09.11.2021 11:27

Падарожжа на крайні ўсход Беларусі

Цудоўныя краявіды, велічная архітэктура, слаўная гісторыя, добразычлівыя людзі… Гэта і іншае запомнілася пасля трохдзённай вандроўкі па Магілёўскай і Віцебскай абласцях.

Галоўная славутасць Клімавічаў — драўляны палац князёў Мяшчэрскіх, пабудаваны ў 1867 годзе. Галоўная славутасць Клімавічаў — драўляны палац князёў Мяшчэрскіх, пабудаваны ў 1867 годзе.

Клімавіцкія Мальдзівы

Называцца беларускімі Мальдзівамі могуць некалькі груп штучных вадаёмаў у розных раёнах нашай краіны. Я наведаў водныя аб’екты ў ваколіцах горада Клімавічы. Раней тут здабывалі мел. Да таго ж доступ сюды адкрыты.

Вадаёмы ля Клімавічаў рознакаляровыя. Яны маюць блакітнае, шэрае, зеленаватае і іншыя адценні. Некаторыя азёры ўзялі ў арэнду мясцовыя прадпрымальнікі для развядзення рыбы. Па берагах уладкавалі месцы для рыбалкі. У навакольных лясах многа грыбоў і ягад.

Клімавіцкія Мальдзівы ўражваюць.

Некаторыя падарожнікі сцвярджаюць, што тутэйшая мясцовасць нагадвае Карэлію. Гэта сапраўды так. Справа ў тым, што пры здабычы мелу пароду, якая залягала на паверхні радовішча, не вывозілі, а пакідалі на месцы распрацовак. У выніку ўтварыўся ўзгорысты ландшафт. Уражанне такое, быццам апынуўся на Кольскім паўвостраве. Хаця Мальдзівы таксама падыходзяць для параўнання.

Крычаў – марскія вароты Расійскай імперыі

Я не памыліўся. Гэты горад на крайнім усходзе Беларусі раней быў адным з найбольш важных цэнтраў караблебудавання. Таксама тут выпускаліся канаты, ветразі, каваліся якары. Рака Сож, на якой стаіць Крычаў, раней была нашмат больш паўнаводнай. Марскія караблі па ёй свабодна плылі да Дняпра, а потым да Чорнага мора.

Палац князя Пацёмкіна – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя.

Найбольш выдатная славутасць Крычава – палац князя Пацёмкіна. Цяпер тут размешчаны краязнаўчы музей. Яго супрацоўнікі расказалі, што сярод наведвальнікаў шмат расіян. І гэта не дзіўна — граніца з суседняй краінай праходзіць за некалькі кіламетраў ад горада.

Наведвальнікі знаёмяцца з інтэр’ерамі палаца Пацёмкіна ў Крычаве.

Мсціслаўскі раёнумацаваны замчышчам

Нават не думаў, што найбольш велічныя беларускія касцёлы ўбачу ў Мсціславе, адным з былых культурных, эканамічных і адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Касцёл кармелітаў узведзены ў стылі Віленскага барока. Да касцёла езуітаў прымыкае калегіум. Абодва храмы на рэстаўрацыі.

У райцэнтры захаваліся некалькі будынкаў мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Гэта надае гораду непаўторнае аблічча. У парку ўстаноўлены помнік друкару і асветніку Пятру Мсціслаўцу. Жадаючыя могуць ацаніць скульптурныя кампазіцыі на гістарычную тэматыку.

Рэканструкцыя абарончай вежы і казармы для гарнізона ў Мсціславе.

Аматарам беларускай вайсковай гісторыі трэба абавязкова наведаць замкавую гару. З XII па XVI стагоддзе замчышча ўяўляла сабой сапраўдны ўмацаваны раён. Штурмаваць горад і замак ворагам перашкаджалі некалькі ліній абароны, сістэма вадаёмаў са спецыяльнымі шлюзамі. Адным з элементаў абароны была царква з баявымі галерэямі на верхніх паверхах (адна з першых абарончых цэркваў, узведзеных у нашай краіне).

На тэрыторыі замчышча працуе філіял краязнаўчага музея. Тут знаходзяцца адзін з трох беларускіх закансерваваных археалагічных раскопаў, адзіны ў Беларусі помнік невядомаму рыцару абаронцу ВКЛ. У час раскопак у Мсціславе вучоныя знайшлі самую старажытную ў краіне берасцяную грамату.

Супрацоўнік Мсціслаўскага краязнаўчага музея паказвае старажытнае прыстасаванне для здабычы торфу.

Аршанская ратуша – сімвал самакіравання

Ратуша ў горадзе на Дняпры моцна ўражвае. Яна выдатна захавалася да нашага часу. У яе будынку размешчаны музей, праводзяцца выстаўкі, іншыя культурныя мерапрыемствы. Побач знаходзяцца адрэстаўрыраваны вадзяны млын (таксама філіял музея), гарадзішча, комплекс былога езуіцкага калегіума. Праз некалькі кварталаў можна ўбачыць будынак былога кляштара трынітарыяў.

Орша размешчана на важным стратэгічным напрамку. Гэта адбілася на гісторыі і абліччы горада. Калі ад ратушы накіравацца ў бок Дняпра і перайсці па мосце рэчку – апынешся ў знакавым месцы. Тут 14 ліпеня 1941 года дала першы залп па ворагу батарэя легендарных «кацюш».

Аршанская ратуша – адна са славутасцей горада.

У час падарожжа яшчэ раз пераканаўся, што беларусаў яднаюць агульная гісторыя, самабытная культура і традыцыі, родная мова, імкненне быць незалежнымі. Гэта дапамагае захоўваць гістарычную памяць.


Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

 

Прочитано 441 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.