22.07.2021 15:57

Ашмянскі калейдаскоп

Мы працягваем знаёміць чытачоў з найбольш цікавымі славутасцямі роднага краю. Пры гэтым стараемся выбіраць такія аб’екты, пра якія ў інтэрнэце і турыстычных даведніках параўнальна мала інфармацыі. Сёння прапануем наведаць Ашмяны і ваколіцы гэтага горада.

«Падняўся» на дражджах

Спачатку адправімся ў вёску Будзёнаўка, што за некалькі кіламетраў ад Ашмян. Раней гэты населены пункт называўся Святы Дух. Знакаміты ён старажытнай сядзібай роду Стругачоў. Пабудаваў яе больш за сто гадоў таму адзін з найбольш багатых купцоў Заходніх губерняў Расійскай імперыі і самых багатых яўрэяў Беларусі Лейба Стругач. Прадпрымальнік выпускаў дрожджы і спірт, на гэтым і зарабіў капітал.

Свіран ля былой сядзібы Лейбы Стругача добра захаваўся.

Наведаць сядзібу варта таму, што яна мае незвычайную архітэктуру. Будынак узведзены ў стылі мадэрн, мае тры фасады! Атачае яго старажытны парк. У двары ля дома ўстаноўлена металічная канструкцыя ў форме вазы (ці бака для брагі). Нават мясцовыя жыхары не ведаюць, што гэта такое і для чаго прызначалася. Побач захаваліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку свіран.

Вядзе да сядзібы брукаваная вуліца, якая выходзіць на штучнае возера. Такім чынам турыст можа наглядна ўявіць, як стагоддзе таму жылі найбагацейшыя людзі нашага краю, а таксама атрымаць асалоду ад прыроды. Сядзіба, на жаль, хутка разбураецца. Таму калі хочаце ўбачыць унікальны будынак, трэба паспяшацца.

Усходні стыль

У цэнтры Ашмян знаходзіцца сінагога — помнік яўрэйскай спадчыны. Каб убачыць яе, трэба ад аўтастанцыі перайсці вуліцу Савецкую, знайсці краязнаўчы музей і абысці яго. Будынак, які вы ўбачыце, больш нагадвае ўсходнеазіяцкую пагаду. Той жа каскадны дах (толькі прамы, а не выгнуты), тыя ж арачныя вокны. Над уваходам размешчана круглае акно-ружа.

Будынак быў узведзены ў канцы XIX стагоддзя. Як сцвярджае адзін з даведнікаў, сінагога ўяўляе сабой «узор рэдкага спалучэння мясцовай архітэктурнай традыцыі з захаваннем нацыянальнага яўрэйскага каларыту і духу ўсходу». Помнік архітэктуры ахоўваецца дзяржавай.

У гады Вялікай Айчыннай сінагога стала цэнтрам Ашмянскага гета. На яе сценах захаваліся сляды ад куль. Вайна пакінула глыбокі след па ўсёй Беларусі.

Былая электрастанцыя і касцёл францысканцаў

Ёсць у Ашмянах і помнік прамысловай архітэктуры. Узвялі яго ў 1927 годзе на месцы драўлянага вадзянога млына. Тады на рэчцы Ашмянцы была пабудавана гідраэлектрастанцыя невялікай магутнасці. Праз шлюзы пракладзены мост, з якога адкрываецца прыгожы від на возера і цэнтр горада.

А вось касцёлу францысканцаў не пашчасціла захавацца да нашага часу. Храм пацярпеў у час вайны 1812 года. А закрылі яго пасля паўстання 1864 года. Але і цяпер турысты могуць убачыць руіны магутных сцен. Знаходзіцца аб’ект на вуліцы Барунскай.

Месца ля руін касцёла мясцовыя жыхары назвалі «Ашмянскай галгофай». Сюды на Вербную нядзелю з цэнтра горада ад касцёла Міхаіла Архангела вернікі прыносяць драўляны крыж. Гэты крыжовы шлях стаў традыцыйным. На вяршыні ўзгорка ўстаноўлена больш за два дзясяткі крыжоў.

На «Ашмянскую галгофу» варта заехаць, каб памаліцца, падумаць пра вечнае, адпачыць душой. Да таго ж адсюль адкрываецца самы лепшы від на горад і яго ваколіцы.

У ТЭМУ

Першае ўпамінанне пра Ашмяны датуецца 1341 годам як пра ўладанні князя Гедыміна. Да сярэдзіны ХV стагоддзя населены пункт быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Магдэбургскае права горад атрымаў у 1683 годзе. Цяпер у раённым цэнтры Гродзенскай вобласці жыве каля 17 тысяч чалавек.

Самастойнаму турысту лепш за ўсё ехаць у Ашмяны на аўтамабілі. Адлегласць каля 75 кіламетраў. Месцаў для паркоўкі ў горадзе хапае. Да таго ж па дарозе можна наведаць іншыя славутасці. Калі машыны няма, раю ехаць электрычкай да Смаргоні, а там перасесці на аўтобус. Вышэйзгаданы маршрут выхаднога дня абавязкова спадабаецца аматарам гісторыі роднага краю.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: АЎТАР і інтэрнэт-рэсурсы.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/puteshestviya/item/10459-ashmyanski-kalejdaskop.html#sigProIddba126af74
Прочитано 261 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.