24.11.2023 11:25

Шматаблічная Брэстчына

Брэсцкая вобласць надзвычай багатая помнікамі гісторыі і прыроды, памятнымі мясцінамі, іншымі славутасцямі. Наведаць рэгіён цікава і пазнавальна. У гэтым аўтар пераканаўся асабіста, калі адпачываў у прафсаюзным санаторыі «Буг» (Жабінкаўскі раён).

Земнаводныя ні пры чым

Назва цэнтра раёна ў многіх асацыюецца з земнаводнымі насельнікамі забалочаных тэрыторый. Аднак гэта не так. Як растлумачыў работнік мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Павел Кругляцкі, населены пункт названы ў гонар шырока распаўсюджанай расліны -- жабніка. Яе выява нават размешчана на гербе раёна.

Што да музея, знаходзіцца ён не ў горадзе, а ў вёсцы Малыя Сяхновічы. Тут жыло некалькі пакаленняў знакамітага шляхецкага роду Касцюшак-Сяхнавіцкіх. Ад тых часоў захаваўся велічны парк (помнік прыроды мясцовага значэння).
У музеі можна азнаёміцца ў тым ліку з выдатнай калекцыяй узораў майстроў ткацтва Заходняга Палесся. Адзін з экспанатаў -- дзеючы ткацкі станок. У зале этнаграфіі прадстаўлена хата канца ХIХ -- пачатку ХХ стагоддзя. Пабываўшы тут, яшчэ раз пераконваешся, наколькі разнастайная наша краіна, багатыя яе культура і традыцыі.

Каралеўскі канал

Такую назву раней меў Дняпроўска-Бугскі канал, штучная водная артэрыя, што злучыла рэкі Мухавец (басейн Віслы) і Піну (басейн Дняпра). Пабудавалі яго амаль 250 гадоў таму пры каралі Рэчы Паспалітай Аўгусце Панятоўскім (адсюль і назва). Канал некалькі разоў мадэрнізавалі, паглыблялі, узводзілі і рамантавалі шлюзы. Выкарыстоўваецца водны шлях і ў наш час.

Адзін з аб’ектаў канала, гідравузел Залуззе, размешчаны якраз ля санаторыя. Гідратэхнічнае збудаванне рэгулюе ўзровень вады ў Мухаўцы. Шлюз прызначаны для пропуску пасажырскіх і грузавых рачных суднаў. Дзякуючы перападу ўзроўню вады на базе гідравузла працуе міні-ГЭС устаноўленай магутнасцю 180 кВт/гадз.

Назіраць за караблямі -- адзін з самых прыемных заняткаў для адпачывальнікаў. А яшчэ водная артэрыя прыцягвае шматлікіх аматараў рыбнай лоўлі. Па іх словах, а таксама па ўласных назіраннях, Мухавец -- надзвычай рыбная рака. Улоў практычна гарантаваны.

Малітва ў драўляным храме

Традыцыя драўлянага дойлідства -- адна з адметных рыс Заходняга Палесся. У гэтым рэгіёне захаваліся храмы, узведзеныя не адно стагоддзе таму. Адзін з іх -- Хмелеўская Спаса-Праабражэнская царква (год пабудовы 1725). Знаходзіцца яна кіламетраў за пятнаццаць ад Жабінкі.

Святыня вельмі шануецца сярод вернікаў. У яе інтэр’еры выдзяляецца ікона «Маці Божая Чанстахоўская». З Брэста ў Хмелева рэгулярна курсіруе аўтобус. Размешчана царква на тэрыторыі мужчынскага манастыра. Да манастырскай тэрыторыі прымыкаюць могілкі. Заўважыў, што помнікі практычна на ўсіх магілах упрыгожаны каляровымі стужкамі. Гэта таксама адна з мясцовых традыцый.

У самой Жабінцы можна наведаць драўляную Пакроўскую царкву. Храм, збудаваны ў 1885 годзе ў стылі неакласіцызму, размешчаны паміж горадам і жылым пасёлкам цукровага завода. Побач прыпынак грамадскага транспарту. У інтэр’еры прыцягваюць увагу 12 мастацкіх кампазіцый з жыцця Ісуса Хрыста. Будынак занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Таямнічая «Ацечызна»

Нагадаю, што Заходняе Палессе -- прыродная зона са сваімі адметнымі асаблівасцямі. Тут самы цёплы ў Беларусі клімат, добра расце вінаград, разбіты вялікія плантацыі чарніц, іншых культур. Той жа чарот і трыснёг у імкненні да неба лёгка пераадольваюць трохметровую адзнаку. А сярод векавых дрэў адчуваеш сапраўдную веліч і моц прыроды.
Калі хочаце пераўтварыць гэтыя веды ў адчуванні і асабісты вопыт, трэба наведаць батанічны помнік мясцовага значэння «Парк Ацечызна». Запаведная тэрыторыя прымыкае да аграгарадка Ленінскі (знаходзіцца населены пункт на трасе М1). Калісьці парк быў часткай сядзібы землеўладальнікаў Бельскіх. Ад сядзібных пабудоў застаўся толькі бровар.

Дрэвы ў парку ашаламляюць сваімі памерамі. Тут да нядаўняга часу рос адзін з самых старых дубоў Беларусі. Па меркаванні вучоных, дрэву было каля 800 гадоў. Яго вышыня складала 25 метраў, абхват ствала 2,5 метра. Крона -- велізарны шацёр памерам 30х26 метраў. Мясцовыя жыхары называлі яго «Дуб Суворава». На жаль, век старажыла завяршыўся. Гігант упаў пад напорам ветру. Пры гэтым традыцыю выклікаць павагу працягваюць нашчадкі былога волата.

Збочыць з турыстычных маршрутаў

У час падарожжа па Брэсцкай вобласці абавязкова трэба наведаць такія знакавыя месцы як Брэсцкая крэпасць, Косаўскі замак, Белавежская пушча і іншыя. Пасля наведвання застануцца вельмі моцныя ўражанні. Аднак калі збочваеш з традыцыйных турыстычных маршрутаў, бачыш і разумееш нашмат больш.

Напрыклад, у Брэсце не менш за Савецкую вуліцу (галоўная турыстычная магістраль горада) мяне ўразілі іншыя вуліцы ў гістарычным цэнтры. Большасць будынкаў адносіцца да другой паловы ХIХ стагоддзя або да пачатку ХХ-га. Архітэктурны стыль -- ад мадэрну да канструктывізму. Пры гэтым рамантычная атмасфера арганічна спалучаецца з дынамічным рытмам жыцця гараджан.

А недалёка ад санаторыя «Буг» можна агледзець Беларусь у мініяцюры. Паменшаныя макеты галоўных славутасцей нашай краіны зроблены вельмі дакладна. Прадстаўлены Магілёўская ратуша, Мірскі замак, Нясвіжскі палац, іншыя славутасці. Такія цікавыя, але недастаткова «раскручаныя» аб’екты можа знайсці кожны падарожнік.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 1374 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.