22.09.2021 8:31

Падарожжа на лінію Кайзера і ў часы Гедыміна

Ваенны віхор неаднойчы праносіўся па нашай зямлі. І штораз ён пакідаў пасля сябе разбурэнні, пакуты, смерць. Так было і ў Першую сусветную. Тады шмат месяцаў Маладзечна было прыфрантавым горадам. Прапаную акунуцца ў гісторыю і перасекчы былую лінію супрацьстаяння рускіх і германскіх войскаў, а таксама паглядзець, як захоўваецца памяць пра сярэдневяковую ваенную гісторыю краіны.

Частка сцяны і вежа Крэўскага замка пасля рэстаўрацыі. Частка сцяны і вежа Крэўскага замка пасля рэстаўрацыі.

Чыгуначны вакзал у Маладзечне бамбілі

Як сказана ў кнізе «Памяць», з набліжэннем немцаў да нашага горада ў будынку настаўніцкай семінарыі быў раскватараваны штаб 10-й арміі Заходняга фронту Рускай імператарскай арміі. Каб разбурыць транспартныя камунікацыі і перапыніць лініі забеспячэння рускіх войскаў, кайзераўская авіяцыя бамбіла чыгуначны вакзал. Восенню 1915-га немцы на кароткі час акупіравалі Маладзечна. Потым іх адкінулі да лініі Смаргонь – Крэва, дзе фронт стабілізаваўся.

Пакінем Маладзечна і накіруемся ў бок былой лініі фронту. Ля Турэц-Баяр побач з дарогай некалькі гадоў таму быў устаноўлены памятны крыж, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны. Да гэтага населенага пункта падвозілі з фронту параненых і атручаных у выніку газавых атак салдат. Тут іх размяшчалі ў санітарныя паязды. Многія воіны паміралі.

Апошняя станцыя перад фронтам – Залессе

Перасякаем мяжу Маладзечанскага і Смаргонскага раёнаў, мінаем Залессе. Мясцовая чыгуначная станцыя была апошняй перад фронтам, куды цягнікі падвозілі ваенныя грузы. Далей зброя, боепрыпасы і амуніцыя перавозіліся на перадавую на машынах або падводах.

Рухаемся далей. Ля вёскі Белая побач з дарогай устаноўлены помнік ахвярам Першай і Другой сусветных войнаў. Яшчэ адзін тэматычны помнік знаходзіцца за вёскай.

Лінія фронту імперыялістычнай вайны праходзіла прыкладна па далінах рэк Белая і Краўлянка. Цяпер па былой перадавой можна камфортна праехаць на аўтамабілі – тут пракладзена шаша. Мінаем вёску Наваспаск. На ўзгорку ў ёй знаходзіцца царква. Храм моцна пашкодзіла кайзераўская артылерыя.

Наступны прыпынак робім у Крэве. Лінія фронту дзяліла населены пункт папалам. На ўзвышшы за мясцовым касцёлам і на тэрыторыі крэпасці немцы размясцілі бетонныя ўмацаванні. Іх рэшткі захаваліся да нашага часу.

Узводзілі ўмацаванні па начах

Наша мэта – вёска Чухны, што за два кіламетры ад Крэва. Для аматараў ваеннай гісторыі тут сапраўдная Мекка. У час Першай сусветнай вёска была на нямецкім баку. У яе ваколіцах захавалася інфраструктура забеспячэння падраздзяленняў кайзераўскай арміі. Мясцовыя старажылы гатовы падзяліцца інфармацыяй. Яны і пакажуць, куды трэба накіравацца.

Вёску Чухны часта наведваюць турысты.

Бясплатны музей пад адкрытым небам раскінуўся ў ваколіцах населенага пункта. На полі і ў лесе сустракаюцца акопы і бліндажы. Бетонныя ўмацаванні ўзведзены якасна, з нямецкай педантычнасцю.

Як расказаў адзін вясковец (па ўспамінах яго дзеда), будаваліся ўмацаванні па начах ва ўмовах шумавой маскіроўкі. Бетон замешвалі за некалькі кіламетраў ад фронту, перавозілі да пазіцый на падводах. Апошнія сотні метраў будматэрыял пераносілі ўручную. Аб’ём работ быў каласальны. Пры гэтым умацаваныя агнявыя кропкі, склады, казармы ўзводзіліся вельмі хутка. «Індустрыя вайны» не церпiць прамаруджання. На адным з умацаванняў захаваліся надпісы па-нямецку.

Увага! Майце на ўвазе, што бетонныя ўмацаванні не прыстасаваныя для наведвання турыстамі. Каб не атрымаць траўму, раю абмежавацца фатаграфаваннем аб’ектаў з бяспечнай адлегласці.

Замак і яго дакладная копія

А яшчэ ў Чухнах узводзіцца дакладная копія Крэўскага замка. Будуе «ўмацаванне» на прыватным падворку мясцовы жыхар Сяргей Бандарэнка. Пры гэтым версія замка ў дзесяць разоў меншая за арыгінал.

Сяргей Бандарэнка сцвярджае, што копія Крэўскага замка зараджана станоўчай энергетыкай.

Сам жа Крэўскі замак цяпер рэстаўрыруецца. З кожным годам ён прыцягвае ўсё больш турыстаў.

Замак у Крэве перажыў некалькі аблог, пры гэтым не быў узяты. Сваю ролю адыгралі абаронцы роднай зямлі, удалае размяшчэнне ў балоцістай пойме рэк, вайсковая тактыка і будаўнічая тэхналогія. Так, мураваныя сцены і вежы замка звонку былі абліцаваныя цэглай. Цэгла гасіла энергію ядраў і не давала сценам разбурацца. Такім чынам, яшчэ ў сярэднія вякі нашы продкі прымянялі пры абароне кампазітныя матэрыялы.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 1021 раз Последнее изменение 22.09.2021 8:31
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.