
Напярэдадні Нараджэння Хрыстова і Новага года ўсе чакаюць цуду, незвычайных прыгод, радасных эмоцый. Арганізаваць усё гэта можа кожны чалавек. А самы просты спосаб зрабіць гэта – адправіцца ў падарожжа. Калі суправаджаць у вандраваннях будуць сваякі і блізкія – радасць павялічыцца ў разы. Прапануем некалькі ідэй для сямейнага ваяжу па цікавых мясцінах нашага краю. Тым больш што на Маладзечаншчыне кожны можа знайсці тое, што жадае.
Выйгрышны ракурс
Вас вабяць прыгожыя краявіды і казачныя пейзажы? Прыязджайце ў Бортнікі або на галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы! Тут на адной тэрыторыі ўсе прыродныя стыхіі дэманструюць усе свае найлепшыя адметнасці. Пакрытыя лесам узгоркі нагадваюць горы. Незалежна ад таго, ёсць снег ці не, заўсёды можна зрабіць выйгрышныя здымкі.
Што тычыцца канала, побач з ім працякае рэчка Вязынка. Яна – аснова аднайменнага прыроднага заказніка мясцовага значэння. Уздоўж гэтых «шляхоў для вады» пракладзены турыстычныя маршруты. Таму ёсць вялікая верагоднасць сустрэць на сцяжынцы іншых падарожнікаў.
Паралельны сусвет
Аматарам містыкі раю наведаць вёску Талуі. Тут знаходзіцца 25-метровы волат – магутны вяз. Вучоныя ўстанавілі ўзрост дрэва – яму каля 230 гадоў. Гэта сведка яшчэ Напалеонаўскіх часоў. Калі заклікаць на дапамогу фантазію, можна ў думках перанесціся ў далёкае мінулае, літаральна дакрануцца да гісторыі.
Яшчэ адна містычная кропка на карце раёна – Дзявочая гара ля вёскі Дубрава. Гарызонт падзей гэтага месца дасягае ўжо тысячы гадоў. Непарыўны ланцужок пакаленняў звязвае нас з тым часам, калі людзі пакланяліся язычніцкім багам. Сама зямля насычана духам гісторыі.

Музыка архітэктуры
Архітэктуру справядліва называюць застылай музыкай. Гэта цалкам справядліва. Мова гэтых відаў мастацтва можа перадаць і настрой эпохі, і веліч чалавечага генія. На Маладзечаншчыне ёсць цэлы россып «фуг» і «гам», увекавечаных у цэгле, камяні або дрэве.
Мэтай архітэктурных маршрутаў могуць стаць касцёлы ў Дубраве, Беніцы (цяпер не дзейнічаюць), Хоўхлаве, Свята-Пакроўская царква ў Маладзечне, праваслаўныя храмы ў Аляхновічах, Маркаве і гэтак далей.
Падарожнікі – аматары прыгожага – убачаць розныя архітэктурныя стылі, элементы, арнаменты. За кожным помнікам свая гісторыя, з кожным звязаны пэўныя традыцыі. Каб даведацца пра іх, нават экскурсавод не патрэбны. Лепшая крыніца інфармацыі – мясцовыя жыхары.

Да Купалы і Багдановіча
Не будуць «галадаць» і тыя, хто цікавіцца культурнай спадчынай. Для іх у раёне «накрыты» багаты стол. Напярэдадні Нараджэння Хрыстова і Новага года адчуць новыя эмоцыі і паглядзець у будучыню вачыма айчынных класікаў можна ў Вязынцы, Ракуцёўшчыне, Яхімоўшчыне, іншых месцах.
У гэтым выпадку падарожнікаў чакаюць прыемныя бонусы ў выглядзе наладжанай інфраструктуры, добрых шляхоў зносін, вялікай колькасці інфармацыі, неперадавальных уражанняў, а яшчэ далучанасці да сваёй роднай зямлі, нашай малой радзімы.
На мой погляд, культурнае падарожжа абавязкова павінна праходзіць у сямейным фармаце. Адна справа – калі пра любоў да роднага краю дзецям кажуць настаўнікі, выхавальнікі або экскурсаводы. І зусім іншая – бачыць перад сабой прыклад бацькоў. У гэтым выпадку ўзбагачаюцца ўсе пакаленні.
Квэст па родным краі
Модная цяпер «фішка» – спалучаць падарожжа і разгадку пэўных рэбусаў на мясцовасці. У гэтым выпадку дадатковая інфармацыя галаву не зломіць, а час, праведзены на свежым паветры, толькі дадасць здароўя і бадзёрасці.
Такім чынам, хто хоча палічыць, колькі ў Радашковічах мастоў праз рэчку Вязынку і канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы? Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што не менш, чым у Венецыі.
Хочаце зафіксаваць вадаспады на тэрыторыі Маладзечанскага раёна? Яны ў нас ёсць! Праўда, штучныя. І сустракаюцца там, дзе дробныя вадасцёкі перагароджаны дамбамі. Едзьце, напрыклад, у Гарадок або Пятроўшчыну. Там калісьці працавалі вадзяныя млыны.
Дарэчы, рэшткі ветрака захаваліся ля вёскі Салтаны. Гэта адзін з самых аўтэнтычных у Беларусі. Пабудова сапраўды ўражвае…
Добры варыянт – «павітацца» з Вестуном на плошчы Старое Места і перадаць ад яго прывітанне Пасажырцы ля чыгуначнага вакзала. І персанажам будзе прыемна, і добрыя сэлфі ў выніку атрымаюцца.
Святочная юшка
Адметная асаблівасць любога свята – багаты стол з мноствам смачных страў. Адной з іх можа стаць наварыстая юшка, прыгатаваная з вылаўленай сваімі рукамі рыбы. Месцаў, дзе можна выпрабаваць рыбацкае шчасце, у нашым раёне хапае.
Асабістай папулярнасцю сярод землякоў карыстаюцца Палачанскія разлівы, вадаёмы ля вёсак Ізабеліна, Краснае, Трапалава, Мароські, Васькаўскае вадасховішча і іншыя. Умелы майстар заўсёды зможа «падчапіць на кручок» здабычу.
Толькі трэба ведаць і выконваць правілы знаходжання на водных аб’ектах. Таксама неабходна выкарыстоўваць законныя прылады для рыбнай лоўлі. Інакш «зловяць» вас саміх. А такія навагоднія прыгоды нікому не патрэбныя.
Усё разам…
І, нарэшце, падыходзім да «вішанькі на торце». Да Нараджэння Хрыстова і Новага года ўстановы культуры раёна падрыхтавалі шыкоўную святочную праграму. Яна нікога не пакіне абыякавым. Важна, што эпіцэнтры падзей знаходзяцца побач з гледачамі. Гэта Маладзечна, Радашковічы, Чысць, усе населеныя пункты з сельскімі дамамі культуры.
Жадаючыя нават могуць арганізаваць падарожжа па святах. Паглядзець канцэрт ці прадстаўленне на адной пляцоўцы, а потым перамясціцца на іншую. Як кажуць у такіх выпадках, свята заўсёды будзе з табой. Маладзечна нездарма лічыцца культурнай сталіцай цэнтральнага рэгіёна. Гэта стымул для ўсіх нас адпачываць культурна, цікава і змястоўна.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО