20.06.2022 14:34

Падвесны мост ля Заскавіч

У нашай газеце друкаваліся матэрыялы пра падвесныя масты праз раку Нарачанку ля вёсак Ручыца і Вайдзені (Вілейскі раён). Тое, што падобны аб’ект ёсць і на Маладзечаншчыне, нам паведаміла жыхарка аграгарадка Заскавічы.

Падвесны пешаходны мост праз Ушу знаходзіцца ў ваколіцах Заскавіч. Падвесны пешаходны мост праз Ушу знаходзіцца ў ваколіцах Заскавіч.

Жанчына падрабязна расказала, як праехаць да моста, і выказала задавальненне, што ён устаноўлены. Па ім зручна дабірацца да самых грыбных і ягадных месцаў у ваколіцах населенага пункта. Паколькі сезон ціхага палявання яшчэ не пачаўся, вырашыў проста паглядзець на славутасць.

Пешаходны мост убачыў, як толькі выехаў па лясной дарозе да Ушы. Адразу адзначыў прыгажосць канструкцыі, а калі перайшоў на той бераг — яшчэ і надзейнасць. Адметна, што канструкцыя ўстаноўлена вышэй за максімальны ўзровень вады ў паводку, таму сувязь паміж берагамі не перарвецца ў любым выпадку.

Уразіла і прыгажосць наваколля. Шырокую пойму акружае хваёвы лес. Калі прайсці па сцяжынцы ад моста да сутокі Ушы і Віліі, атрымаецца цудоўная экалагічная экскурсія. А краявіды так і просяцца на палатно карціны.

На маю думку, падвесны мост праз Ушу можна лічыць славутасцю раённага маштабу.

У ТЭМУ. Самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвесны мост знаходзіцца ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці. Яго даўжыня складае 193,3 метра. «Нябесная дарога» праз Ушу нашмат карацейшая. Аднак яна мае сваю адметнасць і верна служыць мясцовым жыхарам і дачнікам.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 817 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.