02.11.2021 14:23

Што звязвае Іўе і Рыа-дэ-Жанэйра?

Пра гэта даведаліся супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча ў час нядаўняга падарожжа па гарадах і палацах Гродзеншчыны і Брэстчыны. Разам з імі пашчасціла адкрыць для сябе новыя кропкі на карце Беларусі і аўтару гэтых радкоў.

Здаецца, Хрыстос абдымае ўсё Іўе.

Хрыстос абдымае горад

Здавалася б, што можа быць агульнага ў шасцімільённага бразільскага Рыа, па якім так марыў прайсціся ў белым касцюме Астап Бэндар, і васьмітысячнага раённага цэнтра Іўе, што на Гродзеншчыне?

Разгадка ў статуі Хрыста, якую ў 2002 годзе ўзвялі ля касцёла Пятра і Паўла. Помнік сапраўды нагадвае адзін з сімвалаў Рыа-дэ-Жанэйра – 38-метровую скульптуру Хрыста-Выратавальніка. За гэта падабенства іншы раз райцэнтр называюць Іўе-дэ-Жанэйра. Праўда, Хрыстос тут значна меншы, аднак, удала размешчаны на ўзгорку, ён не менш велічны. Калі зайсці за яго спіну, здаецца, што раскінутымі рукамі ён абдымае ўсё Іўе. Знаўцы сцвярджаюць, што гэта статуя толькі аддалена нагадвае бразільскую, а на самай справе з’яўляецца копіяй Крышту Рэй (Хрыстоса-Цара), што ўстаноўлены ў партугальскім горадзе Алмада непадалёк ад Лісабона.

Месца вартае таго, каб спыніцца, зрабіць здымкі і зайсці ў касцёл Пятра і Паўла, пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Гэта самы высокі культавы храм у Іўі.

Населены пункт вядомы з 1444 года, аднак статус горада атрымаў толькі ў 2000-м. Іўе параўноўваюць з самім Іерусалімам. Так склалася гістарычна і геаграфічна, што на працягу многіх стагоддзяў тут мірна ўжываюцца прадстаўнікі чатырох канфесій: праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай. У цэнтры горада ў 2012 годзе ўзвялі помнік «У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны» — чатыры высокія стэлы з аркамі, павернутыя да святыні адпаведнай канфесіі.

Пабывалі мы ў мясцовай праваслаўнай царкве. А вось у мячэць зайсці не ўдалося — у суботу яна была зачынена. Вернікі збіраюцца тут па пятніцах. У мячэці двое дзвярэй – для жанчын і мужчын асобныя ўваходы. Дарэчы, Іўеўская мячэць адзіная ў Беларусі, якая працавала і ў савецкі час. Цяпер, калі верыць інтэрнэту, у Іўі жыве каля 600 татараў. Здаўна татарская слабада называлася тут Мураўшчынай. Ля дамоў уражальных памераў самаробныя цяпліцы, доўгія, нібы фермы. З савецкіх часоў Іўе славіцца ўраджаямі агуркоў і памідораў. У канцы лета тут праводзіцца свята «Іўеўскі памідор», на якім вызначаюць самы вялікі плод, ладзяць бітву таматамі і конкурс на іх хуткаснае паяданне.

Іўеўская мячэць працавала і ў савецкі час.

Беларускі Іван Сусанін з Дзятлава

У раённым цэнтры Дзятлава ўстаноўлены помнік Іосіфу Філідовічу, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Ён жыў на хутары з нявесткай і ўнукам, добра ведаў лясы, дапамагаў партызанам. Аднойчы на хутар наляцелі фашысты, сталі патрабаваць у Іосіфа, каб паказаў ім месцазнаходжанне лясных мсціўцаў. Калі яны пачалі накідваць на шыю 12-гадовага ўнука пятлю, Іосіф згадзіўся. Ён завёў іх у непраходнае балота. Калі ворагі зразумелі гэта, яго расстралялі. Аднак самі так і не выбраліся з багны.

У Дзятлаве мы спыніліся ля палаца Радзівілаў – помніка архітэктуры XVIII стагоддзя, што знаходзіцца непадалёк ад раённай бальніцы. 70 гадоў у гэтым дыхтоўным двухпавярховым цагляным будынку размяшчалася стаматалогія. Цяпер ён пустуе, выстаўлены на продаж.

Пабывалі і ў мясцовай Спаса-Праабражэнскай царкве, па суседстве з якой узведзены новы сабор. Добразычлівая прыхаджанка царквы расказала нам некалькі цікавых гістарычных фактаў. У старой драўлянай царкве ў 1708 годзе маліўся рускі цар Пётр І, які правёў у Дзятлаве два тыдні. А ў час апошняй вайны, у акупацыі, ля алтара па благаславенні настаяцеля айца Іаана Комара аперыравалі партызанскага камандзір Валянціна Біцько. Ён выжыў, потым займаў адказныя партыйныя пасады і ўсё жыццё быў удзячны айцу Іаану. А калі той памёр, не пабаяўся прыйсці развітацца з ім у царкву.

Прыхаджанка Дзятлаўскай царквы расказала аб яе гісторыі.

Даведаліся мы і аб тым, што ў 1998 годзе ў храме некалькі дзён міраточыў і выдзяляў прыемны пах крыж-Галгофа.

Італьянскія львы з сядзібы Альберцін

Толькі дзеля гэтых двух ільвоў варта было заехаць на сядзібу Альберцін, што за чатыры кіламетры ад Слоніма. Яны ахоўваюць уваход у былы палац Пуслоўскіх. Як і «антычныя» вазы, размешчаныя побач, іх стварыў вядомы італьянскі скульптар Антоніа Канова, творы якога захоўваюцца ў Луўры і Эрмітажы. Ільвам хаця і патрабуецца рэстаўрацыя, аднак яны на дзіва нядрэнна захаваліся. Дзякуй Богу, іх не расфарбавалі, як скульптуру спартсмена, што была ўстаноўлена пры савецкім часе ля аднаго з былых палацаў Альберціна.

Як не сфатаграфавацца з італьянскім ільвом у сядзібна-паркавым комплексе Альберціне?

Сядзібна-паркавы ансамбль — помнік архітэктуры пачатку XIX стагоддзя, былыя ўладанні прадвадзіцеля шляхты Слонімскага ўезда Войцаха Пуслоўскага. Два палацы (у адным з іх цяпер Цэнтр культуры і адпачынку, у другім – спартыўны клуб), канюшня з чырвонай цэглы з вітражамі ў вокнах, старадаўні парк, возера – прыемна было прагуляцца па Альберціне пагодлівым кастрычніцкім днём.

Спартсмену пашанцавала менш, чым ільвам: яго расфарбавалі.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.