23.08.2022 14:44

Горад на сямі азёрах

Невялікі райцэнтр на захадзе Віцебскай вобласці называюць сталіцай беларускіх азёр. А яшчэ Браслаў вядомы сваёй гісторыяй і славутасцямі. Каб ацаніць горад і скласці пра яго ўласнае ўражанне, я адправіўся ў падарожжа.

Сучасны надпіс і выява герба горада сустракаюць гасцей і турыстаў. Сучасны надпіс і выява герба горада сустракаюць гасцей і турыстаў.

Беларуская Прыбалтыка

Першая думка, калі прыязджаеш у Браслаў, — што апынуўся ў Прыбалтыцы. Адпаведныя асацыяцыі ствараюць водная прастора, хваёвыя лясы па берагах азёр, чайкі і свежае паветра. Дадайце сюды шыкоўную набярэжную, выдатна абсталяваны гарадскі пляж, яхты ля прычала — атрымаецца сапраўдны марскі курорт.

Адметнасць горада — вялікая колькасць на вуліцах і ў скверах малых архітэктурных форм. Гарманічна ўпісваюцца ў пейзаж прыродныя валуны, каваныя фігуры. Мне спадабалася, што пры забудове была захавана максімальная колькасць дрэў. Сосны і елкі круглы год радуюць жыхароў і гасцей сваёй зелянінай і насычаюць паветра карыснымі фітанцыдамі.

Уражанне марскога курорта падтрымлівае і тое, што вуліцы старой часткі горада «туляцца» да вады. Над імі ўзвышаецца Замкавая гара, від з якой проста шыкоўны. На яе вяршыні ўстаноўлены лаўкі — сядзі, любуйся пейзажамі і адпачывай.

Від з Замкавай гары ўражвае.


Дзівіся і здзіўляйся!

Падарожнікаў, якія аддаюць перавагу «кароткім набегам па славутых мясцінах», папярэджваю: Браслаў не той варыянт. Тут уражанні трэба смакаваць, звяртаць увагу на кожную дэталь. А «разыначкі» ў «турыстычным пірагу» горада сустракаюцца практычна за кожным паваротам.

Адзін толькі драўляны будынак краязнаўчага музея ў форме трапецыі чаго варты! Побач з касцёлам Нараджэння Дзевы Марыі знаходзіцца незвычайнае збудаванне ў выглядзе каўчэга. Сюды на вялікія рэлігійныя святы прыходзяць сотні вернікаў. А той, хто мае запаветную мару, можа прайсціся па дарозе здзяйснення жаданняў — па брусчатцы ўздоўж берага возера Дрывяты.

Пра гісторыю Браслава расказвае навуковы супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музея Ірына Макарэвіч.

Не забывайце, што Браслаў — азёрная сталіца. Пры гэтым азёры самі па сабе з’яўляюцца славутасцямі і месцамі адпачынку. Каб наведаць Дрывяты, Навяты, Бярэжа, Святца, Балойса, Неспіш і Цно, нават не трэба выходзіць за межы горада. Дарэчы, від з Замкавай гары на возера Навяты проста зачароўвае. На ім астравы, парослыя лесам, нагадваюць сярэдневяковыя каравелы.

Збудаванне ў выглядзе каўчэга знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.


Маладзечанскія паралелі

У час падарожжаў звяртаю ўвагу на адметнасці населенага пункта і агульныя з Маладзечнам рысы. Так, гісторыю нашага горада з Браславам звязвае асоба Міхала Клеафаса Агінскага. У 1790 годзе аўтар паланэза «Развітанне з Радзімай» набыў на Браслаўшчыне маёнтак Дрысвяты. Многія жыхары тагачаснага Браслаўскага павета ўступілі ў паўстанцкі атрад Агінскага. Было гэта ў 1794 годзе. Памяць пра графа Маладзечанскага і цяпер беражліва захоўваецца ў азёрнай сталіцы Беларусі.

Яшчэ адна агульная рыса — наяўнасць збудаванняў некалькіх гістарычных эпох: у абодвух гарадах ёсць адметныя будынкі, узведзеныя да ХХ стагоддзя. У польскі час будаваліся дамы для ваеннаслужачых, адміністрацыйныя ўстановы. Прычым для Браслава характэрны «закапанскі» архітэктурны стыль. Прадстаўлена ў архітэктуры горада савецкая эпоха, ёсць і новабудоўлі.

У браслаўскіх новабудоўлях мне спадабаліся пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў. У іх афармленні выкарыстаны дэкаратыўныя сцены з прыродных камянёў.

Краязнаўчы музей адна са славутасцей Браслава.


Дарога недалёкая, але цікавая

На аўтамабілі даехаць з Маладзечна да Браслава можна гадзіны за тры. Аднак не трэба спяшацца і ціснуць на педаль газу ўсе 200 кіламетраў. Раю выбраць розныя маршруты для падарожжа туды і назад. Тады ў поле вашай увагі трапяць многія цікавыя аб’екты.

Калі едзеш праз Глыбокае і Докшыцы, можна ўбачыць старыя драўляныя храмы ў вёсцы Порплішча, ацаніць архітэктуру глыбоцкіх касцёла Святой Тройцы і праваслаўнага сабора Нараджэння Багародзіцы, палюбавацца шыкоўнымі краявідамі.

Дарога праз Відзы (у гэтым населеным пункце ўзведзены адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі) прывядзе вас да сядзібы Плятэраў у вёсцы Опса, палаца Тызенгаўзаў у Паставах, вельмі шануемай вернікамі Мядзельскай кальварыі.

Недалёка ад Браслава на мяжы з Латвіяй знаходзіцца аграгарадок Друя, вядомы знакамітым барочным Траецкім касцёлам. У гэтым населеным пункце бывалі Сапегі, Агінскія, Стэфан Баторый, мастакі Напалеон Орда і Дзмітрый Струкаў. Наведайце Друю і вы, дадайце сваё імя ў ілік асоб, якія закахаліся ў гэтыя мясціны.

ДАВЕДКА

Упершыню Браслаў упамінаецца ў 1065 годзе. Дакладна вядома, што назвай населены пункт абавязаны свайму заснавальніку полацкаму князю Брачыславу Ізяслававічу, які залажыў тут памежную крэпасць. У 1500 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права.

У 1812-м на працягу некалькіх дзён у Браславе размяшчаўся штаб французскага маршала Мішэля Нея. У 1918-м горад захапілі кайзераўскія войскі. А з лютага 1922 года тут устанавілася польская ўлада, якая існавала да 1939 года. А ўжо ў наступным, 1940-м, Браслаў стаў адміністрацыйным цэнтрам раёна. Цяпер у райцэнтры жыве каля 9 тысяч чалавек.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

 

Прочитано 1327 раз Последнее изменение 23.08.2022 14:44
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.