29.04.2022 10:15

Храмы вёскі Краснае

На беларускіх землях храмы заўсёды былі цэнтрамі духоўнага жыцця народа. Да іх ішлі за суцяшэннем, каб выказаць падзяку Усявышняму, прыняць удзел у таінствах. Так было і ёсць цяпер у адным з найпрыгажэйшых куточкаў Маладзечаншчыны – вёсцы Краснае. У населеным пункце размешчаны святыні трох хрысціянскіх канфесій, а вернікі (як і па ўсёй Беларусі) жывуць у міры, берагуць родны край, клапоцяцца пра яго. Нагадаем адметнасці кожнага мясцовага храма.

Важнай славутасцю і архітэктурным помнікам вёскі з’яўляецца царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Пабудавалі яе ў 1889 годзе з цэглы і бутавага каменя ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Уваходны праём арачны.

Унутранае ўбранне царквы вельмі багатае: унікальныя іконы і велічны іканастас займаюць вялікую плошчу памяшкання. Шматлікія вернікі, якія наведваюць царкву, атрымліваюць каштоўныя парады і духоўную падтрымку ў настаяцеля храма.

Касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бачны з усіх куткоў Краснага. Храм узведзены ў 1912 годзе на высокім узгорку. Да святыні вядуць трыццаць тры прыступкі (па колькасці гадоў зямнога жыцця Ісуса). Помнік архітэктуры пабудаваны ў стылі неаготыкі.



Красненскі касцёл з’яўляецца адной з нямногіх каталіцкіх святынь, якая ніколі не зачынялася. У святыні знаходзіцца адзін вялікі (галоўны) алтар і дзевяць малых. Прыцягвае ўвагу 10-галосны арган, зроблены ў XIX стагоддзі ў Вільні.

Каб убачыць царкву хрысціян веры евангельскай, трэба перайсці чыгунку і накіравацца ў напрамку вёскі Відзеўшчына. Храм мае форму зоркі. Размешчаны ён у маляўнічым месцы на ўскрайку лесу. Урачыстае асвячэнне царквы адбылося ў 1992 годзе.

Унутранае ўбранне храма стрыманае, але велічнае. Ёсць месцы для вернікаў, хору і свяшчэннаслужыцеляў. Праз шкляныя сцены ў памяшканне паступае шмат святла. У царкве выдатная акустыка.

Усе вышэйзгаданыя храмы шануюцца вернікамі, якія іх наведваюць, а таксама ўсімі мясцовымі жыхарамі. І гэта не выпадкова, бо ў храмах вучаць любові, міласэрнасці, моляцца аб міры.

Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО і Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 869 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.