да дзяржаўнай дапамогі па доглядзе дзіцяці ў суме 280 рублёў, прадугледжаны розныя віды дапамогі для ветэранаў.

450-тоннік -- у Кнізе рэкордаў Гінеса

Вольга з гордасцю расказвала нам аб поспехах роднага прадпрыемства. Як не ганарыцца, што ў 2014 годзе 450-тоннік БелАЗа двойчы трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі ў свеце самазвал, які перавёз 503,5 тоны грузу і як самы вялікі кузаў аб’ёмам 645,4 кубічнага метра.

На сучасных стэндах музея -- партрэты кіраўнікоў прадпрыемства. Аднаму з яго дырэктараў -- Паўлу Марыеву, які 48 гадоў прысвяціў рабоце на заводзе, у няпростыя 1990-я паспяхова правёў яго глабальную мадэрнізацыю, у 2001 годзе было прысвоена званне Героя Беларусі. З 2020 года генеральным дырэктарам БелАЗа працуе Сяргей Нікіфаровіч, які прайшоў шлях ад майстра да кіраўніка самага буйнога ў краіне холдынгу.

Экскурсавод прапанавала нам праехаць па вялікай, у 115 гектараў, тэрыторыі прадпрыемства, па якой ходзяць электробусы. «Работнікі ведаюць расклад іх руху, пры неабходнасці прыходзяць на адзін з прыпынкаў і едуць у той ці іншы корпус», -- зазначыла Вольга. Дарэчы, перад экскурсіяй у адпаведнасці з тэхнікай бяспекі кожны з нас апрануў аранжавую камізэльку. Немагчыма было не ўразіцца, убачыўшы на адкрытай выставачнай пляцоўцы шматтонныя самазвалы фірменнага жоўта-сіняга колеру. Зразумела, кожны хацеў сфатаграфавацца на іх фоне. Асабліва цікавыя здымкі атрымліваліся на фоне 4-метровых у дыяметры колаў. Калі па лесвіцы ўзбіраешся на 450-тонны самазвал, адчуванне, быццам ты на другім паверсе дома. Убачылі мы і легендарны 40-тоннік 1963 года выпуску, які здымалі ў папулярным савецкім тэлефільме «Каралева бензакалонкі». Адрэстаўраваны, пафарбаваны ў бруснічны колер, ён стаіць на пляцоўцы ля заводакіраўніцтва.

Цікава, што шматтоннікі на заводзе збіраюць, выпрабоўваюць, а для транспарціроўкі разбіраюць на буйныя вузлы, грузяць на чыгуначныя платформы. На месцы прызначэння іх нанова збіраюць спецыялісты сервісных цэнтраў.

Мы таксама наведалі цэх звышцяжкіх машын, які па плошчы нібы некалькі футбольных палёў. Тут няма канвеера, машыны збіраюцца ўручную. Прычым кожная змена працуе над сваім экзэмплярам. Цікава, што маставымі кранамі кіруюць жанчыны, як зазначыла экскурсавод, такая тут традыцыя.

На тэрыторыі прадпрыемства працуе музей сувеніраў, дзе прадстаўлены даволі шырокі асартымент фірменнай прадукцыі ад рублёвых магнітаў на халадзільнік да мадэляў БелАЗаў коштам па некалькі соцень рублёў. Побач з магазінам -- кафэ з гатовай ежай, уласнай выпечкай. Цэны вельмі памяркоўныя, кошт пірожных разы ў два таннейшы, чым у прыватных кафэ.
Было вельмі прыемна, калі экскурсавод кожнаму з нас падарыла сувенір -- маленькі жоўты БелАЗік, які ўмяшчаецца на далоні. Ён будзе нагадваць аб нашым знаёмстве з прадпрыемствам, аналагаў якому няма ў свеце.

«Магчыма ўсё, на немагчымае проста патрабуецца больш часу»

Гэты афарызм размешчаны ў інфармацыйным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень» у Смалявіцкім раёне, за 25 кіламетраў ад Мінска. Суперсучасны міжнародны экагорад будуецца дзякуючы міжурадаваму пагадненню паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Першы камень будоўлі закладзены ў 2014 годзе. Экскурсавод расказала нам пра гісторыю стварэння гэтай высокатэхналагічнай міжнароднай пляцоўкі, якая дае рэзідэнтам унікальныя ўмовы для вядзення бізнесу. Сёння тут рэалізуюць свае праекты кампаніі з 15 краін. Сваю прыгожую назву індустрыяльны парк атрымаў ад вёскі, якая знаходзіцца непадалёк. Мы праехалі па цэнтральных магістралях -- Пекінскім, Мінскім праспектах, па вуліцах, якія носяць назвы каштоўных камянёў -- Рубінавай, Сапфіравай, Бірузовай… Убачылі карпусы сучасных прадпрыемстваў, даведаліся аб далейшым развіцці горада будучыні, дзе сёння працуе больш за 2,5 тысячы чалавек. Для супрацоўнікаў тут пабудаваны першы арэндны дом, побач ёсць пошта, аптэка, медпункт. Згодна з планам тут будзе ўзведзены жылы комплекс з дзіцячым садам, паліклінікай, іншымі аб’ектамі.

Дарэчы, у выставачным цэнтры «Вялікага Каменя» праходзіць выстаўка «Белагра», якая з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць. Аўтару гэтых радкоў летам пашчасціла на ёй пабываць. Сучасная сельгастэхніка, выстаўка сельскагаспадарчых жывёл, дасягненні аграноміі, рыбнай прамысловасці, выстаўкі-дэгустацыі харчовых прадпрыемстваў -- тут можна хадзіць цэлы дзень, уражанняў як у дарослых, так і дзяцей застанецца шмат.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 1373 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.