11.01.2023 9:56

Калядныя замалёўкі з Гродна

«Зімовы фэст» у цэнтры горада, конкурс на самую прыгожую ёлку сярод арганізацый, канцэрт арганнай музыкі ў адзінай на ўсю Беларусь кірсе -- гэтым і многім іншым парадавала нас двухдзённая экскурсія «Калядны цуд на вуліцах Гродна».

Калядны абрад падарылі нам удзельнікі фальклорнага гурту «Квасоўка». Калядны абрад падарылі нам удзельнікі фальклорнага гурту «Квасоўка».

Гучаў арган у лютэранскім храме

Калядны цуд пачаўся з міні-канцэрта арганнай музыкі ў неагатычнай кірсе -- адзіным дзеючым лютэранскім храме ў Беларусі. Яго пабудавалі ў канцы XVIII -- пачатку XIX стагоддзя лютэране нямецкага паходжання, якіх запрасіў стараста Гродна Антоній Тызенгаўз для арганізацыі мануфактур і работы ў іх.

Кірху нездарма называюць «спяваючай». Тут пастаянна праходзяць канцэрты арганнай музыкі, а акустыка храма адна з лепшых у горадзе. Арган устаноўлены не на харах, як у большасці храмаў, а злева ад алтара. Мы не толькі слухалі, але і бачылі арганістку, якая віртуозна валодае васьмітонным інструментам у 2,5 тысячы труб. Прыгожа гучаў арган і ў спалучэнні з трамбонам. Атрымалі мы асалоду і ад чыстага сапрана юнай вакалісткі, якая выканала для нас бессмяротную «Авэ Марыю».

Па вячэрнім горадзе з гараджанінам і вандроўнікам

Нам надзвычай пашанцавала з гідам Міхаілам, які разам з калегамі правёў анімацыйную экскурсію. Сярэдневяковы касцюм гіда адразу настроіў на патрэбную хвалю. Міхаіл не загружаў нас нуднай гістарычнай інфармацыяй, а вёў зацікаўлены дыялог, перасыпаў свой расповед раней невядомымі нам фактамі, жартамі, якія былі вельмі да месца. Разам з ім мы прайшліся па гістарычным цэнтры Гродна і многія месцы адкрылі для сябе ўпершыню, разглядалі адбіткі пальцаў на цаглінах самага старажытнага праваслаўнага храма Беларусі -- легендарнай Барысаглебскай (Каложскай) царквы XII стагоддзя. Даведаліся, чаму адна з вуліц названа ў гонар Лермантава, які служыў камандзірам узвода ў Гродзенскім гусарскім палку.

Гід-вандроўнік з ліхтаром у руках вадзіў нас па вячэрнім Гродне.

Ля сінагогі нас сустрэў Вандроўнік (калега Міхаіла) з ліхтаром у руках. Яўрэйскі храм у гэты час быў зачынены. Вандроўнік нагадаў, што ў суботу ў яўрэяў шабат (адкуль пайшла і назва суботы). З ім мы пабывалі ля адрэстаўраваных Старога і Новага замка -- адзіных рэзідэнцый каралёў, што захаваліся ў Беларусі і дзякуючы якім Гродна называюць каралеўскім горадам. Яшчэ адно знакавае месца -- пажарная каланча, на якой кожны дзень у поўдзень іграе гарніст у старажытным уборы і тым самым абвяшчае, што ў горадзе спакойная абстаноўка. Незвычайная фрэска размешчана над будынкам пажарнай часці. На ёй -- пажарныя ў службовым адзенні розных стагоддзяў. Аднак калі прыгледзецца да іх твараў, то можна пазнаць Скарыну, Горкага, Сталіна і нават… Мону Лізу Джаконду.

Ля помніка Давыду Гарадзенскаму гід у вобразе старажытнага рыцара прапанаваў нам паўдзельнічаць у паядынку на мячах (яны мяккія, не наносяць траўмы), і жадаючыя знайшліся…

«Зімовы фэст» на Савецкай плошчы

Мы прыехалі ў Гродна за дзень да каталіцкіх Каляд, пабывалі на вячэрняй службе ў Фарным касцёле, любаваліся батлейкай, устаноўленай на вуліцы ля храма.

Незабыўным святочным акордам стаў зімовы кірмаш у цэнтры горада, што праходзіць тут з 2020 года. Акуратныя рады драўляных павільёнаў, каруселі, пах розных страў, глінтвейна (ён каштаваў 5-6 рублёў, а ля аднаго павільёна шчодры Дзед Мароз прапанаваў яго прадэгуставаць), сувеніры на любы густ, прыгожая ілюмінацыя, ёлка ў «разумным» святлодыёдным ўбранні -- усё гэта прыцягвае гараджан і турыстаў. Як паведамляла «Гродзенская праўда», агульная працягласць навагодніх гірлянд, што ўпрыгожылі сёлета Гродна, -- 30 кіламетраў. У розных месцах горада ўстаноўлена 55 дэкаратыўных святлодынамічных канструкцый.

