Старэйшая па ўзросце праваслаўная царква. Узведзена яна была яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Нават не верыцца, што ў нашым клімаце будынак настолькі добра захаваўся. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пабудавана царква без ніводнага цвіка. І яшчэ адзін цуд — богаслужэнні ў святым месцы ніколі не перарываліся.
Асабіста мяне ўразіла, што ў знешне простым па архітэктуры храме спалучаюцца некалькі розных эпох і традыцый. Званіца нагадвае пра старажытную Русь. Масіўны купал пераносіць нас у бліскучую Фларэнцыю. Дарэчы, калі прыгледзецца, можна заўважыць, што барабан купальнай вежы крыху нахілены. Чым не Пізанская вежа?
Храм з’яўляецца адным з найбольш старажытных драўляных будынкаў Беларусі. Адметна, што тут ужо некалькі стагоддзяў людзі моляцца Богу, спраўляюць рэлігійныя абрады, вучацца дабру і міласэрнасці.
Касцёл знаходзіцца праз дарогу ад царквы. Яго пабудавалі ў 1937 годзе пад кіраўніцтвам вікарыя з Параф’янава. Пасля вайны храм доўгі час быў закрыты. Адрадзіць яго дапамагалі не толькі католікі, але і праваслаўныя. У гэтым праявілася адметная рыса беларускага народа: мы жывём на адной зямлі і нам няма чаго дзяліць паміж сабой.Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Каралеўны ўзвялі мясцовыя майстры.
Калі дарога завядзе вас у вёску Порплішча, абавязкова спыніцеся тут, адпачніце, дакраніцеся да сцен храмаў, адчуйце іх цеплыню. Дрэва — жывы матэрыял. А значыць, і пабудовы з яго жывыя. У іх ёсць душа.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.