09.11.2023 9:15

У чым памыліўся Максім Багдановіч?

Пра гэта можна даведацца ў час экскурсіі ў музей гісторыі слуцкіх паясоў.

Многія памятаюць радкі верша Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»: «Ад родных ніў, ад роднай хаты ў панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы». У ім гаворыцца пра дзяўчат, якія замест персідскага ўзору ткалі «цвяток радзімы васілька». Прыгожы верш, цудоўная песня з рэпертуару ансамбля «Песняры», якую на словы класіка напісаў Уладзімір Мулявін. Аднак лірычная і адначасова сумная гісторыя пра дзяўчат-ткачых -- мастацкая выдумка паэта, бо ў XVIII стагоддзі ў Слуцку паясы ткалі выключна мужчыны…

Пра гэта і многае іншае з гісторыі і сучаснасці слуцкага пояса, які з’яўляецца нацыянальнай рэліквіяй беларусаў, можна даведацца ў адзіным у свеце музеі гісторыі слуцкіх паясоў. Не так даўно яго наведалі аматары падарожжаў па Беларусі з нашага горада, сярод якіх пашчасціла быць і аўтару гэтых радкоў.

Ахоўніцы горада -- Анастасія і Софія

Перш чым па высокіх прыступках падняцца ў будынак музея, мы ў суправаджэнні экскурсавода прайшліся па гістарычным цэнтры Слуцка, першае ўпамінанне аб якім у «Повести временных лет» датуецца 1116 годам. Пабывалі на месцы, дзе невялічкая рэчка Бычок упадае ў Случ: менавіта тут і было заснавана старадаўняе паселішча, якое стала горадам. Экскурсавод паказала нам цудоўныя помнікі дзвюм знакамітым жанчынам-беларускам. Гэта праваслаўная святая княгіня Софія Слуцкая, дзякуючы заступніцтву якой Слуцк нават у эпоху Рэчы Паспалітай заставаўся аплотам праваслаўя. Не менш вядомая асоба і прабабка Софіі княгіня Анастасія Слуцкая, беларуская Жанна д’Арк, якая з мячом у руках узначаліла абарону Слуцка ад крымскіх татар і не дала ім завалодаць горадам. Помнік Анастасіі ўстаноўлены ля гарадскога ЗАГСа, на месцы якога да XIX стагоддзя стаяў замак Радзівілаў. Пры раскопках там былі знойдзены рэшткі ювелірнай майстэрні XII стагоддзя. І гэта сведчанне, што ўжо ў тыя далёкія часы случчане любілі ўпрыгожваць сябе. Не дзіўна, што адна з першых на нашых землях персіярня (шаўкаткацкая мануфактура) была заснавана менавіта ў гэтым горадзе.

За адзін пояс можна было купіць памесце

Па даручэнні нашага Прэзідэнта была зацверджана Дзяржаўная праграма па адраджэнні тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў. У 2012-2013 гадах на базе мясцовага старэйшага прадпрыемства мастацкіх промыслаў «Слуцкія паясы» была арганізавана вытворчасць копій, аналагаў, сувеніраў з іх матывамі -- закладак для кніг, мужчынскіх гальштукаў і іншых. Усё гэта мы ўбачылі ў музеі, некаторыя з нас нават купілі сувеніры. Білет для дарослых наведвальнікаў каштуе 8 рублёў, для дашкольнікаў -- 2, школьнікаў і студэнтаў -- 4 рублі. Кошт тэматычнай экскурсіі -- 22 рублі, яны праводзяцца па папярэднім запісе.