Пешаходная вуліца Савецкая ззяла пад «зорным» небам.

Паколькі наша гасцініца «Амега» была ў цэнтры горада (за гэта асобная падзяка арганізатарам -- турагенцтву «РэгіёнТур»), мы мелі магчымасць гуляць па цэнтры колькі пажадаем. Некалькі разоў прайшліся па пешаходнай вуліцы Савецкай, якая ўся свяцілася пад «зорным» небам. Уладальнікі кавярняў, кафэ, магазінаў арыгінальна аформілі свае будынкі. Насупраць аднаго з кафэ ўстанавілі ярка-жоўты «Запарожац», з-пад капота і на даху якога «выраслі» яловыя лапкі з навагоднімі ўпрыгажэннямі. І такіх святочных аб’ектаў, фотазон было нямала. Прыемна было седзячы ў кафэ за кубкам кавы любавацца юнымі і дарослымі гродзенцамі, якія каталіся на закрытым катку ў гандлёвым цэнтры «Triniti», таксама святочна ўпрыгожаным.

Парад ёлак у парку Жылібера

Раніцай мы яшчэ раз паспелі прабегчыся па цэнтры горада, палюбавацца пры дзённым асвятленні ўнікальным будынкам драмтэтара, сфатаграфаваць панараму горада з відам на Нёман ля Старога і Новага замкаў. Зазірнулі і ў аптэку-музей, што знаходзіцца на плошчы Савецкай па суседстве з Фарным касцёлам. Гэта адна з самых першых аптэк у Беларусі, яна дзейнічае з 1709 года. Адна яе частка аддадзена пад музей, уваход у які бясплатны, толькі фатаграфаванне каштуе 1 рубель. Тут сабрана багатая экспазіцыя аптэчнага посуду, абсталявання і г.д.

Незвычайнае пано з сялянскімі прыладамі працы.

Прагуляліся мы і па знакамітаму парку імя Жана Жылібера. Гэта французскі вучоны і медык, які ў XVIII стагоддзі заснаваў у Гродне першую вышэйшую ўстанову ў нашай краіне -- медыцынскую акадэмію, а таксама адзін з лепшых у Еўропе батанічных садоў (на месцы яго і знаходзіцца парк). У навагодні перыяд там праходзіла выстаўка навагодніх ёлак, створаных прадпрыемствамі і ўстановамі Гродна. Па вечарах тут прыгожа свеціцца кола агляду, якое часта можна ўбачыць на фотаздымках у інтэрнэце. А пры выхадзе з парку праз дарогу мы напаткалі і самога Жылібера, праўда, з бронзы, які прысеў адпачыць на лаўцы…

Калядкі ў фальварку Тызенгаўза

Пабывалі мы і яшчэ ў адным цікавым месцы -- на сядзібе «Каралінскі фальварак Тызенгаўза» за сем кіламетраў ад Гродна, на беразе возера Юбілейнае. Гэта былыя ўладанні гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза, падскарбія (на сучаснай мове міністра фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага, прагрэсіўнага кіраўніка, мецэната, які вельмі шмат зрабіў для развіцця горада на Нёмане.

Выява гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза ў музеі, створаным на сядзібе «Каралінскі фальварак Тызенгаўза».

Больш за 20 гадоў таму некалькі сем’яў энтузіястаў, сапраўдных патрыётаў малой радзімы, рызыкнулі ўзяцца за аднаўленне сядзібы Тызенгаўза, разумеючы яе вялікую культурна-гістарычную каштоўнасць. Цяпер гэту справу працягваюць іх дзеці. Багатая гісторыя, паданні і легенды, адмысловыя збудаванні, адноўленыя па фотаздымках, малюнках часоў ВКЛ, музей гісторыі сядзібы -- тут многае ўражвае. Мы ўбачылі, як выглядала старажытная лядоўня, у якой цэлы год захоўваліся прыпасы ежы, пабывалі ў таямнічых падвалах, у сакрэтным пакоі, дзе прымалі рашэнні масоны, сярод якіх быў і сам Тызенгаўз. Але, бадай, найбольш нас уразіла апантанасць гаспадароў сядзібы ідэяй яе аднаўлення, якая стала справай жыцця для некалькіх пакаленняў.

Скончылася наша экскурсія на святочнай ноце -- калядным абрадам, які падарылі нам удзельнікі фальклорнага гурту «Квасоўка».
Прыемна ўсведамляць, што 2022 год мы прыгожа завяршылі змястоўнай экскурсіяй, раздзялілі калядную радасць з гасціннымі гродзенцамі. Кажуць, як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Значыць, ёсць спадзяванне, што і ў 2023-м вандроўкі прадоўжацца. І ад гэтага радасна становіцца на душы…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 779 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.