Музей знаёміць з гісторыяй стварэння ў 1776-1778 гадах Слуцкай персіярні. Яе заснаваў Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька, які запрасіў са Стамбула ткача армянскага паходжання Яна Маджарскага. Ён, а таксама яго сын Лявон, перанеслі ў Рэч Паспалітую ўсходнюю традыцыю вырабу шаўковых паясоў. На мануфактуры працавалі толькі ткачы-мужчыны, іх было каля 60. Столькі ж налічвалася і чаляднікаў. А вось прадзільшчыцамі былі жанчыны, бо толькі далікатныя жаночыя пальчыкі маглі накруціць на шаўковую нітку танюсенькую залатую ці сярэбраную. У адной з зон музея створаны куточак мануфактуры з манекенамі-ткачамі, якія шчыруюць за станком. За год на 20-25 станках тут ткалі 200 паясоў. Па меркаванні мастацтвазнаўцаў, за ўвесь час існавання мануфактуры да сярэдзіны XIX стагоддзя было выткана каля пяці тысяч паясоў, кожны з якіх сапраўдны твор мастацтва. Гэта велізарны ўклад у еўрапейскае і сусветнае мастацтва ткацтва.

Акрамя шоўку выкарыстоўваліся залатыя і сярэбраныя ніткі (ад 65 да 200 грамаў на пояс). У іх не было адвароту, усе яго бакі былі правымі. Экскурсавод цікава расказвала, з якіх частак яны складаліся (у іх была галава, сярэднік, бардзюр), як завязваліся ў залежнасці ад абставін. Ці трэба гаварыць, што гэты атрыбут мужчынскага гардэроба быў даступны толькі вышэйшым слаям грамадства, дэманстраваў заможнасць гаспадара. За адзін слуцкі пояс можна было купіць некалькі пародзістых коней альбо невялікае памесце.

У музеі рэканструяваны фрагмент палаца Радзівілаў, дзе на манекене-прататыпе Міхаіла Рыбанькі можна ўбачыць, як насілі, завязвалі слуцкі пояс. Дарэчы, у музеі прадстаўлены арыгінал і копіі слуцкіх паясоў.

Як выглядае сучасны ткацкі станок?

Калі перанесці верш Максіма Багдановіча ў сучаснасць, то цяпер бы паэт не памыліўся. Аналагі слуцкіх паясоў сёння ткуць дзяўчаты-аператары, якія абслугоўваюць высокатэхналагічны комплекс нямецкай фірмы Мageba (станок і жакардавую машыну), якой кіруюць два камп’ютары. Ён створаны па спецзаказе і не мае аналагаў у свеце. У склад гэтай разумнай машыны ўваходзіць 7 асноў, 1200 нітак, 6 чаўнакоў, што забяспечвае яе ўнікальныя магчымасці.

Цікава было назіраць, як маладая дзяўчына працуе за станком -- спакойна, без усялякай мітусні. Экскурсавод нам расказала, што на стварэнне аднаго пояса ідзе каля 60 гадзін. Для яго выкарыстоўваюцца ніткі з натуральнага шоўку, з утрыманнем золата і серабра, а таксама нітка «ізамет» і поліэстэр металік. Шырыня паясоў -- 33 сантыметры, даўжыня -- ад 2 да 4 метраў. Нават сёння, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, гэта вялікая праца і матэрыяльныя затраты. Каштуюць аналагі слуцкага пояса ад 1200 да 9100 рублёў, з іх узорамі можна пазнаёміцца на сайце музея.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Першы аналаг слуцкага пояса, якія з’яўляецца поўнай копіяй арыгінальнага гістарычнага шэдэўра, быў уручаны ў 2014 годзе Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку і захоўваецца ў Палацы Незалежнасці.

У 1939-м калекцыя слуцкіх паясоў з Нясвіжскага палаца была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю Беларусі, аднак у пачатку вайны яны зніклі.

Матывы слуцкага пояса паўтараюцца на ліхтарных слупах уздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску. Яны створаны па праекце даваеннага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі Мікалая Міхалапа.

Ёсць меркаванне, што ў свеце захавалася каля тысячы слуцкіх паясоў. І амаль усе яны знаходзяцца за межамі Беларусі ў музеях і прыватных калекцыях. Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў, а таксама іх фрагменты.

Маладзечанцы могуць ганарыцца: арыгінальны слуцкі пояс захоўваецца ў нашым горадзе ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, інтэрнэт-рэсурсы.

Прочитано 609 раз Последнее изменение 09.11.2023 9:15
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Как в детстве побывали… Шматаблічная Брэстчына »